Тэхніка выйшла ў поле
У сельгаспрадпрыемствах Івацэвіцкага раёна стартавалі палявыя работы
Нягледзячы на тое, што зіма яшчэ не адступіла, канец лютага ўжо радуе аграрыяў Івацэвіцкага раёна магчымасцю распачаць палявыя работы. Умовы надвор’я дазваляюць прыступіць да падкормкі шматгадовых траў, лугапашавых угоддзяў калійнымі ўгнаеннямі, а крыху пазней аграрыі прыступяць і да падкормкі азімых культур. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна загадзя падрыхтаваліся да выхаду ў поле і, дзе гэтаму спрыяюць умовы, ужо прыступілі да выканання намечаных планаў.
Па інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, сёлета трэба будзе падкарміць шматгадовыя травы на 11 тыс. га і 17,8 тыс. га лугапашавых угоддзяў, унесці мінеральныя ўгнаенні пад больш чым 6 тыс. га, адведзеных пад раннюю яравую сяўбу. Клін азімых збожжавых складае 14 110 га, а таксама азімага рапсу 4 365 га. Гаспадаркі раёна ўжо назапасілі дастатковую частку запланаваных мінеральных угнаенняў, уключаючы калійныя, азотныя і фосфарныя.
Аднымі з першых да палявых работ прыступілі ў Эксперыментальнай базе «Майск». Галоўны аграном Васіль Папчэня адзначыў, што сыход снегу і падмерзлая глеба ствараюць спрыяльныя ўмовы для працы тэхнікі, а ўгнаенне разам з вільгаццю будзе паступова насычаць глебу. Унясенне хлорыстага калію пад ворыва пачалося з 17 лютага, паралельна ідзе актыўная вывазка арганічных угнаенняў. У гаспадарцы пад азімыя збожжавыя адведзена 1250 га, пад яравыя – 620 га. Шматгадовыя травы займаюць 820 га, а сенажаці і пашы – 4 200 га.
25 лютага механізатар Аляксандр Мінчук на МТЗ-1523 у счэпцы з агрэгатам РУ-7000 праводзіў унясенне ўгнаенняў пад ворыва ва ўрочышчы «Каля кар’ера» за вёскай Галенчыцы. На полі плошчай у 85 га ў мінулым годзе вырошчвалі азімую пшаніцу, сёлета на гэтых землях плануюць пасеяць кукурузу. За дзень механізатар паспявае апрацоўваць каля 90 гектараў з нормай унясення 150 кг угнаення на гектар.
Як падкрэсліў галоўны аграном Васіль Папчэня, у земляробстве няма дробязяў, і кожны аграпрыём важны для павышэння ўраджайнасці. Якаснае выкананне ўсіх работ спрыяе добраму настрою і ўпэўненасці ў атрыманні дастойнага ўраджаю і сёлета.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.





