Удзельнічаць у тэлешоу – любімае хобі 67-гадовай пенсіянеркі Людмілы Рудой з Косава
Людміла Барысаўна нарадзілася ў Івацэвічах, але большая частка яе жыцця прайшла і праходзіць у Косаве. Яна маці дзвюх дачок і бабуля чацвярых унукаў, самай меншай – толькі годзік. Адна дачка жыве пад Мінскам, а другая недалёка ад яе ў Косаве. З мужам разам больш за 40 гадоў, ён медык, зараз на пенсіі, працаваў фельчарам у бальніцы, а да гэтага шмат гадоў – у Косаўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. Можна сказаць, што муж усё жыццё дапамагаў лячыць людзей, а Людміла – лечыць душы… сваім аптымізмам, творчасцю, гумарам, самаіроніяй, часам наіўнасцю.
Але ўсё, што яна ні робіць, гэта ідзе з глыбіні душы, з дзяцінства, з той мары, якой абрэзалі крылы… Яшчэ дзяўчынкай ёй так хацелася быць на сцэне, але ў бацькоў быў складаны перыяд у жыцці, і грошай на музычную школу не хапала. А яна часта бегала хоць у вокны школы заглянуць і пасля цішком плакала, што не можа там займацца.
Пасля заканчэння сярэдняй школы Людміла адвучылася ў тэхнікуме лёгкай прамысловасці, у 20 гадоў стала сакратаром-машыністкай, колькі месяцаў нават працавала ў мясцовай раёнцы пячатніцай, пасля яе ўгаварылі ехаць у Германію, дзе яна таксама працавала машыністкай у сакрэтнай часці. Там і сустрэла свайго мужа, у 93-ім вярнуліся з ім на радзіму. Людміла спрабавала сябе ў розных прафесіях, была адзін час і гаспадыняй аграсядзібы ў Косаве. Але творчасць заўсёды займала адно з галоўных месцаў у яе жыцці. Таму пяройдзем да конкурсаў, да ўдзелу ў якіх у Людмілы Рудой на пенсіі адкрылася другое дыханне.
Першы конкурс, на які аднойчы рашылася ехаць Людміла Рудая, – гэта «Фактар смеху». З вобразам бабулі-рокершы дапамаглі вызначыцца ўнукі: проста як у «Модным прыгаворы» (куды яна таксама хацела трапіць, але перадачу закрылі) бабуля дэманстравала ў зале сваёй кватэры годны «прыкід», а ўнукі, седзячы на канапе, галасавалі, які ёй больш пасуе і які самы модны. Сышліся на вобразе рокершы, праўда, на той момант ёй ужо было за 55 гадоў. Аздобілі вобраз чэрапам на футболцы пад касухай – дачка-мастак дапамагла. Так і з’явілася ў Косаве свая бабуля-рокер.
Пасля было ўдалае выступленне ў «Рассмяшы коміка», дзе ёй, правінцыяльнай бабулі, паддаўся выйгрыш у 10 мільёнаў на тыя грошы. На яго яна закупіла апаратуру, стварыла групу «Шлягер», адкрыла ІП, каб усё было па законе, і гастраліравала з музыкантамі па раёне і вобласці. Скажам, бабуля Люда стала прадзюсарам мясцовага разліву. Але і ў дабрачыннасці Людміла Барысаўна не адмаўлялася ніколі паўдзельнічаць: ёсць і яе ўнёсак у стварэнне памятнага знака маракоў у райцэнтры. Клапаціцца пра дабрабыт касаўчан – яшчэ адна з місій Людмілы Рудой. Да таго ж яна дэпутат Косаўскага гарадскога савета.
Былі яшчэ конкурсы «Поющие города», «Імперыя песні», «Я магу», «Мінута славы», у 2020 годзе была гераіняй перадачы Уладзіміра Богдана «Я хачу гэта ўбачыць», яе асабіста запрасіў на святкаванне тысячагоддзя Брэста Джон Уорэн, вядучы тэлеперадачы на НТВ-Беларусь «Поедем, поедим». Муж спакойна адносіцца да такога бурлівага тэмпу жыцця сваёй другой палавінкі, хоць сам аддае перавагу больш спакойнаму адпачынку.
– Муж любіць у вольны час глядзець тэлевізар, а я час ад часу ў тым тэлевізары з’яўляюся. Тэлебачанне – мая стыхія, – жартуе Людміла.
Убачыўшы чарговую аб’яву пра кастынг на шоу «Фактар.BY 60+», яна тут жа загарэлася стаць яго ўдзельніцай.
– Даведалася пра «Фактар.BY 60+» праз інтэрнэт, я актыўны карыстальнік сацсетак. Унук дапамог падаць заяўку. Вы не ўяўляеце, якое задавальненне я атрымала ад кастынгу. Усе прэтэндэнты на ўдзел чатыры дні жылі ў гасцініцы. Новыя эмоцыі, уражанні… Я прыняла ўдзел у двух першых здымачных днях, пасля першага дня нас засталося 24 чалавекі. Такія там усе дружалюбныя, пазітыўныя. Журы кампетэнтнае і прыемныя вядучыя. Усе так цёпла сустрэлі маю песню «Цячэ ручай»! Крытыкі не баюся, яна мяне стымулюе. Разумею, што мае вакальныя дадзеныя не на вышэйшым узроўні, але харызмы і магнетызму ў мяне хоць адбаўляй, – дзеліцца ўражаннямі Людміла Барысаўна.
Прэм’ера праекта «Фактар.BY 60+» запланавана на тэлеканале «Беларусь 1» у лютым 2023 года. Таму сачыце за праграмай тэлеперадач і не прапусціце выступленне экстравагантнай жанчыны Людмілы Рудой з Косава!
Марыя Сазонава.
Фота з архіва Людмілы Рудой.