Трэцяе лістапада для Пятра Ячніка, жыхара гарадскога пасёлка Целяханы, – асаблівая дата ў календары. У гэты дзень ён нарадзіўся. Што ж датычыцца сёлетняга года, дык Пятру Іванавічу, сыну вёскі, мудраму педагогу, вялікаму інтэлігенту, якому прыйшлося шмат прайсці і нямала пабачыць на сваім жыццёвым шляху, аднак застацца чалавекам, спаўняецца 80 год. І гэта добрая нагода для таго, каб азірнуцца, успомніць мінулае, парадавацца нажытаму і цвёрда, пераканаўча сказаць: «Усё ў гэтым жыцці было недарэмна!»
Сямейнае цяпло і свет
Ранішняе восеньскае неба, шэрае, нізкае, сыпала імжою. А ноччу і наогул быў дождж. Таму асфальтаваная дарога ў Целяханах, а таксама дахі, сцены дамоў былі мокрымі. Прыбітыя кроплямі дажджу, нават прыгажуні-хрызантэмы схіліліся да зямлі. Шчыра кажучы, настрой, як і надвор’е, быў так сабе. Пакуль не трапіла ў вялікі, утульны, цёплы дом Пятра Іванавіча і Надзеі Іванаўны Ячнікаў, дзе па ўсім адчувалася: тут жывуць дабрыня, шчырасць, павага.
– З Пятром Іванавічам мы пазнаёміліся падчас вучобы ў Брэсцкім педагагічным інстытуце, – гартаць старонкі мінулага пачынае Надзея Іванаўна. – А было ўсё так… Заходжу неяк я, студэнтка хіміка-біялагічнага факультэта, пасля заняткаў у чытальную залу бібліятэкі, а там няма ніводнага свабоднага месца. Акінуўшы вокам прагных да ведаў, пастаяла я трохі ў дзвярах і ўжо думала падавацца ў інтэрнат, а тут раптам з-за стала падымаецца дзяўчына і пакідае чытальную залу. У адно імгненне заняла я яе месца, аказаўшыся побач з прыгожым маладым чалавекам. Праз некалькі дзён наша выпадковая сустрэча ў чытальнай зале паўтарылася. Праўда, адзін на аднаго мы ўжо звярнулі больш пільную ўвагу.
Што было потым? А потым было некалькі цёплых, кранальных спатканняў, пісьмы, калі малады чалавек праходзіў службу ў радах Савецкай арміі, і адно на дваіх адчуванне, што ўсё самае добрае, самае светлае чакае наперадзе.
– Так склаліся жыццёвыя абставіны, што пасля трэцяга курса фізіка-матэматычнага факультэта мне прыйшлося перавесціся на завочнае навучанне і паехаць працаваць на Івацэвіччыну, у Коланскую базавую школу, – працягвае Пётр Іванавіч. – Падчас адной з апошніх інстытуцкіх сесій з Надзеяй Іванаўнай мы сустрэліся зноў.
Сустрэча гэтая стала лёсавызначальнай. Проста, шчыра Пётр Ячнік прызнаўся дзяўчыне, што кахае, а потым паклікаў яе замуж. А тая, доўга не раздумваючы, дала згоду на шлюб. І не выпадкова. Бачыла, адчувала і разумела яна ўжо тады, што побач – асоба, чалавек, які абавязкова зробіць іх сумеснае жыццё стабільным, прыгожым, шчаслівым.
Вяселле гулялі 1 мая 1968 года. Некаторыя «добразычліўцы» маладажонам казалі: «Жаніцца ў маі месяцы – век маяцца». А яны нікога не слухалі.
У гэтым каханні нарадзілася ў маладой пары дачушка-першынец Ірынка. Зараз яна жыве амаль што на адным двары з бацькамі, працавала ў Целяханскай школе-інтэрнаце. Потым Усявышні падарыў Ячнікам яшчэ адну дзяўчынку. Бацькі ёй далі прыгожае імя – Таццяна. Таццяна Пятроўна ступіла ў татаў след. Скончыла Брэсцкі педуніверсітэт і ў Целяханскай школе выкладае матэматыку.
– Было вялікае спадзяванне на тое, што ў нашай сям’і абавязкова будзе хлопчык, – прызнаецца і прыязна ўсміхаецца Надзея Іванаўна. – Аднак зноў нарадзілася дзяўчынка. Наша Наташа па прафесіі тэхнолаг, шмат год жыве і працуе ў Брэсце.
Ірына, Таццяна і Наталля стварылі сем’і, у якіх ёсць павага, падтрымка і любоў, у якіх стараюцца і ўмеюць быць шчаслівымі, нягледзячы ні на што.
Дырэктар у 23 гады
Дарогу да ведаў дзетвары вёскі Коланск Пётр Ячнік пракладваў нядоўга. Маладога, граматнага і здольнага вырашаць складаныя задачы педагога заўважыла раённае кіраўніцтва і прапанавала стаць на чале Краглевіцкай васьмігодкі. І гэта ў 23 гады!..
– Час быў няпросты, – прызнаецца Пётр Іванавіч. – Жыць з сям’ёй прыходзілася на здымнай кватэры, школа па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні была не самай лепшай. Адным словам, праблемных пытанняў як на працы, так і дома быў поўны воз. Але ж нічога, цягнуў, спраўляўся з усім.
Спраўляўся, бо сам Пётр Іванавіч быў спрытным да любой работы, давераны яму педагагічны калектыў, няхай сабе і малады, аднак надзвычай працаздольным, згуртаваным аказаўся. Спраўляўся, бо побач была яго палавінка – Надзея Іванаўна.
– Прайшло ўсяго нічога, і Краглевіцкая школа паднялася з апошніх прыступак сярод устаноў адукацыі раёна на першыя, – заўважае Пётр Іванавіч. – Гэта было прыемна! Гэта была перамога!
Чатырнаццаць год жыцця Пятра Ячніка і яго сям’і звязаны з Краглевічамі. Няпростых, клапатлівых і вельмі шчаслівых.
«Асаблівая» школа
У 1982 годзе не толькі ў прафесійным, але і ў асабістым жыцці Пятра Ячніка здарыліся крутыя перамены. Сям’ю, а на той час у Пятра Іванавіча і Надзеі Іванаўны быў свой уласны «фінскі» домік, ён пакінуў у Краглевічах, а сам прыняў чарговую прапанову і стаў дырэктарам Целяханскай школы-інтэрната, пад дах якой найчасцей траплялі дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
– Лёсы дзяцей, прычыны, па якіх яны прыходзілі ў школу-інтэрнат на навучанне і выхаванне, былі нечым падобнымі. Палова – сіраты, частка – з неблаганадзейных сямей, яшчэ адна – з ліку тых, хто неаднойчы пабываў у полі зроку праваахоўных органаў, – працягвае Пётр Іванавіч. – Вядома ж, агульнымі намаганнямі мы імкнуліся даць дзецям базавыя веды і навучыць іх быць людзьмі.
Вялікая ўвага ў «асаблівай» школе, а таксама дырэктарам з асаблівым характарам, патрабавальнасцю і душэўнай шчодрасцю, надавалася працоўнаму навучанню рабят. Яны разам з дарослымі працавалі на прышкольным участку ў паўтара гектара, вырошчвалі гародніну і кветкі ў цяпліцах, частку часу праводзілі на гаспадарчым двары.
– «Асаблівых» дзяцей заўсёды хораша прымалі на мясцовай лыжнай фабрыцы. Вядома ж, да вытворчасці асноўнай прадукцыі яны не мелі ніякага дачынення, а вось паштовыя скрыні, драўляныя ёмкасці для ўпакоўкі асобных будаўнічых матэрыялаў рабілі, – працягвае Пётр Іванавіч. – Праз працу, няхай сабе нязначную, дзеці вучыліся стасавацца паміж сабою і са старэйшымі, жыць у грамадстве, шукаць і знаходзіць сябе.
Зацікавіць дзяцей працай у дырэктара школы і яго аднадумцаў атрымлівалася на ўсе сто. А вось гісторыя сяброўства рабят з фізікай і біялогіяй, мовамі і літаратурай была крышачку іншай.
– Цяжкім для дзетвары быў шлях да ведаў, – заўважае суразмоўца. – Хаця педагогі школы вельмі стараліся. Перакананы, для дзяцей і для мяне таксама вялікай удачай было працаваць з Зінаідай Акуліч, Раісай Клімавай, Зояй Вайценка, Аленай Хоміч і іншымі педагогамі, нераўнадушнымі да няпростых жыццёвых лёсаў дзяцей.
Падчас свайго дырэктарства Пётр Ячнік быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі».
Надзея Іванаўна дастала з кніжнай шафы стары альбом. А яшчэ стос грамат, віншавальных паштовак, большасць якіх аказалася ад былых вучняў. У адной вялікафарматнай паштоўцы, сярод віншаванняў і пажаданняў, зачапілі радкі – прызнанні ўдзячнай вучаніцы: «Пётр Іванавіч і Надзея Іванаўна, дарагія мае настаўнікі! Вы – нямногія сярод прафесіяналаў, якім я бясконца ўдзячна за навуку. Вы былі і застаяцеся для мяне арыенцірам, прыкладам».
Усё з любоўю
Працяг размовы адбыўся ўжо ва ўтульнай, акуратнай і з густам абстаўленай кухні, дзе гаспадыня частавала печывам і духмянай гарбатай, гаспадар далей расказваў пра сябе, сваё ўчора і, вядома ж, сёння.
– Пасля пераезду ў Целяханы наша сям’я атрымала чатырохпакаёўку ў двухпавярховым катэджы. Былі часы, калі кожны пакой быў заселены. Зараз з Надзеяй Іванаўнай мы засталіся ўдвох.
– Амаль што трыццаць год, рана застаўшыся ўдавою, разам з намі пражыла матуля Пятра Іванавіча, – працягвае Надзея Іванаўна. – Яна і дзяўчынак дапамагала гадаваць, і сапраўдным анёлам-ахоўнікам была для нашай сям’і…
Дарэчы, фотаздымкаў, сямейных, школьных, у Ячнікаў безліч, і ўсе яны не проста сабраны ў фотаальбомы, але і падпісаны акуратным каліграфічным почыркам Пятра Іванавіча.
– У маладосці, нягледзячы на клопатныя дырэктарскія будні, муж даволі сур’ёзна займаўся фатаграфаваннем. У Краглевічах фотаздымкі ўсіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны зрабіў, якія пазней знайшлі сваё годнае месца на школьным стэндзе, – расказвае Надзея Іванаўна. – А яшчэ ён выдатны грыбнік, агароднік, любая мужчынская работа ў залатых руках спорыцца.
А не так даўно Пётр Іванавіч даволі сур’ёзна захапіўся маляваннем «па нумарах». І яшчэ ёсць адно хобі – юбіляр займаецца зборам лекавых раслін, прыгатаваннем з іх гарбаты, расфасоўкай па шкляначках.
– Плюсаў у гэтых заняткаў шмат, – лічыць мужчына.
Тры жаданні
Нягледзячы на тое, што жыццё ніколі і нічога не прыпадносіла Пятру Ячніку на сподачку з блакітнай аблямовачкай, не скажаш, што за плячыма мужчыны восем дзясяткаў.
– Мой лёс мог бы быць іншым, можа, нават крышачку лягчэйшым, – заўважае суразмоўца. – Нарадзіўся і вырас я ў вёсцы Старое Сяло, што ў Жабінкаўскім раёне. Аднак, яшчэ будучы студэнтам, старэйшая сястра, што жыла ў горадзе над Бугам, паклапацілася і аформіла мне гарадскую прыпіску. Таму пасля заканчэння педуніверсітэта я мог бы застацца ў горадзе, не «ляцець» у глыбінку… Вось толькі гэта быў бы не я.
– Уявіце сабе, – кажу, – Вашы ўнукі падарылі Вам залатую рыбку. Якія тры жаданні загадалі б ёй?
А ў адказ:
– Міру на зямлі хочацца. Нарадзіўшыся ў пасляваенны час, добра ведаю, які кошт мае кавалак хлеба. Сям’я – яна заўжды была для мяне асновай. Таму людзей, звязаных са мною адной крывёю, і далей няхай сілкуюць нябачныя нітачкі дабрыні, сардэчнасці.
– І апошняе, Пётр Іванавіч, трэцяе жаданне…
– Пажыць яшчэ хочацца. Бо, як некалі пісаў Уладзімір Маякоўскі: «И жизнь хороша, и жить хорошо!».
Галіна МІКАЛАЕВА, фота аўтара і з архіва сям’і Ячнікаў.










