У адказе за здароўе рагуль

Добрасумленна і аддана працуе ветфельчар ААТ «Святая Воля» Аксана Байдун.
Аксана Байдун не чакае ад сваіх падапечных падзякі ці віншаванняў з прафесійным святам, бо яна – ветэрынарны фельчар. Яе работа – гэта не толькі клопат аб жывёлах, але і забеспячэнне бесперабойнай работы малочнатаварнай фермы.
Любоў да жывёл стала некалі вызначальнай у выбары прафесіі, хоць нарадзілася і вырасла Аксана Мікалаеўна ў горадзе – у Баранавічах. Спасцігала азы прафесіі яна ў Ляхавіцкім аграрным каледжы. Затым працавала ў пасёлку Мір на малочнатаварнай ферме, потым на свінаводчым комплексе.
Разам з мужам Міхаілам у 2016 годзе яны прыехалі на працу ў ААТ «Аброва». Муж уладкаваўся інжынерам-энергетыкам, а маладая жанчына папоўніла ветэрынарную службу сельгаспрадпрыемства. На выбар месца для маладой сям’і паўплывалі жыллёвыя ўмовы – ім выдзелілі дом.
Аксана Мікалаеўна адзначае, што за яе восем гадоў у сельгаспрадпрыемстве ў лепшы бок змяніліся ўмовы яе працы і ўтрымання жывёлы, асабліва гэта стала адчувальна пасля далучэння ААТ «Аброва» да «Святой Волі».
У абавязкі ветфельчара ўваходзіць прыём ацёлаў, вакцынацыя, лячэнне і прафілактыка захворванняў дойнага статку, у асноўным мастытаў. Вопытны ветфельчар працуе на МТФ «Аброва», сёння яна ў адказе за 975 галоў. У яе прафесіі графік работы залежыць ад многіх фактараў.
– Працоўны дзень мой пачынаецца ў пяць ранку, паколькі я павінна прысутнічаць на дойцы. Так, ёсць нормы, але на справе дзень на дзень не прыходзіцца. Бывае, аператыўна са ўсім спраўляешся, а бывае, патрэбна затрымацца або вярнуцца на работу і пасля сканчэння працоўнага дня. Галоўнае для мяне – захавальнасць статку і мінімізацыя захворванняў, таму нават і ў выхадны я заўсёды застаюся на сувязі, – расказвае Аксана Байдун.
Рэзультаты работы ветэрынарнай службы і, у прыватнасці, ветфельчара Аксаны Мікалаеўны, як кажуць, відавочныя. Захавальнасць статку за 10 месяцаў бягучага года складае 93 %, у разы знізілася і захваральнасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы.
Забяспечанасць лекавымі прэпаратамі ў гаспадарцы своечасовая, адзначае ветэрынарны фельчар, застаецца толькі працаваць на сумленне. А з сумленнем у яе ўсё ў парадку. Гэта пацвярджае і кіраўніцтва ААТ «Святая Воля», і кіраўнік участка «Аброва» Святлана Равенка.
– Аксана Мікалаеўна заслугоўвае толькі добрых слоў у свой адрас. Выпадковых людзей у ветэрынарыі быць не павінна, тут патрэбна прызванне і любоў да жывёлы. А Аксана Мікалаеўна, як кажуць, чалавек на сваім месцы. Адказны і запатрабаваны работнік, – адзначыла Святлана Леанідаўна.
А сёлета працоўныя заслугі ветэрынарнага фельчара Аксаны Байдун заўважаны і на раённым узроўні – да прафесійнага свята яна ўзнагароджана Граматай упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.