Close
Главная новость РИК

Свята, аб’яднанае любоўю да зямлі

Свята, аб’яднанае любоўю да зямлі
  • Опубликовано:16 ноября, 2025

Паважаныя работнікі, ветэраны сельскагаспадарчай галіны і перапрацоўчай прамысловасці!
Дарагія мае землякі!

Усе мы стаім на парозе свята, якое сваім лічаць не толькі працаўнікі вёскі – хлебаробы, механізатары, жывёлаводы, але і тыя, хто займаецца перапрацоўкай і захаваннем прадуктаў, хто шчыруе і вучыцца ў навучальных установах сельскагаспадарчага профілю, сярод якіх і наш Івацэвіцкі аграрны каледж. Свята прыгожае, агульнанароднае, яно напаўняе, аб’ядноўвае кожнага вялікай любоўю да зямлі-карміцелькі, павагай да тых, хто сваімі руплівымі, нястомнымі рукамі стварае заўтрашні дзень аграрнай Івацэвіччыны, хто, маючы ў душы і сэрцы працалюбства, імкнецца зрабіць наш край прыгожым і багатым, а нашу Беларусь – моцнай і квітнеючай.

Сёлетні год быў няпростым. Праца на зямлі наогул ніколі і нікому не давалася лёгка… Аднак апошнія лісткі гадавога сельскагаспадарчага календара, на якіх не толькі даты, але і лічбы з дасягненнямі аграрнага сектара эканомікі, сведчаць аб тым, што калі не ўсё, дык многае ў нас атрымалася.

Поўным, важкім быў івацэвіцкі колас. З улікам царыцы палёў – кукурузы, аграрыі раёна сабралі
больш за 100 тысяч тон зерня, амаль што 10 тысяч тон рапсу. Пасля мінулагодніх праблем з наяўнасцю бульбы ў гандлёвых сетках Прэзідэнт нашай краіны раіў: трэба сеяць бульбу. Гаспадаркі раёна пасеялі і выгадавалі амаль што пяць тысяч тон другога хлеба. Сёлета на Івацэвіччыне сабралі добры ўраджай цукровых буракоў, нягле-дзячы на пастаянныя капрызы нябеснай канцылярыі, нарыхтавалі неабходную колькасць кармоў. Дзякуючы таму, што на фермах створаны ўмовы для работы персаналу і ўтрымання жывёл, прыняты ўсе неабходныя меры па паляпшэнні кармавой базы, надой на адну карову склаў восем тысяч кілаграмаў. А большыя надоі – большы прыбытак.

Дзеля таго, каб мець добрыя вынікі, працавалі ўсе, ад механізатара і жывёлавода да спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак. А ў народзе як кажуць? Дзе справа, там і слава.

Агульныя намаганні івацэвіцкіх аграрыяў, іх асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны па заслугах адзначаныя краінай, вобласцю. Высокую ўзнагароду з рук Кіраўніка дзяржавы атрымаў дырэктар ААТ «Святая Воля» Уладзімір Любушак, Падзяку Прэзідэнта – камбайнер ААТ «Мілейкі» Сяргей Шынкевіч. Імя легендарнага механізатара Уладзіміра Харужага з ААТ «Косава» занесена ў Кнігу Гонару Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза. І ўсё гэта – яшчэ адно сведчанне таго, што наш край багаты людзьмі, якія ўмеюць працаваць на зямлі, якія сваімі беражлівымі і разумнымі адносінамі да яе атрымліваюць максімальную аддачу, аўтарытэт і пашану.

Мушу прызнацца, што вельмі люблю сваю малую радзіму – Ганцаўшчыну. Гэта любоў, якая ўва мне з дзяцінства, якая жыве ў душы і мацнее з кожным годам. Аднак за няхай сабе і не надта працяглы час Івацэвіччына таксама заняла калі не першую, дык пачэсную, вельмі блізкую да майго сэрца прыступку на шляху жыцця. Палац Пуслоўскіх у Косаве, мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына», унікальная прырода Выганашчанскага заказніка, чысціня неба, прыгажосць, годнасць і працавітасць людзей усяго раёна зрабілі асаблівы ўнёсак у тое, каб не толькі зачаравацца гэтым краем, але і ўчынкамі, справамі пацвердзіць поўную гатоўнасць зрабіць усё дзеля дабрабыту, росквіту слаўнай, самабытнай зямлі, поспехаў і шчасця людзей, якія на ёй жывуць.

Дарагія мае землякі, бязмежна паважаныя мною працаўнікі, ветэраны сельскагаспадарчай галіны і перапрацоўчай прамысловасці! Дзякуй за працу, дзякуй за адданасць нялёгкай, аднак вельмі высакароднай справе, дзякуй за новыя гарызонты, якія вы ўмееце адкрываць, і за магчымасць даваць развіццё і рост сельскай гаспадарцы. Нашымі сумеснымі намаганнямі зроблена шмат, аднак у нас яшчэ ёсць патэнцыял для таго, каб і ў далейшым атрымліваць выдатны вал зерня, нарыхтоўваць добрыя кармы, атрымліваць малако, мяса, купляць тэхніку і жыць, жыць годна, свабодна, шчасліва. Быў бы толькі мір! Было б здароўе! Чаго я вам шчыра і ад усёй душы жадаю!

Уладзімір БЯЛОЎ, старшыня раённага выканаўчага камітэта.