У Косаўскай бальніцы і Даманаўскай амбулаторыі – новыя «Нівы»

Аўтамабілі, якія да гэтага былі ў распараджэнні вышэйназваных устаноў аховы здароўя, вычарпалі свой рэсурс. Дзве новыя «Нівы» набылі за сродкі, сабраныя падчас раённага суботніка, і патрацілі на гэтыя мэты больш за 60 тыс. руб.
Як расказаў галоўны ўрач раённай бальніцы Васілій Юзефовіч, аўтамабілі будуць выкарыстоўвацца для работы ў амбулаторных умовах – для абслугоўвання выклікаў, выездаў дактароў і іх памочнікаў на ФАП, дастаўкі расходных медыцынскіх матэрыялаў, саміх пацыентаў, у тым ліку на гемадыяліз.
Нагадаем, што вясной мінулага года для Быценскай амбулаторыі ўрачэбнай агульнай практыкі набылі аўтамабіль «Лада» коштам 45 тыс. руб. – за ахвяраванні спонсараў і сродкі, заробленыя падчас раённага суботніка. А летам новую «хуткую» маркі «Сітраэн» коштам 140 тыс. руб. атрымаў пост хуткай дапамогі Целяханскай гарадской бальніцы (аўтамабіль купілі за бюджэтныя сродкі ў рамках падрыхтоўкі да абласных «Дажынак»). Бальнічны аўтапарк актыўна абнаўляўся і ў папярэднія гады. І сёлета, магчыма, ён папоўніцца не толькі новымі «Нівамі», але і новым аўтамабілем хуткай дапамогі. Па папярэдняй інфармацыі, вобласць купляе 15-20 «хуткіх», адна з якіх напрыканцы года можа быць накіравана ў Івацэвіцкі раён.
Карыстаючыся выпадкам, спыталі ў галоўнага ўрача і пра зрушэнні ў пытанні будаўніцтва будынка для камп’ютарнага тамографа. Праектная дакументацыя выканана і прайшла экспертызу, Івацэвіцкая ЦРБ хадайнічала перад галоўным упраўленнем па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама аб магчымасці выдзялення сродкаў на будаўніцтва памяшкання для тамографа ў наступным годзе.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя Міскевіча.