x
Close
Актуально все новости Новости Общество

Цёплая справа жыцця…

  • Опубликовано:5 декабря, 2024

Юнаком Аляксандр Супрановіч дапамагаў дзядзьку ў пячной справе, а сёння ён сам майструе розныя печкі ў нашым і ў суседніх раёнах.

Многае ў нашым жыцці вызначае выпадак, так і юны Саша Супрановіч, што родам з Дабромысля, некалі не адмовіў дзядзьку Івану Сільвестравічу ў дапамозе. Ён быў вядомым у той мясцовасці печніком, працаваў з брыгадай, бо ўсё рабілася ўручную. Пляменнік, не шкадуючы сябе, пілаваў ручной пілой кафлю, гачкамі замешваў гліну… Сёння дзядзькі ўжо няма, а пляменнік пячную справу працягнуў, і яна стала яго па жыцці. Слава пра печніка Супрановіча па раёне самая добрая.

Пра Аляксандра Уладзіміравіча мы пачулі ад работнікаў Івацэвіцкага ТЦСАН, гэтым летам ён дапамог падрыхтаваць да зімы печкі як мінімум у двух дзясятках дамоў. Яшчэ сем печак з нуля пабудаваў за лета наш майстар. А ў гэтыя зімовыя дні, не ў сезон, мы сустрэліся са сціплым чалавекам, каб даведацца пра некаторыя тонкасці справы…

– Аляксандр Уладзіміравіч, ужо больш за 30 гадоў Вы ў пячной справе, выходзіць… А каму пабудавалі самую першую ў сваім жыцці печку?

– Сваёй сястры ў яе дабромысленскім доме. Яна засталася задаволенай, шмат гадоў грэлася ўся сям’я ад маёй печкі, а я таксама быў шчаслівы! Сёння ў яе доме элекраацяпленне. Так, у многія вёскі прыйшоў газ, нехта грэецца ад электрычнасці, але заказаў менш не становіцца…

– Як так?

– Нехта нават з батарэямі ў доме не адмаўляе сабе ў задавальненні пагрэцца час ад часу каля печкі, прыгатаваць на агні ежу. Вяскоўцы часта не выкідваюць печ, нават калі праводзяць газ. А колькі сёння дачнікаў… Радуешся, калі моладзь дае другое жыццё вясковым домікам і печкам у іх, на выхадных імчаць сем’і на свае дачы. А яшчэ ўсё больш я прымаю заказаў на будоўлю комінаў-барбекю, такія печкі ў дварах вельмі модныя ў сённяшні час. Хаця будаваць іх няпроста, калі звычайную «галандку» я зраблю за 6-7 дзён, то над барбекю і па некалькі тыдняў працую…

Аднак, як высветлілася, галоўную печку – сваю, на дачы ў Любішчыцах майму герою яшчэ толькі давядзецца адрамантаваць, каб, як кажуць, «сапожник был с сапогами».

За гады работы ў Аляксандра Супрановіча назбіраўся цэлы «арсенал» інструмента: міксер замест былых гачак, бо за дзень пры будаўніцтве пячнік выкарыстоўвае па тры 60-літровых багі гліны, у рабоце дапамагаюць лазерны ўзровень і вуглавая шліфавальная машынка… Па словах печніка, колькі б сучасных гаджатаў не з’яўлялася, усе роўна галоўны інструмент ва ўсе часы – рукі. А ў майго суразмоўцы яны залатыя. Найчасцей да Аляксандра Супрановіча звяртаюцца па паслугі па рамонце печак, і гэта важна – то пытанне бяспекі. Пячнік праводзіць дыягностыку, аглядае печ, часам даводзіцца нават самому залезці ў дымаход. Тут важкі плюс у тым, што наш Аляксандр Уладзіміравіч худы і невялікі ростам!

– Каб грэцца добра зімой, трэба паклапаціцца пра печку летам, – кажа пячнік. – Мая гарачая пара з мая па верасень, увогуле, калі печка пабудаваная добра і догляд за ёй правільны, то яна праслужыць без праблем гадоў 30-40! Больш за ўсё люблю шчыраваць над «галандкамі», тут з заплюшчанымі вачыма магу працаваць, але і новыя складаныя праекты цікава рэалізоўваць – заўсёды думаю: а ці атрымаецца так, як хоча заказчык, як намалявалася ў маёй галаве? Вялікіх чэргаў у мяне няма, не бяру адразу кучу заказаў, ва ўсім люблю паступовасць. Заўсёды ведаю, над чым буду працаваць у бліжэйшыя тры-чатыры тыдні. Зраблю неабходнае – магу браць новыя заказы.

Аб адным шкадуе пячнік – няма пакуль у яго пераемнікаў. Не кожнаму такая тонкая і няпростая справа па плячы. Хочацца Аляксандру Супрановічу перадаць усе веды, якія некалі падарыў яму дзядзька. Чалавек з залатымі рукамі сам зрабіў рамонт у гарадской кватэры, з жонкай Аленай Міхайлаўнай яны вырасцілі дачушку Марыю, якая жыве ў Мінску. Жадаем майстру дачакацца ўнукаў, прагных да пячных спраў.

А на пытанне, ці лічыць сваю справу асаблівай, незвычайнай, нават магічнай, наш герой станоўча кіўнуў галавой. Гэта рэдкая справа, як і рэдкі майстар ды рэдкай сціпласці чалавек.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота з архіва Аляксандра СУПРАНОВІЧА.