«Сутнасць канкурэнцыі – прымальная цана і якасны сервіс»

Так лічыць дырэктар філіяла «Аўтабаза» Івацэвіцкага райста Уладзімір Жыгар, якому ўсё жыццё дастаюцца самыя складаныя ўчасткі работы.
Сёння філіял «Аўтабаза» Івацэвіцкага райста – гэта шматпрофільнае прадпрыемства, якое выпускае прадукцыю ўласнай вытворчасці і аказвае вельмі шырокі спектр паслуг. Прасцей кажучы, пад «крылом» аўтабазы працуюць і былы рамонтны камбінат, і былая будаўнічая арганізацыя «Івацэвічы каапбуд». Тут усё ў руху, пастаянна ўкараняецца штосьці новае, запатрабаванае і сучаснае. Менавіта дзякуючы гэтай якасці – не стаяць на месцы, а пастаянна развівацца, філіял «Аўтабаза» – у ліку лідараў сярод падобных філіялаў Белкаапсаюза ў вобласці і краіне.

У ліку відаў прадукцыі, якія выпускае філіял – вокны і дзверы з ПВХ-профілю любой складанасці, дзверы металічныя ўваходныя з даводчыкам, казыркі з металапрофілю і полікарбанату, альтанкі – па форме і памерах заказчыка, камплекты для выязнога гандлю складныя, лаўкі садовыя, вулічныя – па памерах і форме заказчыка, развалы для гародніны і садавіны, рэкламныя штандары, шыльды і таблічкі – па памерах і змесце заказчыка, кантэйнеры для смецця, урны для смецця, таварны бетон, вулічны туалет – па форме і памерах заказчыка…
У ліку відаў паслуг – устаноўка вокан і дзвярэй з ПВХ-профілю любой складанасці, аклейка шкла вокан і дзвярэй з ПВХ-профілю ударатрывалай або архітэктурнай плёнкай, устаноўка дзвярэй металічных, казыркоў з металапрофілю, шынамантаж легкавых і грузавых аўтамабіляў, рэгуліроўка вуглоў колаў (развал-сыходжанне), рамонт фургонаў, платная стаянка аўтамабіляў, мыйка аўтамабіляў, перавозка грузаў да 20 тон, распілоўка драўніны, рамонт складанай бытавой тэхнікі, гарантыйнае абслугоўванне прадукцыі закрытага акцыянернага таварыства «Атлант», электрафізічныя вымярэнні, дастаўка таварнага бетону, паслугі пагрузчыка, а таксама электрамантажныя работы: мантаж, тэхнічнае абслугоўванне ахоўна-пажарнай сігналізацыі, мантаж, тэхнічнае абслугоўванне сістэм кандыцыянавання паветра, сплітсістэм, абсталявання з вынасным агрэгатам, мантаж, тэхнічнае абслугоўванне сістэм відэаназірання, мантаж, рамонт электразабеспячэння, асвятлення. І ўсё – з гарантыяй якасці.

– Сёння складана канкурыраваць, але мы не адчуваем «галадання» ў кліентах, – расказвае дырэктар філіяла «Аўтабаза» Аляксандр Жыгар. – У нас канкурэнтная цана, і да нас звяртаюцца не толькі бюджэтныя арганізацыі, а і прыватныя. Сутнасць канкурэнцыі – прымальная цана і якасны сервіс. Мы стараемся гэтым умовам адпавядаць.
Гэта, вядома, даецца няпроста. Бо каб мець рэзультат, трэба пастаянна нешта прадпрымаць, адно аптымізаваць, другое – наадварот, пашыраць. Да прыкладу, на ўчастку былога рамонтнага камбіната працуе напалову менш людзей, а нагрузка на кожнага работніка – у разы большая. На ўчастку аказваюцца складаныя віды паслуг: і відэаназіранне, і сігналізацыя, і электрычнасць, і кандыцыянеры, і халадзільнікі…
– Уявіце – на ўвесь раён, для дзяржаўных і прыватных арганізацый, а таксама аб’ектаў сістэмы райста. А кожны від паслуг – гэта свая тэхналогія, свае складанасці, – акцэнтуе ўвагу дырэктар.
Тым не менш, асноўны від дзейнасці «Аўтабазы» райста – перавозкі. Філіял займаецца перавозкай тавараў па ўсім раёне.
– І не толькі па раёне возім хлеб, а і ў іншыя раёны вобласці: Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі… І не толькі хлеб, а і целяханскія селядцы таксама. А акрамя прадуктаў і грузы да 20 тон, іншую прадукцыю ўласнай вытворчасці, – кажа Уладзімір Аляксандравіч. – За мінулы месяц прадалі каля 300 тон бетону ўласнай вытворчасці.

У аўтамабільным парку філіяла налічваецца 70 адзінак тэхнікі. Абнаўленне вядзецца, улічваючы няпростыя часы, не так хутка, як хацелася б, але штогод штосьці з тэхнікі набываецца. Каб знізіць затраты, тут фургоны для аўтамагазінаў навучыліся самі рабіць яшчэ гадоў дзесяць назад. Іх тут і рамантуюць. А яшчэ наладжана вытворчасць спадарожных тавараў: дзверы металічныя, казыркі, альтанкі, лаўкі…
– Фургоны, памятаецца, рабілі добрыя майстры… – заўважаю.
– Яны і сёння ёсць, – адказвае дырэктар. – Гэтую прадукцыю робім не толькі для сябе, а і адпраўляем на Бярозу, Кобрын, Іванава, Драгічын… Працуем па вобласці і ў Брэсце на рынку. Не так даўно за магазінам «Будаўнік», які месціцца па вул. Леніна, адкрылі шынамантаж. І сёння ў ліку кліентаў амаль усе бюджэтныя арганізацыі райцэнтра, а таксама прыватнікі ацанілі прымальнасць цаны і якасці паслугі.
Шырокім спектрам паслуг, па сутнасці, прымусілі займацца складаныя часы. Каб заставацца на плаву і працаваць не ў мінус, на месцы сядзець нельга. Але, як заўважыў кіраўнік, сёння вельмі жорсткія патрабаванні. Ідэі ёсць, а для іх ажыццяўлення трэба сёння падрыхтаваць высокі стос дакументаў, трэба разбірацца ў шырокім кірунку сучасных патрабаванняў, каб усё адпавядала заканадаўчай базе.
– Гэта раней можна было мяшаць бетон і прадаваць, а сёння трэба цэлы пакет дакументаў для яго сертыфікацыі. І атрымліваецца, ты яшчэ не зарабіў, а павінен ужо плаціць за выраб дакументаў, – заўважыў кіраўнік.

У філіяле працуе сёння каля 110 чалавек. У адміністрацыі – крыху больш дзясятка. І на іх плячах вялікі аб’ём работы і такая ж вялікая адказнасць. Работнікі філіяла – спецыялісты высокага ўзроўню, а галоўны інжынер – дзяўчына. І, казаў дырэктар, цяпер у інжынернай рабоце шмат клопату з дакументамі, трэба ўмець працаваць з рознымі камп’ютарнымі праграмамі, а Алена Сакута добра арыентуецца ў гэтым моры папяровай работы, спраўляецца не горш за мужчын.
– Складаней стала, як далучылі будаўнічую арганізацыю? – цікаўлюся.
– Вядома. Арганізацыю перадалі з людзьмі і даўгамі. Летась піламатэрыял пастаўлялі на экспарт, а сёння будаўнічая брыгада працуе ў Целяханах на рэканструкцыі прадмага. Застаюцца толькі сцены, а ўсё астатняе перарабляецца. Там будзе зала з выкладкай тавараў у халадзільным памяшканні. Сёння ў сістэме райста наладзіўся паступовы пераход ад халадзільнікаў, ад халадзільных вітрын і рэгалаў да халадзільных пакояў, як, да прыкладу, у магазіне «дары прыроды» на рынку на прывакзальнай плошчы, у «Мегаопце» на аптовай базе. Такі ж халадзільны пакой усталёўваецца ў магазіне № 10 і «паўночны», а потым такі ж будзе абсталяваны ў магазіне № 6. Займаемся мы вытворчасцю вокан. Летась у інтэрнаце ліцэя Івацэвіцкага раёна, у СШ № 4 г. Івацэвічы вокны мянялі, і ўстанаўліваем уласна зробленыя вокны і дзверы з ПВХ-профілю ва ўсіх гандлёвых аб’ектах сістэмы райста. Ды і наш філіял – такая махіна па тэрыторыі. Будаўнікам трэба то там падфарбаваць, то там падладзіць, то на іншы аб’ект выехаць… У цэлым няблага атрымліваецца. Лепш, як кажуць, не магу, а дрэнна не ўмею.
– Якая праблема самая адчувальная?
– У нас адно з найлепшых райста ў вобласці і рэспубліцы, аўтабаза таксама. Але пытанне кадраў стаіць востра. На ўсіх узроўнях. Моладзь у большасці сёння якая? Дзень да вечара адбыў і лічыць, што ён здзейсніў подзвіг. Ён жа на рабоце быў. А што зрабіў? Такога пытання сабе не задае. Вадзіцеляў не хапае. А ў нас гэта складаная работа. Рабочы дзень вадзіцеля на хлебнай машыне пачынаецца ў 5 раніцы штодзень, ён сам грузіць і выгружае хлеб… Нам кажуць, што трэба з Еўраоптам спаборнічаць, але яны, як кажуць, на мэрсэдэсе, а мы на ГАЗ-53… Жартую, але пытанні ёсць. Мы стараемся тыя задачы, якія ставяцца, выконваць са знакам якасці, а не абы як. У параўнанні з іншымі раёнамі ў нас лепшая сітуацыя.
Значны аб’ём работы выконвае філіял «Аўтабаза» Івацэвіцкага райста па дамове з таварыствам «Атлант» на гарантыйнае абслугоўванне іх прадукцыі. Пральныя машыны, электрачайнікі і халадзільнікі, калі трэба адрамантаваць па гарантыі і не толькі, прывозяць на ўчастак рамонтнага камбіната. А нядаўна тут адкрылі і магазін дэталяў і запчастак «Атланта», і кліентам выгадна, бо ўсё неабходнае для рамонту можна тут набыць, і для філіяла – кавалак работы.
Валянціна БОБРЫК. Фота Таццяны ДЫЛЮК.