Close
Новости Сельское хозяйство

«Сваю работу патрэбна любіць!»

«Сваю работу патрэбна любіць!»
  • Опубликовано:28 марта, 2025

Міхаіл Райко з СВУ «Даманава» УП «Брэстаблгаз» стаў адным з лепшых тэхнікаў-асемянатараў вобласці

Сёння СВУ «Даманава» УП «Брэстаблгаз» мае статус племпрадпрыемства, таму і прафесія тэхніка-асемянатара ў гаспадарцы знаходзіцца на асаблівым рахунку. Калі ёсць кваліфікаваныя спецыялісты такога профілю, то работа па ўзнаўленні статку вядзецца на добрым узроўні, і, як следства, маюцца паспяховыя і шматлікія ацёлы, ёсць малако і мяса, адпаведна, і высокі ўзровень эканомікі гаспадаркі, адным словам, дабрабыт.

Міхаіл Райко, тэхнік-асемянатар СВУ «Даманава», ведае ўсё пра важнасць і адказнасць гэтай прафесіі, таму і выбраў для сябе яе раз і назаўсёды. А сёлета ў штогадовым абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ён у ліку пераможцаў. Між іншым, гэта далёка не першы яго поспех і дастойная ацэнка нялёгкай працы, як-ніяк за плячыма – крыху больш за 40 гадоў бесперапыннага стажу на даным працоўным месцы.

Нарадзіўся Міхаіл Іванавіч у в. Каханова ў простай вясковай сям’і, дзе, акрамя яго, выхоўвалася яшчэ двое дзяцей. Змалку давялося ім застацца без таты, а маці, якая адна гадавала дзяцей, працавала даяркай у гэтай жа мясцовай гаспадарцы, куды пазней прыйшлі і яе сыны.

На працоўны лёс Міхаіла некалі паўплываў родны дзядзька Іван Маслоўскі, які працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады ў саўгасе «Даманава» (так на той час называлася сель-
гаспрадпрыемства). Ён, як выказаўся Міхаіл Іванавіч, і «сасватаў з прафесіяй асемянатара». Спачатку параду дзядзькі ні Міша, ні яго маладая жонка Валянціна тады не ўспрынялі ўсур’ёз.

– Ну і пасмяяліся ж з мяне дома, што надумаў я стаць асемянатарам. Але хутка смех скончыўся і пачалася нялёгкая праца, – успамінае Міхаіл Райко.

З 1984 года і пачаў працаваць ён у гаспадарцы. Ішлі гады, мяняліся назвы сельгаспрадпрыемства, змянялі адзін аднаго кіраўнікі, але нязменным заставалася месца працы Міхаіла Іванавіча.
Па вялікаму рахунку, яго ў некаторай ступені можна назваць самавучкай. Напачатку работа асемянатара ў тым і заключалася, каб вадзіць быка да каровы. Іншыя пасміхаліся збоку, успамінае Міхаіл Іванавіч, а яму было не да смеху, прызнаецца, што часам рукі і ногі нават дрыжэлі – ды не дзіўна, бо жывёла ж немаленькага памеру і як можа павесці сябе ў той ці іншай сітуацыі, невядома. А праз пару месяцаў паехаў Міхаіл на вучобу ў Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум атрымліваць адпаведную адукацыю – там паўгода спасцігаў ён тэорыю і практыку асемянатарскай справы. Набытыя веды, безумоўна, спатрэбіліся, аднак у большасці сваёй вопыт прыходзіў з гадамі.

Прафесія асемянатара зусім не такая простая, як гэта можа здацца на першы погляд. Тут патрабуюцца спецыфічныя навыкі і веды, акрамя таго, неабходна вельмі любіць жывёл, клапаціцца пра іх, весці за імі штодзённыя назіранні, а таксама планаваць сваю працу (па кожнай карове!) на некалькі месяцаў наперад.

З мэтаю павышэння прадукцыйнасці ў СВУ «Даманава» сфарміраваны статак галшцінскай пароды. Так, Міхаіл Іванавіч у адказе за асемяненне кароў на МТФ «Даманава» – тут утрымліваецца каля 800 галоў дойнага статку. Асемяненнем кароў на МТФ «Вішнёўка» займаецца яго калега Аляксандр Табала. А яшчэ з рабочым графікам 2/2 вопытныя асемянатары працуюць на комплексе па дарошчванні БРЖ.

Працоўны дзень асемянатара пачынаецца на золку – а палове шостай, бо яшчэ да ранішняй дойкі па агульных прыкметах штодня яму даводзіцца выяўляць кароў, якія прыйшлі ў ахвоту, для іх далейшага штучнага асемянення. Па словах Міхаіла Іванавіча, галоўная прыкмета – паводзіны каровы, і тут важна не ўпусціць момант, бо ў ахвоце карова знаходзіцца лічаныя гадзіны. Ад своечасовых дзеянняў тэхніка-асемянатара шмат у чым, калі не сказаць у вырашальнай меры, залежыць эфектыўнасць як самога асемянення, так і ў далейшым – прырост прыплоду і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці малака і мяса.

Нумары выяўленых у ахвоце жывёл тут жа Міхаіл Райко ўносіць у сваю запісную кніжку. Пасля дойкі гэтых рагуль накіроўваюць у адпаведныя станкі, з імі і працуе далей асемянатар. Такая ж «цырымонія» адбываецца таксама напярэдадні вячэрняй дойкі. У сярэднім за дзень, як адзначае Міхаіл Райко, удаецца асемяніць каля 15-20 кароў.

Для асемянення выкарыстоўваецца семя быкоў з высокім індэксам племянной каштоўнасці, захоўваецца яно ў замарожаным выглядзе ў вадкім азоце. Праз 40-45 дзён пасля такой маніпуляцыі кожная кароўка адпраўляецца на ультрагукавое даследаванне, бо трэба пераканацца, што цяжарнасць наступіла. А пасля праз тры месяцы асемянатар ужо рэктальным спосабам упэўніваецца, што ўсё ідзе сваёй чаргой.

Трэба сказаць, што ў працы тэхніка-асемянатара вельмі шмат уліку. Уся «паднаготная» кожнай каровы занесена ў адпаведныя журналы: калі нарадзілася, каго яна сама нарадзіла, калі. Важна пільна сачыць за тэрмінамі асемянення, ацёлаў. А яшчэ Міхаіл Іванавіч адзін з першых, хто сустракае нованароджаных цялят, выпісвае акты аб нараджэнні і прысвойвае ім нумары.

Галоўны вытворчы паказчык, па якім ацэньваецца работа асемянатара, – выхад цялят, ён заўсёды на высокім узроўні, а зараз складае 86 цялят на 100 кароў.

Між іншым, у ліку значымых узнагарод Міхаіла Іванавіча – граматы УП «Брэстаблгаз», нагрудны знак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання «За заслугі ў сельскай гаспадарцы», а ў 2023 годзе яго імя было занесена на раённую Дошку гонару.

Па бацькоўскім прыкладзе ў СВУ «Даманава» працуюць і сыны Міхаіла Іванавіча, Дзяніс – слесарам, Аляксандр – жывёлаводам, а дачка – на Брэсцкім мясакамбінаце.

– Сваю работу патрэбна любіць, без гэтага нічога не атрымаецца. А ўзяўся за гуж, то не кажы, што нядуж. Будзеш аддана працаваць, то ўзнагароды самі цябе знойдуць, – разважае Міхаіл Іванавіч над пытаннем, як жа ўдалося яму стаць лепшым сярод калег у вобласці. – Работа асемянатара складаная і адказная, але мне радасна бачыць рэзультат сваёй працы – прадукцыйны статак з добрай генетыкай.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.