Close
Актуально Главная новость Культура Общество

«Целяханскі бічаўнік» зноў сабраў землякоў

«Целяханскі бічаўнік» зноў сабраў землякоў
  • Опубликовано:15 июля, 2025

13 ліпеня на ўжо дзявяты па ліку фестываль «Целяханскі бічаўнік» жыхары і госці пасёлка ішлі сем’ямі і ехалі з розных куточкаў Беларусі, каб зноў сустрэцца на пляцоўцы ля возера Вулькаўскае.
Гісторыя гэтай падзеі, якая ўжо стала святам-брэндам Целяханшчыны, зыходзіць у часы, калі па Агінскім канале сплаўлялі лес пры дапамозе людской і коннай цягі, выкарыстоўваючы трывалую вяроўку-канат – бічоўку. А дарогу ўздоўж берага канала, па якой буксіравалі груз, называлі бічаўніком. З развіццём параходства гэтая частка набярэжнай страціла сваё прамое прызначэнне.

Аднак у Целяханах бічаўнік не знік, а стаў месцам прагулак і адпачынку мясцовых жыхароў. І гэтая традыцыя перарасла ў свята раённага маштабу – фестываль «Целяханскі бічаўнік».
Ганаровае права адкрыць фестываль і ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь сёлета было прадстаўлена дырэктару ААТ «Целяханы-агра» Дзянісу Вішнеўскаму і работнікам сельгаспрадпрыемства – брыгадзіру вытворчай брыгады Жанне Носенка і загадчыку склада Мікалаю Міхнаўцу.

Пасля тэатралізаванага пралога «Малой радзімы даўніна гукае» з прывітальным словам да целяханцаў і гасцей свята звярнуліся старшыня Целяханскага сельвыканкама Аксана Мялік і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Кузьмін. Абодва выступоўцы прыходзілі да думкі, што свята – гэта не толькі нагода адпачыць, але і чарговы раз звярнуцца да сваіх каранёў, да гістарычнага мінулага, без якога няма сучаснага.

Удзельнікам фестывалю прадставілася магчымасць у гэты дзень сустрэцца і з кіраўніком цэнтра грамадзянскага і патрыятычнага выхавання Дома афіцэраў г. Пензы, доктарам гістарычных навук, рэжысёрам фільма «Загадана жыць», які часткова знімаўся на Хаваншчыне, Ірынай Маславай.
– Фільм «Загадана жыць» стаў магчымасцю сказаць словы ўдзячнасці Беларусі, у якой некалі знайшла прытулак маленькай дзяўчынкай мая маці, што вымушана была ратавацца ад акупацыі, бо была дачкой чырвонага камандзіра, – адзначыла Ірына Іванаўна.

У падарунак для Цэнтра культуры і вольнага часу яна перадала кнігу «Знаходкі сямейных архіваў», у якой сабраны 100 гісторый беларускіх і расійскіх аўтараў, што распавядаюць пра ваеннае ліхалецце, якое не прайшло міма іх сямей.

Асаблівую падзяку Ірына Маслава адрасавала сям’і целяханца Грыгорыя Лукашэвіча, бо пры складанні сцэнарыя фільма яна выкарыстоўвала факты, адлюстраваныя ў аповесці яго дачкі Таццяны Цыркуновай, напісанай па ўспамінах бацькі.

Падчас свята ўшаноўвалі і землякоў, якія сваёй шчырай працай робяць малую радзіму лепшай і прыгажэйшай. Так, па ўзнагароды, якія ўручалі кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, на сцэну паднімаліся работнікі ААТ «Целяханы-агра», Целяханскага лясгаса, завода сталярных вырабаў, філіяла «Целяханскі» ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», Целяханскай сярэдняй школы імя К. К. Ракасоўскага, спецыяльнай школы-інтэрнат, сацыяльнага пансіяната «Агінскі». Узнагароды ад сельвыканкама атрымалі калектывы Целяханскага дзіцячага садка № 3 і ЦДТ г. п. Целяханы.

Ужо каторы год «Целяханскі бічаўнік» з’яўляецца нагодай сустрэчы з былымі аднакласнікамі. Асабліва чуллівым было выступленне на сцэне выпускнікоў Целяханскай школы 1969 года. Людзі, умудроныя жыццёвым вопытам, перадалі наказ землякам – шанаваць радзіму і час, праведзены з блізкімі, бо ён такі хуткаплынны. Ну і, вядома ж, уручылі памятныя падарункі. ЦКіД г. п. Целяханы перададзены архіўны фотаздымак, на якім выпускнікі 1969 года ў поўным складзе, маладыя і шчаслівыя, а Таццяна Цыркунова прэзентавала сваю новую кнігу.

Здаецца, з гадамі свята толькі набірае абароты. І сёлета яно было шматлюдным, вясёлым і шумным. Святочную праграму напаўнялі музычныя нумары ад таленавітых артыстаў Івацэвіцкага раёна. На пляцоўцы размясціліся шматлікія атракцыёны, працаваў выязны гандаль, у тым ліку і Івацэвіцкага райста, арганізаваны выстаўкі розных майстроў, Целяханскай дзіцячай школы мастацтваў.

Асаблівую ўвагу публікі прыцягвалі хадулісты са сталічнага шоу-тэатра «Кустудыя», якія прыўнеслі ў атмасферу свята казачнасці і арыгінальнасці. Горача прымалі гледачы і госця праграмы – артыста эстрады Ігара Задарожнага. Вечарам дзетвару забаўляла тэатралізаваная праграма «Смяшарыкі запрашаюць сяброў!» шматлікімі конкурсамі і танцамі. І гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы, якія чакалі ўдзельнікаў «Целяханскага бічаўніка». Вячэрнюю праграму прадоўжыў фольк-гурт «Славянскія рытмы», а пад народныя песні ў сучаснай апрацоўцы многія то і справа адпраўляліся танчыць, таму канцэрт плаўна перайшоў у дыскатэку, і нават са змярканнем публіка не спяшалася разыходзіцца.

«Целяханскі бічаўнік» адгрымеў са ўсёй шчодрасцю і размахам, уласцівым целяханцам – сапраўдным патрыётам, якія бясконца любяць сваю малую радзіму і спяшаюць сюды з далёкіх і блізкіх краёў. Маштабы свята толькі растуць. З нецярпеннем будзем чакаць наступнага, юбілейнага, фестывалю!

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.