Нягледзячы на развіццё сучасных тэхналогій, інтэрнэту, паслугі пошты па-ранейшаму застаюцца запатрабаванымі.
7 мая работнікі сувязі адзначаць прафесійнае свята, гэта і стала нагодай зазірнуць у аддзяленне паштовай сувязі аграгарадка Гошчава. Калектыў аддзялення невялікі, тут працуе два чалавекі: начальнік АПС Алена Васілеўская і паштальён Святлана Мігель.
Аддзяленне паштовай сувязі штодня, акрамя нядзелі і панядзелка, адчыняе свае дзверы ў 8.45. Гошчаўцы завітваюць на пошту, каб аплаціць камунальныя паслугі, паслугі мабільнай сувязі, атрымаць або адправіць пасылку, бандэроль ці пісьмо, аформіць падпіску на любімыя выданні. А яшчэ паштовае аддзяленне сёння прапаноўвае сваім кліентам шырокі асартымент харчовых і прамысловых тавараў.
Безумоўна, ключавым звяном у рабоце любога аддзялення паштовай сувязі па-ранейшаму застаецца паштальён. І калі яго праца парой застаецца непрыкметнай у мітусні горада, то ў сельскай мясцовасці гэта чалавек запатрабаваны і незамянімы.
Вось ужо 32 гады, як нязменна дастаўляе гошчаўцам свежыя навіны Святлана Мігель. Працоўны дзень яе пачынаецца з сартавання карэспандэнцыі: патрэбна разабрацца з газетамі, часопісамі, пісьмамі і паведамленнямі, пералічыць, размеркаваць па найменнях і адрасах. Усяго ж на АПС аг. Гошчава штотыднёва прыходзіць 71 найменне газет і часопісаў. «СБ. Беларусь сягодня», «Зара», «Сябар пенсіянера»… Сярод высокіх стосаў ёсць і наша раёнка.
– На наша паштовае аддзяленне прыходзіць 106 экзэмпляраў «Івацэвіцкага весніка», – дзеліцца паштальён, не адрываючыся ад працэсу сартавання. – І калі большасць сярод падпісчыкаў іншых газет і часопісаў усё ж пенсіянеры, то наш «Веснік», дарэчы, чытае і моладзь.
Неўзабаве аб’ёмная сумка паштальёна Святланы Мігель напоўнілася карэспандэнцыяй, і яна заспяшалася ў дарогу. Не забыла прыхапіць з сабой і дзве невялікія сумкі з прадукцыяй з паштовых прылаўкаў. У іх – хлеб ад «Берасцейскага пекара», некалькі плітак шакаладу, цукеркі, зефір, вафлі. Некаторы тавар, як адзначае паштальён, ужо заказаны загадзя. Многія вяскоўцы ведаюць нумар яе мабільнага тэлефона і па неабходнасці просяць даставіць той ці іншы тавар, Святлана Васільеўна ніколі не адмовіць. Такой паслугай карыстаюцца пенсіянеры, якім не заўсёды зручна дайсці да магазіна, вось паштальён іх і выручае.
– У асноўным просяць даставіць крупы, алей, хлеб, ну і салодкія прысмакі карыстаюцца попытам, – расказвае па дарозе паштальён, якая за гады працы ўжо вывучыла звычкі і пажаданні сваіх кліентаў.
У цёплы сезон яе нязменным сродкам перамяшчэння з’яўляецца веласіпед. На ім Святлана Мігель за дзень праязджае каля 11 кіламетраў. Немагчыма ўявіць сабе нават, колькі дарог яна прайшла і праехала за больш чым тры дзесяцігоддзі працы, каб вяскоўцы своечасова атрымалі пенсію, доўгачаканае пісьмо ці любімую газету.
Аднак фізічныя цяжкасці Святлану Васільеўну не пужаюць, і сёння яна шчыра прызнаецца, што выбраная прафесія па душы, хаця ў маладосці аб ёй нават і не марыла. Родам яна з суседняй вёскі Быч, па адукацыі бухгалтар, скончыла Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці, аднак па атрыманай прафесіі давялося папрацаваць зусім мала.
– Даведалася неяк, што на гошчаўскім паштовым аддзяленні вакантная пасада паштальёна, звярнулася, і мяне прынялі на працу. Так з той пары я тут і працую, прывыкла ўжо! – усміхаецца жанчына.
Ужо два гады, як у работніка пошты ёсць галоўны памочнік – спецыяльны прыбор «Мабільны паштальён», з дапамогай якога яна аператыўна можна аказаць паслугі на даму: аплаціць камунальныя паслугі, папоўніць баланс мабільнага тэлефона, аформіць падпіску, аплаціць тавар і іншае.
У кожным двары ці хаце сельскаму паштальёну рады. Некаторым вяскоўцам не хапае зносін, таму і любяць яны са Святланай Васільеўнай перакінуцца парай слоў пра жыццё-быццё, аднак надоўга затрымлівацца паштальён не дазваляе сабе, бо ведае: яе чакаюць і іншыя жыхары.
Неаднойчы за сваю працоўную дзейнасць
Святлана Мігель адзначалася ўзнагародамі як Баранавіцкага РВПС, так і РУП «Белпошта», а ў 2012 годзе ёй прысвоена званне «Ветэран працы».
– Святлана Васільеўна адказная, працавітая. У любое надвор’е даставіць свежую прэсу своечасова! – так адклікаецца пра паштальёна жыхарка Гошчава Любоў Мельнік, якая аддае перавагу папяровым крыніцам інфармацыі.
Шмат на вёсцы пастаянных падпісчыкаў газет і часопісаў, радуецца паштальён, калі да іх далучаюцца новыя, і ў гэтым таксама яе заслуга – важна кампетэнтна прапанаваць чытачу тое ці іншае выданне, а яшчэ своечасова нагадаць аб сканчэнні падпіскі.
У другой палове дня, калі ўся карэспандэнцыя дастаўлена, а сумка паштальёна значна палегчыла, з пачуццём выкананага доўгу Святлана Мігель вяртаецца дадому, ведаючы, што заўтра зноў яна адправіцца ў дарогу па знаёмым маршруце, каб несці свежыя навіны і радасць зносін жыхарам Гошчава.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.