Жыхарка вёскі Яглевічы Таццяна Лукашэвіч на нагах з самай раніцы. Нягледзячы на тое, што вось ужо шэсць год, як у вялікім, прасторным доме яна засталася адна, спраў у жанчыны, як кажуць, неўправарот. Любіць і хоча Таццяна Пятроўна, каб у доме і на тэрыторыі каля яго былі чысціня і парадак, з надыходам вясны і цяпла, нібыта магнітам, цягне яе ў палісаднік, дзе трэба падварушыць лілеі, прыбраць адцвіўшыя цюльпаны. Як толькі надаецца час для адпачынку, любіць жанчына паразгадваць судоку, паглядзець любімыя тэлеперадачы, пераважна сур’ёзныя, палітычнага, прававога зместу. А яшчэ пачытаць цікавую кнігу ці сваю любімую газету «Івацэвіцкі веснік».
– Мае бацькі заўсёды выпісвалі шмат перыядычных выданняў, – успамінае Таццяна Лукашэвіч. – У паштовую скрыню траплялі папулярныя па тым часе «Известия», «Правда», дзіцячыя і літаратурна-мастацкія выданні. Аднак любіміцай у нашай сям’і, вядома ж, была раённая газета, якая тады мела назву «Кастрычнік». Першай раёнку чытала бабуля-пенсіянерка. Чытала з пачатку і да апошняй старонкі. А вечарам, калі ўсе члены сям’і прыходзілі з працы дадому, пачынала расказваць, на што абавязкова трэба звярнуць увагу ў «Кастрычніку».
Адданы чытач
У дарослым жыцці з раёнкай Таццяна Лукашэвіч не разлучылася. Працуючы настаўнікам у Яглевіцкай сярэдняй школе, а потым і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, жанчына заўсёды афармляла падпіску на газету, бо была пераканана, што калі настаўнік не чытае – страшна, калі ён не цікавіцца тым, чым жыве раён, якія дасягненні мае, якія праблемныя пытанні вырашае, – сорамна і недаравальна.
– Да ўсяго, каб быць у сваёй прафесіі чалавекам паважаным, аўтарытэтным, трэба цікавіцца, развівацца, пастаянна папаўняць набыты раней багаж ведаў, – лічыць Таццяна Пятроўна. – Нездарма людзі кажуць, што калі фізічныя нагрузкі ідуць на карысць целу, то чытанне – розуму.
Заўсёды з вялікім задавальненнем Таццяна Лукашэвіч чытала і чытае зараз у газеце публікацыі сямейнай, прававой тэматыкі, замалёўкі пра калег-настаўнікаў і іх выбітных вучняў, кранальныя, душэўныя гісторыі пра самых звычайных людзей, што жывуць у раёне.
– Без асаблівых цяжкасцей цікавыя матэрыялы і работы любімых аўтараў магла б адкрыць у камп’ютары і пачытаць на сайце газеты, – працягвае субяседніца. – Аднак для мяне вельмі важна мець друкаваную версію выдання. Не перадаць пачуцці, якія перажываю ў чаканні свежага нумара «Івацэвіцкага весніка», калі гартаю, чытаю старонку за старонкай… Пачуцці гэтыя зрадні тым, якія перажываеш у тэатры перад тым, як падымецца занавес і на сцэне пачнецца дзейства.
І аўтар з душой
Дарэчы, Таццяна Лукашэвіч не толькі шчыры, адданы і верны чытач газеты, але і пастаянны пазаштатны аўтар выдання.
– Адразу супрацоўнікі газеты заўважылі і ацанілі напісаныя мной непрыдуманыя гісторыі, – кажа Таццяна Пятроўна. – Потым па душы ім прыйшліся вершаваныя радкі, падказаныя мне жыццём, перажытыя сэрцам. Не былі пакінутыя без увагі споведзь пра бацьку, думкі, успаміны пра любімую настаўніцу, якая заўчасна пакінула зямное жыццё.
Вялікай нечаканасцю як для работнікаў раёнкі, так і самой Таццяны Лукашэвіч стаў момант, калі яна пачала пісаць пра тое, што ніколі не было ў яе ў прыярытэце.
– Неяк вырашыла прывесці ў парадак старую патэльню. Неаднойчы чула і чытала, што для таго, каб нагар пакінуў яе, дастаткова паставіць у печ, на вуголле. Што я і зрабіла. Аднак замест патэльні выцягнула толькі ручку і яе кавалкі. Як кажуць: старая баба дзяўчынай не стане, – расказвае і прыязна ўсміхаецца жанчына. – Новую патэльню я, вядома ж, купіла, а яшчэ, пачынаючы з гісторыі гэтай, пачала весці так званы «Дзённік гаспадыні» і рабіць запісы пра тое, што можа здарыцца ў паўсядзённасці з намі, жанчынамі-гаспадынямі, дзяліцца сакрэтамі і сваімі ўласнымі хітрыкамі ў вядзенні дамашняй гаспадаркі, расказваць, як пазбегнуць ці справіцца з недарэчнасцямі, як з той самай сапсаванай патэльняй.
Амаль што ўсе запісы, зробленыя ў «Дзённіку гаспадыні», былі прасякнуты такім трапным, прыгожым гумарам, што не маглі не прыйсціся даспадобы чытачам газеты.
– Нягледзячы на тое, што па натуры чалавек я даволі сур’ёзны, люблю добры гумар, трапныя жарты. Магу, люблю і лічу, што ўмею пасмяяцца нават з сябе, сваіх промахаў, недахопаў, – прызнаецца Таццяна Пятроўна.
А гэта вышэйшы пілатаж!
Асабліва цёплыя адносіны ў Таццяны Лукашэвіч і з кнігай.
– Моцнае сяброўства наша нічым не саступае сяброўству з раённай газетай, – прызнаецца Таццяна Пятроўна. – Люблю кнігі чытаныя і перачытаныя, патрапаныя часам і людзьмі… Вядома ж, асаблівую асалоду атрымліваю ад «сустрэч» з новенькімі, наўпрост, з кніжнага магазіна выданнямі.
Любоў да друкаванага слова – у спадчыну
Любоў да кніг і чытання наогул Таццяна Лукашэвіч перадала сваім дзвюм дачушкам. Дарэчы, на сустрэчу з новай кнігай яны ідуць не толькі ў бібліятэку, але і ў магазін. Цікавая акалічнасць: малодшая дачка разам са сваім мужам нават чытаюць творы Шэкспіра, Бёрнса, аднаго з найвялікшых пісьменнікаў сусветнай літаратуры Вальтэра Скотта ў арыгінале! Даволі часта найбольш упадабаныя дзецьмі выданні, вядома ж, на сваіх, родных мовах, прывозяць, каб пачытала і Таццяна Пятроўна.
– Літаральна нядаўна на маёй кніжнай палічцы «прапісаліся» ажно дзесяць асобнікаў. Тры кнігі ўжо прачытала. Уражанні ад падзей, людскіх лёсаў, літаратурных здольнасцей аўтараў і іх майстэрства – не перадаць ніякімі словамі.
А адну кнігу Таццяне Лукашэвіч трэба будзе напісаць самой. «Расскажи о себе, мама» – такую назву будзе мець выданне, у якім 111 пытанняў, адказы на якія павінна даць Таццяна Пятроўна, каб расказаць пра сваё дзяцінства і юнацтва, пра тату і маму, пра каханне, захапленні, імгненні сапраўднага шчасця, радасцей, вялікіх і малых.
– Кнігу гэтую абавязкова напішу, – кажа Таццяна Пятроўна. – У першую чаргу дзеля таго, каб памяць аб сабе пакінуць тым, каго бязмежна люблю, што тут казаць, дзеля каго жыву на гэтым свеце.
Галіна МІКАЛАЕВА. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.





