У Івацэвічах ушаноўвалі лепшых медыкаў раёна

Сёлета Дзень медыцынскіх работнікаў прыпаў на 19 чэрвеня, і сёння ў Івацэвіцкім ГДК адбыліся ўрачыстасці ў сувязі з надыходзячым прафесійным святам урачоў, медсясцёр, работнікаў аптэк і санітарнай службы.
Лепшыя з лепшых – дзясяткі медработнікаў – атрымалі заслужаныя ўзнагароды з рук ганаровых гасцей. Гэта граматы і падзякі Брэсцкага аблвыканкама, Івацэвіцкага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, узнагароды ад галоўнага ўрача ЦРБ і ад прафсаюзнай арганізацыі і іншыя.
Ёсць сярод нашых медыкаў і ўрач, адзначаны Міністэрствам аховы здароўя, – учора ў Мінску нагрудным знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь” узнагароджаны намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Мікалай Мікалаевіч Дашэвіч.
Адзначым, што асаблівую ўзнагароду ад прафсаюза – “За адданасць прафесіі” – атрымаў урач-тэрапеўт тэрапеўтычнага аддзялення Івацэвіцкай ЦРБ Анатоль Фёдаравіч Бялевіч, які больш за 40 гадоў працуе ў райбальніцы і працяглы час быў загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення.
Усіх запрошаных на мерапрыемства медработнікаў чакаў выдатны падарунак – музычныя нумары ад івацэвіцкіх артыстаў і канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, ансамбля народнай музыкі “Бяседа”.
Больш падрабязна пра тое, як прайшло мерапрыемтва, чытайце на старонках раённай газеты.