У атмасферы шчаслівага дзяцінства
ДУА «Дзіцячы сад № 5 г. Івацэвічы» – лепшы ў Брэсцкай вобласці па выніках работы за 2024 год
Прыемна, што сістэма адукацыі Івацэвіцкага раёна штогод паказвае высокія вынікі. У мінулым годзе на старонках «ІВ» мы расказвалі, як дзіцячы сад № 1 г. Івацэвічы стаў лепшым у Брэсцкай вобласці па выніках работы за 2023 год, а зараз зноў выпала нагода ганарыцца, бо за высокія паказчыкі ў развіцці адукацыі за 2024 год ДУА «Дзіцячы сад № 5 г. Івацэвічы» адзначана Дыпломам І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
Пры падвядзенні вынікаў улічвалася шмат крытэрыяў. Да прыкладу, укамплектаванасць кадрамі – яна складае 100 працэнтаў, наяўнасць вышэйшай адукацыі ў педагагічных работнікаў па профілі работы (93,5 %), а таксама першай і вышэйшай кваліфікацыйных катэгорый (87 %). Важным аспектам стала задаволенасць бацькоў якасцю адукацыі выхаванцаў на аснове праведзенага анкеціравання – яна на максімальным узроўні. Улічылі і колькасць дзён, якія дзеці прапусцілі па хваробе, плюсам у рэйтынгу стала адсутнасць траўматызму сярод выхаванцаў, забяспечанасць іх сродкамі навучання і безбар’ерным асяроддзем і іншае. Так, выдатныя па ўсіх пазіцыях паказчыкі дазволілі дзіцячаму саду № 5 г. Івацэвічы стаць лепшым сярод 444 дашкольных устаноў адукацыі вобласці – а гэта дарагога каштуе.
Трэба адзначыць, што ўстанова на працягу шэрага гадоў трымаецца ў тройцы лідараў сярод гарадскіх дашкольных устаноў адукацыі раёна, а сёлета яна – абсалютны лідар. Гісторыя дзіцячага сада № 5 г. Івацэвічы пачала свой адлік з ліпеня 1991 года. Спачатку садок знаходзіўся ў ведамасным падпарадкаванні Івацэвіцкага прыборабудаўнічага завода. У 1994 годзе ён быў перададзены на баланс раённага аддзела адукацыі. За больш чым тры дзесяцігоддзі тут умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база, назапашваўся каласальны вопыт не аднаго пакалення супрацоўнікаў, а са сцен установы адукацыі выйшлі тысячы ўдзячных выпускнікоў.
Сёння ва ўстанове працуе 12 груп, якія наведвае 218 выхаванцаў. У тым ліку функцыянуе адна група інтэграванага навучання і выхавання, дзве – для дзетак з цяжкімі парушэннямі мовы, а таксама санаторная група. Па заяве бацькоў арганізаваны 12-гадзінны рэжым работы дзвюх груп – з 7.00 да 19.00.
Няма сумнення, што ў дзіцячым садку № 5 г. Івацэвічы працуе творчы і прафесійны саюз аднадумцаў, якія валодаюць высокай кампетэнцыяй і талентам.
– Адукацыйны працэс ажыццяўляецца 31 педагагічным работнікам. Гэта людзі, адданыя прафесіі і правераныя часам. Разам з тым ёсць і маладыя ды перспектыўныя педагогі, якія ўжо спасціглі азы выхавання дашкольнікаў, – расказвае загадчык дзіцячага садка № 5 Таццяна Бяляева, якая ўзначальвае калектыў з 2021 года.
Таццяна Уладзіміраўна адзначае, што стаць лепшымі на ўзроўні вобласці ўдалося дзякуючы намаганням усяго калектыву: яе намеснікаў па асноўнай дзейнасці і па гаспадарчай, выхавацеляў і іх памочнікаў, музычных і фізкультурных кіраўнікоў, педагога-псіхолага і дэфектолагаў, повараў, кухонных рабочых, прачак і вартаўнікоў. А яшчэ, безумоўна, дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з бацькамі.
У гэтым навучальным годзе ва ўстанове дзейнічаюць тры аб’яднанні па інтарэсах за кошт бюджэтных сродкаў: «Юны выратавальнік», «Вясёлыя пальчыкі» і «Музычны калейдаскоп», а таксама на платнай аснове «Дзіцячы фітнес».
– Дзеці – гэта наша будучыня. І тое, што мы пасеем у іх свядомасці сёння, дасць свае плады заўтра, – упэўнена загадчык Таццяна Уладзіміраўна.
Таму важным крокам у 2023 годзе стала адкрыццё на базе сада № 5 г. Івацэвічы дашкольнага лясніцтва «Лесазнайкі». Гэта сумесны праект Міністэрстваў адукацыі і лясной гаспадаркі, дзякуючы якому дзеці даведваюцца пра важнасць захавання лясоў і іх значэнне, пра людзей лясной гаспадаркі, пра тое, як многа патрэбна часу, каб вырасла дрэва. Так, юнымі лесаводамі сталі выхаванцы групы «Пралеска» і разам з выхавацелямі Маяй Рыгораўнай Лукашэвіч і Аленай Уладзіміраўнай Бонда яны актыўна супрацоўнічаюць з Даманаўскім лясгасам.
Вялікая работа вядзецца і па выхаванні маленькіх патрыётаў. Асаблівай падзеяй у жыцці сада адзначыўся 2024 год, бо ўстанова стала першым дзіцячым садам у Брэсцкай вобласці, які далучыўся да праекта «Сетка школ міру ў Рэспубліцы Беларусь». Гэтаму, безумоўна, папярэднічала вялікая работа педагогаў дашкольнай установы і супрацоўніцтва з раённым аддзяленнем Беларускага Фонду Міру. І гэта зусім не значыць, што дзецям цяпер выкладаюць школьную праграму. Перш за ўсё іх вучаць памнажаць дабро і берагчы мір на нашай зямлі. Ганаровае званне міратворцаў носяць выхаванцы групы «Калабок». Разам з выхавацелямі Вольгай Аляксандраўнай Суцько і Вольгай Уладзіміраўнай Асіпік яны ўдзельнічаюць у значымых святах і мерапрыемствах раёна. А з якім запалам міратворцы далучыліся да міжнароднай акцыі «Жывыя пісьмы дашкольнікаў». Па ініцыятыве намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці Людмілы Кукк наладжана супрацоўніцтва з дзіцячымі садамі гг. Санкт-Пецярбург, Гусеў і Перм. Так, выхаванцы пятага садка спачатку адправілі пісьмо сваім расійскім равеснікам, у якім расказалі пра наш раён і яго знакавыя месцы, пра родны садок і свае захапленні. Не забыліся пакласці ў бандэроль і сувеніры з нашай сімволікай, а таксама карту «Пуцевадзіцель па Івацэвіцкім раёне» – распрацоўку творчай групы выхавацеляў з дашкольных устаноў раёна. А потым атрымалі адказ таксама з цікавымі аповедамі ды сувенірамі. Зараз перапіска вядзецца актыўна, а дзеці з цікавасцю пазнаюць новае і дзеляцца сваім, нават самі разам з выхавацелямі адпраўляюць і атрымліваюць пісьмы і бандэролі на пошце.
Актуальным інструментам патрыятычнага выхавання з’яўляецца і музей «Беларуская хатка», дзе сіламі калектыву сабраны старыя прадметы побыту, а таксама фотаэкспазіцыя «Івацэвічы: мінулае і сучаснае», што адлюстроўвае гісторыю нашага краю.
Нельга не сказаць і пра абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі, якая спрыяе камфортнаму прабыванню выхаванцаў. У гэтым пытанні адміністрацыя і калектыў садка шчыра ўдзячныя аддзелу па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама, спонсарам – ААТ «Івацэвічдрэў», а таксама Апякунскаму савету. Так, толькі за апошні год з дапамогай аддзела па адукацыі праведзены рамонт харчаблока, заменена электрапліта, патэльня, набыты дзве пральныя машыны і, што вельмі важна, вырашана пытанне з асфальтаваннем пад’язной дарогі і пешаходных дарожак. ААТ «Івацэвічдрэў» дапамагло з набыццём мэблі для групы «Рамонак», а таксама аргтэхнікі. Ды і без дапамогі бацькоў, як адзначае Таццяна Уладзіміраўна, прыйшлося б цяжка. Яны ўдзельнічаюць і ў мерапрыемствах, і ў добраўпарадкаванні садка.
Пабываўшы на днях у гэтай дашкольнай установе адукацыі, склалася ўражанне, нібы ты на нейкі час акунуўся ў шчаслівае дзяцінства: залівісты смех дзетвары, шум неўгамонных галасоў, пахі смачнай ежы, утульнасць груп з мноствам цацак, гульнявога абсталявання… А на пытанне, які ж ён, ваш дзіцячы сад, ад выхаванцаў пачуліся цалкам чаканыя адказы: «Ён добры! Прыгожы! Любімы! Лепшы!» Здаецца, гэта самая што ні на ёсць шчырая і высокая ацэнка ўсім, хто кожную раніцу спяшаецца на працу ў дзіцячы сад № 5 г. Івацэвічы.
Аксана Цярэшка, фота аўтара.





