«Цяжкасці — часовыя, дабро, каханне, песні — вечныя»
Недзе праз тыдзень-два пасля таго, як на старонках «Івацэвіцкага весніка» быў апублікаваны матэрыял пра Святлану Каляду, галоўную па чысціні ў Любішчыцкім СДК, а па сумяшчальніцтве – артыстку, якіх трэба пашукаць у аграгарадку, адбылася тэлефонная размова са старшынёю Яглевіцкага сельвыканкама Галінай Панюк. Яна прасіла расказаць яшчэ пра адну сваю зямлячку, у якой, па словах Галіны Антонаўны, «у адной руцэ – швабра, у другой – вядро, а ў душы – вялікі аптымізм і невымерны творчы скарб».
У трэці раз шчасце мацярынства да Галіны Саладухі прыйшло, калі на яе жыццёвым календары было роўна сорак гадоў. Прыйшло шчасце гэтае разам з прыгожым, светлым каханнем.
– Старэйшай дачушцы Аляксандры споўнілася на той момант дваццаць год, сыну
Дзмітрыю – сямнаццаць, – расказвае Галіна Рыгораўна. – Зусім ужо не дзеці былі яны тады. І таму вестку аб маёй цяжарнасці ўспрынялі не тое, што з разуменнем, але і з радасцю.
Неяк восенню, яшчэ гадуючы свайго малодшанькага Кірылку, Галіна Рыгораўна выграбала ў садзе каля дома мокрае пажоўклае лісце. Гэтымі ж справамі займалася і прыбіральшчыца мясцовага сельскага Дома культуры, які акурат каля хаты Галіны Рыгораўны.
– А я вазьмі ды скажы: «З вялікім задавальненнем пайшла б працаваць у культуру, да творчасці бліжэй…», – працягвае расповед жанчына.
І словы гэтыя аказаліся прарочымі. Недзе праз месяц Галіну Саладуху запрасілі на працу ў сельскі Дом культуры прыбіральшчыцай, і яна, вядома ж, адразу згадзілася.
– З таго моманту прабегла-праляцела трынаццаць гадоў, шчаслівых гадоў, – прыязна ўсміхнуўшыся, прызнаецца суразмоўца. – Нягледзячы на маю гіперапеку, самастойным, сур’ёзным хлопцам вырас сынок. Скончыў музычную школу, доўгі час займаўся танцамі. Зараз Кірыл захапіўся плаваннем: па некалькі разоў на тыдзень ездзіць у райцэнтр на заняткі.
Сама ж Галіна Рыгораўна так і працуе ў сельскім Доме культуры. Днём – у фае, глядзельнай зале, ва ўтульных кабінетах, дзе запальваецца агеньчык сапраўднай творчасці, мые падлогу, выцірае пыл… А вечарам прыходзіць на рэпетыцыі і найбольш спявае, таму што не можа не спяваць.
– Любоў да песні, а таксама высокі тэмбр голасу перадаўся мне ад мамы. Дарэчы, толькі мне адной з нас трох, яе дочак, – працягвае расказваць суразмоўца. – Ох, які ж прыгожы, надзіва чысты быў у матулі голас. Шчыравала мама даяркай на ферме, працавала заўсёды вельмі і вельмі цяжка, бо большую частку работ прыходзілася тады выконваць уручную. Вось толькі на цяжкасці ніколі не скардзілася. Аптымісткай была. Песні ў маміным выкананні гучалі не толькі на святы ў нашым доме, але і тады, калі яна нават рагуль сваіх даіла.
Душою да песні цягнецца і ўнучка Галіны Рыгораўны – дванаццацігадовая Кіра. У пазамінулым годзе дзяўчынка разам са сваёй сям’ёй прымала ўдзел у раённым конкурсе «Уладар сяла». Многім запомнілася юная вакалістка сваім артыстызмам, эмацыянальнасцю, голасам.
– Мяне вельмі радуе, што ўнучка, а ўсіх унукаў у мяне пяць, спявае, – кажа Галіна Рыгораўна. – Песня сапраўды чалавеку жыць дапамагае.
Вяртаючыся да творчасці, жанчына прызнаецца, што асаблівае стаўленне ў яе да твораў беларускіх аўтараў, да тых песень, што некалі хораша, душэўна спявала матуля. А яшчэ яна вялікая аматарка творчасці знакамітага беларускага гурта «Дразды». Песні гэтага калектыву пра вёску, пра родны дом, аб простых людзях.
– Такіх, як і я, – усміхаецца Галіна Рыгораўна.
Некаторыя хіты, напрыклад, «Дворык», «Не прадаецца хата бацькоў», «Мама» Галіна Рыгораўна даўно ўжо ўключыла ў свой рэпертуар і з вялікім задавальненнем, пад гучныя апладысменты, спявае падчас канцэртных праграм, на святах, якія ладзяцца не толькі ў родных Любішчыцах, але і ў раёне.
Частку песень, што ўваходзяць у рэпертуар Галіны Саладухі, яна выконвае са сваёй калегай – Святланай Калядой. Іх галасы заўсёды хораша пераплятаюцца, калі спяваюць «Сінь-васількі», «Завіруху» з рэпертуару вядомага беларускага дуэта Ядзвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. Для большасці гледачоў кожнае выступленне Святланы Каляды і Галіны Саладухі – нішто іншае, як прыгожы нумар. Для іх жа – яскравы доказ таго, што побач чалавек, які можа падхапіць падчас выканання песні, калі завагаецца дыханне, які возьме за руку, падтрымае, калі цяжка, балюча.
– Адна для адной мы не проста калегі, сябры, – заўважае Галіна Рыгораўна, – мы – свае.
А яшчэ Галіна Саладуха – душа тэатра мініяцюр. Гледачы, як дзеці, так і дарослыя, заўсёды з нецярпеннем чакаюць яе выхаду на сцэну то ў вобразе вясёлага клоўна, то ў ролі камічнай вясковай бабулькі, то ў грыме гарэзлівай і зусім не страшнай казачнай Бабы Ягі.
– Перад тым, як выйсці да свайго гледача і быць, што называецца, сапраўднай, шмат часу прыходзіцца праводзіць не толькі за развучваннем ролі, але і перад люстэркам, – расказвае Галіна Рыгораўна. – Так-так, менавіта перад люстэркам. Акцёр павінен бачыць сябе збоку, лавіць сваю ўсмешку, выраз твару.
Па словах жанчыны, гэтай, як і многім іншым прамудрасцям сцэнічнага майстэрства, яе навучыла былая дырэктар Любішчыцкага сельскага Дома культуры Святлана Ятчэня.
– Майстар сваёй справы, – кажа пра былую кіраўніцу Галіна Рыгораўна. – Чалавек з вялікай літары.
Дарэчы, у рэпертуары Галіны Саладухі ёсць адзін маналог, які пятнаццаць гадоў таму прывезла з абласнога семінару і ёй падарыла Святлана Уладзіміраўна. Насычаны ён народным каларытам, гумарам, эмоцыямі.
– Нягледзячы на «ўзрост», маналог «На кірмашы» заўсёды чытаю з асаблівым натхненнем, – прызнаецца жанчына. – Кірмашовая гісторыя – гэта не проста падстава для таго, каб «смачна» пасмяяцца, але і даволі добра задумацца над паўсядзённасцю, нашым жыццём-быццём.
Галіна Саладуха любіць сцэну, любіць імгненне, калі яе гледачы «кідаюць» з залы «брава», калі галантна, з усмешкай на твары ёй трэба выйсці на паклон.
– Па натуры я вялікі аптыміст, – прызнаецца Галіна Рыгораўна. – Прачнуся раніцай, перш-наперш усміхнуся; за акном мароз і снег – нічога, бліжэй да поўдня выгляне сонейка, дый да лета не так ужо далёка; калі на рабоце, падчас рэпетыцыі нешта не атрымліваецца, злаваць і падаць духам таксама не буду…
Дамашні аптымізм Галіны Саладухі таксама нельга не заўважыць. Пакуль другая палавінка ў рэйсе, яна сама і з гаспадаркай, а гэта свінні, куры, трусы, авечкі, справіцца, ідэальную чысціню ў доме навядзе, і нават калі яе Кірыл дрэнную адзнаку па геаграфіі ці геаметрыі са школы прынясе, трагедыю рабіць не стане. Проста ведае, што ўсе жыццёвыя цяжкасці – часовыя, а калі і ёсць нешта вечнае, дык гэта ўсё добрае: каханне, шчодрасць душы і песні, якія яна спявае ўсё сваё жыццё.
Галіна МІКАЛАЕВА. Фота Вікторыі ЧЭМАРМАЗОВІЧ.







