Ці будзе рамонт тратуараў у нас?
На «гарачую лінію» райвыканкама паступіў званок ад жыхара дома па вул. Механізатараў. «У нашым доме № 3 даўно не было рамонту прыдамавой тэрыторыі. Тратуары ў трэшчынах, хадзіць цяжка, асабліва каля нашага 3-га пад’езда. А мы людзі немаладыя, каб не ўпасці… Патрабуюць рамонту і лаўкі. Зараз вунь колькі дамоў прыгожых у горадзе стала. Усе пафарбавалі, каля многіх дамоў навялі парадкі, мы таксама хочам прыгажосць у сваім двары!»
Карэспандэнты «ІВ» выехалі на месца, сапраўды, тратуары тут не новыя, праблема ёсць, пракаменціраваць сітуацыю мы папрасілі начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Івацэвіцкага райвыканкама Андрэя Меляшкевіча:
– Якраз зараз фарміруецца план мерапрыемстваў па рамонце вулічна-дарожнай сеткі і прыдамавых тэрыторый на 2025 год. Як правіла, у гэты спіс штогод уключаюць пяць – шэсць прыдавамых тэрыторый, у першую чаргу сюды трапляюць тэрыторыі шматкватэрных жылых дамоў з найбольш разбураным дарожным пакрыццём. Дом № 3 па Механізатараў 1990 года пабудовы, і тратуарныя дарожкі насамрэч патрабуюць рамонту. Мы разгледзім магчымасць унясення аб’емаў работ па рамонце па гэтым адрасе на бягучы год.
Так, тратуарныя дарожкі каля ўказанай шматкватэркі насамрэч патрабуюць рамонту, але есць пэўная чарговасць. Усе работы будуць весціся па магчымасці і згодна з планам. Зварот жыхароў прыняты да ўвагі і не будзе праігнараваны. Што да рамонту лавак, то тут жыхары пад’езда могуць пакінуць заяўку аб рамонце, патэлефанаваўшы на нумар «115».
Наш кар.