Close
Актуально Новости Общество

Сваё сэрца вёсцы аддала ўраджэнка і жыхарка в. Рудня Галіна Міхалевіч

Сваё сэрца вёсцы аддала ўраджэнка і жыхарка в. Рудня Галіна Міхалевіч
  • Опубликовано:27 марта, 2026

Адразу зачаравалі карціны Галіны Міхалевіч, якія яна акуратна, з вялікім густам і ўкладваючы ўсю душу, вышывае крыжыкам. Потым захапіла, зачаравала сама Галіна Іванаўна, найбольш сваёй шчырасцю, камунікабельнасцю, мудрасцю і вялікай любоўю да вёскі, зямлі, на якой, як яна сама сказала напачатку размовы, нарадзілася, вучылася і ў рэшце рэшт якой і спатрэбілася.

Вучыцца і вучыць

Галіна Міхалевіч, у дзявоцтве Тарэлкіна, нарадзілася ў Рудні, здавалася, што ў самай звычайнай сям’і. Ды не. Незвычайным, па ўспамінах Галіны Іванаўны, быў яе бацька Іван Васільевіч.

– Тата вырас на Магілёўшчыне. Пасля размеркавання ў Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме ён прыехаў працаваць на Піншчыну, потым пазнаёміўся з маёй мамай і пераехаў на яе малую радзіму, у Рудню, – расказвае Галіна Іванаўна. – Свой працоўны шлях бацька пачынаў заатэхнікам, а потым нечакана на ўсе сто восемдзесят градусаў змяніў рэчышча жыццёвай ракі – паступіў вучыцца на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і ўладкаваўся на працу ў Руднянскую базавую школу.

На гэтым паходы па навуку для Івана Тарэлкіна не завяршыліся. Каб больш дасканала ведаць гісторыю сваёй зямлі, адчуваць, наколькі глыбока пайшлі яго карані, ён зноў паступіў вучыцца, на гэты раз у Брэсцкі педінстытут імя А. С. Пушкіна.

– Бацька мог працаваць кім заўгодна, – працягвае Галіна Іванаўна. – Ён добра ўмеў слухаць, як дыхае зямля-карміцелька, хораша і цікава расказваць пра рэкі і горы, захапіць гісторыяй старажытнага Нясвіжа і раскрыць малавядомыя факты «біяграфіі» Вялікага Княства Літоўскага.

Вядома ж, Івана Васільевіча можна было назваць вечным студэнтам. Вось толькі для тых, хто ведаў яго, вучыўся ў яго, ён быў і застаецца зараз асобай, чалавекам, улюбёным у жыццё, які пры любых, нават самых складаных абставінах заставаўся самім сабою.

Неверагодна, аднак факт: паўтарэнне бывае ў жыцці.

– Пасля школьных калідораў я адразу ж трапіла ў старэйшую і самую прэстыжную навучальную ўстанову краіны – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Паколькі яшчэ з пачатковай школы была вялікай прыхільніцай дасканалых навук, мой выбар прыйшоўся на механіка-матэматычны факультэт, – успамінае суразмоўца.

Пасля пяці гадоў навучання, якія праляцелі нібыта адно імгненне, Галіна Іванаўна паехала на працу ў паўночную сталіцу нашай краіны. За сем гадоў, што жыла ў Віцебску і працавала ў праектна-канструктарскім бюро, паспела ўсім сэрцам палюбіць гэты горад і нават выйсці замуж.

Хто ведае, можа і засталася б сям’я Міхалевічаў у прыгожым і маляўнічым горадзе на Дзвіне. Ды толькі абставіны, цяжкасці ў атрыманні ўласнага жылля, адсутнасць работы з больш-менш вартымі заробкамі, а таксама праблемы са здароўем матулі Галіны Іванаўны прывялі маладую сям’ю адразу ў Пінск, а потым – у родную Рудню, у дом, дзе жылі яе самыя блізкія людзі.

– Неяк раз сустракае мяне дырэктар Руднянскай школы Мікалай Нічыпаравіч Роля дый кажа: «Недаравальна з дыпломам аб вышэйшай адукацыі сядзець дома, Галя. Прыходзь у школу настаўнічаць. У цябе ўсё атрымаецца».

Паколькі матэматычных гадзін было не так многа, Галіне Іванаўне прапанавалі выкладаць нямецкую мову. Старанна, не заўважаючы часу, выдатніца не толькі ў школе, але і наогул па жыцці, вучыла нямецкую мову і адначасова падарожнічала па велічным Кёльнскім саборы і Дрэздэнскай галерэі, чытала Гёте і братоў Грым.

Вось толькі двух кірункаў адной прафесіі аказалася недастаткова. З часам Галіне Міхалевіч даверылі выкладаць яшчэ і хімію. Сказаць, што ўсё ёй давалася лёгка, – не скажаш. У пераадольванні цяжкасцей Галіне Іванаўне дапамагала сям’я, яе моцны характар і любоў да школы, дзяцей і людзей.

– Пасля закрыцця Руднянскай школы свой прафесійны шлях завяршала ў Крайскай базавай, – працягвае Галіна Іванаўна. – Выкладала ўжо выключна матэматыку і хімію.

Бясконцыя сюжэты на мове звычайных крыжыкаў

У спадчыну ад бацькоў сваіх Галіна Міхалевіч атрымала не толькі дапытлівы розум, добрае сэрца, любоў да роднай зямлі, але і залатыя рукі. Рукі, якія не могуць быць без справы, якія ўмеюць не толькі рабіць любую вясковую работу: палоць, садзіць, капаць, даглядаць, але і вязаць, вышываць, ды так, што вачэй не адвесці.

– Людзі майго пакалення вельмі добра памятаюць часы, калі ў лексіконе беларусаў галоўнымі словамі былі «чарга» і «дастаць», калі новую сукенку ці паліто можна было купіць па картках ці купонах. А хораша і модна прыбірацца так хацелася, – успамінае жанчына.

І Галіна Іванаўна пачала вязаць. Шапкі і рукавіцы, світары і безрукаўкі, шалікі і шкарпэткі. Вязала не толькі каб сагрэць членаў сваёй сям’і, каб самой быць апранутай не горш за іншых, але і па заказе сяброў, суседзяў, калег.

Калі зніклі чэргі і дэфіцыт, калі выраслі дзеці і ўласная гаспадарка стала куды меншай, чым у маладосці, у жыцці Галіны Іванаўны з’явілася вышыўка. Першыя работы, якія выйшлі з-пад рук майстра, – былі карціны ў цыкле «Кветкавы каляндар», на якіх вясна – пралескі, маленькія, кволыя, духмяныя чаромха, бэз; лета – васількі, рамонкі.

– Зіма – тая пара года, калі складана знайсці кветкі. Зімою кветак мала, – кажа вышывальшчыца. – Таму ў маіх работах зноў пралескі, што прабіваюцца праз рэшткі снегу, галінкі вярбы – сімвал надыходу цяпла і надзей.

Крыху пазней да кветкавай калекцыі Галіны Міхалевіч далучыліся работы, на якіх яна ніткай і іголкай пачала «маляваць» сюжэты па матывах работ знакамітага мастака Васняцова. Карціны «Богатыри», «Иван-царевич и серый волк», «Аленушка», вышытыя Галінай Іванаўнай з асаблівай акуратнасцю і напоўненыя такой глыбінёй і такой магутнай сілай уздзеяння мінулага на душу і сэрца!

«Ажывіла» Галіна Міхалевіч і некалькі сюжэтаў, якія надта былі папулярнымі ў гады маладосці яе бацькоў і ўпрыгожвалі радавое гняздо жанчыны.

Пасля таго, як вышывальшчыца зразумела мову кветак, прыроды і мінулага, яна паспрабавала свае сілы ў вышыўцы партрэтаў. У невялічкай партрэтнай галерэі Галіны Іванаўны ёсць загадкавыя прыгажуні, фантастычныя вобразы жанчын, мілых, некалькі хітраватых, з рысамі, якія ўваходзяць у паняцце «жаноцкасць».

– Быў час, калі даволі сур’ёзна займалася вышыўкай ручнікоў, – працягвае Галіна Іванаўна. – Узоры для іх стварэння знаходзіліся самыя розныя, а мулінэ брала выключна чорна-чырвонае.

Вось толькі вышываць ручнікі, найбольш з беларускімі ўзорамі, Галіне Міхалевіч было мала. І яна пачала цярпліва і дасканала вывучаць значэнне нацыянальнага арнаменту, у якім, па словах вышывальшчыцы, жыццё беларусаў, іх думкі, мары, жаданні і спадзяванні.

– Частку ручнікоў, якія найбольш дарагія сэрцу, захоўваю, а большую – раздарыла дзецям, родным, сябрам, – прызнаецца жанчына.

Па словах Галіны Іванаўны, у яе сённяшняй калекцыі захоўваецца недзе штук дзесяць ручнікоў і больш за пяць дзясяткаў карцін, па якіх без цяжкасці можна адчуць густ, характар і душу вышывальшчыцы.

– Радуе, што многае з таго, што зроблена з дапамогай звычайных ніткі і іголкі, падабаецца маім дачушкам, – прызнаецца жанчына. – Нават больш: у іх кватэрах, што ў Брэсце і Калінінградзе, знайшлося годнае месца для некаторых маіх работ. Гэта вельмі прыемна.

Дарэчы, менавіта дочкі Галіны Міхалевіч у мінулым годзе падштурхнулі яе вярнуцца да вязання пруткамі.

– Старэйшая дачушка папрасіла звязаць для яе хустку ў стылі знакамітай арэнбургскай, – працягвае суразмоўца. – Звязала. Цёплая, прыгожая атрымалася. Абавязкова такую ж звяжу і сабе.

Чалавек вёскі

Пасля юначых вандровак і вяртання на сваю малую радзіму Галіна Міхалевіч стала жыць у бацькоўскім доме. Цяжка, аднак перажыла адразу матулін, потым бацькаў адыход у вечнасць.

– З часам разам з мужам бацькоўскаму дому мы далі другое жыццё, – расказвае Галіна Іванаўна. – Умовы стварылі не горшыя, чым у горадзе.

– Няўжо ж ніколі не засумавалі па горадзе, не пашкадавалі, што пакінулі Віцебск? – цікаўлюся ў суразмоўцы.

– Ніколі. Без вёскі, дзе свой, ні з чым непараўнальны світанак і самотны, сарамлівы маладзік, дзе людзі жывуць працавітыя і чыстыя душой, дзе што ні сцежка, то знаёмая, свайго жыцця не ўяўляю, – з ледзь прыкметным бляскам у вачах прызнаецца Галіна Іванаўна. – Рудня – пачатак, Рудня – у жыццёвым моры маяк і прыстанішча, Рудня – вёска, якой я ўжо ніколі не скажу «Бывай!».

Галіна МІКАЛАЕВА, фота аўтара.