Close
Актуально Новости Общество Проблема

Ці такі ж любімы «кірпічык»?

Ці такі ж любімы «кірпічык»?
  • Опубликовано:18 февраля, 2026

Пачуццё павагі і беражлівае стаўленне да хлеба ў Беларусі – частка культуры. Традыцыя сустракаць важных гасцей хлебам-соллю захоўваецца ў нашай краіне, і гэтая цырымонія сімвалізуе хлебасольства і гасціннасць нашых людзей. Беларусы захоўваюць матэрыяльныя і духоўныя традыцыі і багацці, сярод якіх пачэснае галоўнае месца займае хлеб.

Івацэвіцкі «кірпічык» не адзін дзясятак гадоў з’яўляецца любімым і абавязковым на сталах жыхароў нашага раёна і не толькі. Часта можна пачуць, што дзеці і ўнукі вязуць у сталіцу пару боханаў свежаспечанага хлеба ад Івацэвіцкага райста. І пачытаўшы негатыўныя водгукі ў адной з сацсетак пра наш хлеб, вырашылі праехаць па раёне і запытацца ў вяскоўцаў, ці так гэта. І першая з пакупнікоў у гошчаўскім магазіне Марыя Сцяпанаўна на наша пытанне адказала як адрэзала: «Во, бачыце, які прыгожы бохан. Ды што гаварыць: не толькі прыгожы, але і смачны! Як можна ўвогуле пра хлеб дрэннае гаварыць?!» Цяжка не пагадзіцца.
Але паслухаем іншых.

Марыя Аляксееўна, аг. Гошчава:
– Мне, наадварот, апошнім часам наш івацэвіцкі «кірпічык» падаецца яшчэ больш смачным. Мо што ў рэцэпце змянілі? Дзеці раз’ехаліся, жыву адна. Паўбохана мне хапае на два дні. Традыцыйна бяру толькі яго. Працавала загадчыкам КБА у Гошчаве і на пенсіі 10 год шчыравала яшчэ, з павагай стаўлюся да івацэвіцкіх вырабаў.

Міхаіл Іванавіч,
фермер з в. Заполле (Косаўскага):

– Кожны дзень бяру наш івацэвіцкі хлеб. Мая сваячка працуе на пякарні, я нават і не сумняваюся ў якасці хлеба (усміхаецца. – Аўт.). У мяне чацвёра дзяцей-школьнікаў: трое сыноў і дачушка. Любімую скарыначку свежага бохана дзелім на ўсіх. Жыву ў вёсцы, трымаю сваю гаспадарку, хлеб і батоны ўжываем кожны дзень. І нашы сябры з Баранавічаў вязуць івацэвіцкі «кірпічык» з сабой.

Таісія Яўціхіеўна, в. Заполле:
– Надта смачны хлеб, вельмі смачны. Мой сын жыве ў сталіцы і гаворыць, што смачнейшага за івацэвіцкі хлеб нават у Мінску няма. Зараз я на пенсіі, працавала бухгалтарам на Косаўскім МВА. Жывём удваіх з мужам, любім купляць тавары нашага райста: і хлеб, і пернікі, і паляндвіца смачная надта.

Уладзімір
Станіслававіч, в. Няхачава:

– «Кірпічык» – мой любімы хлеб. Бачыце, які свежы. Прыехаў якраз пад прывоз. Усё жыццё купляю толькі такі хлеб. Мне 79 гадоў, даглядаю і свой дом, і баць-
коўскі, што ў спадчыну застаўся. Калі трапляю ў Івацэвічы, абавязкова заходжу ў «Колас» па свежыя булачкі з павідлам. Надта яны смачныя!

Анатоль Васільевіч, г. Івацэвічы:
– Купляю наш хлеб заўсёды ў магазіне «Колас». Як па мне, дык не кожны дзень «кірпічык» атрымліваецца ўдалым. Дый і люблю я больш хлеб з вотруб’ем. Бачыце, сёння бохан зажараны, прыгожы. А бывае і не надта, дзень на дзень не прыхо-
дзіцца. Але сёння кожны можа выбраць хлеб па сваім гусце, магазінаў шмат па горадзе. Не бачу ў гэтым праблем.

Гутарыла Марыя САЗОНАВА. Фота Валерыя МІскевІча.