Лічаныя дні засталіся да пачатку навучальнага года, бацькі азадачаныя падрыхтоўкай дзяцей да школы, а ўсе мы ведаем, што гэтая справа не толькі клапотная, але і патрабуе шмат выдаткаў. Штогод напярэдадні 1 верасня ў нашай краіне праводзіцца кампанія па падрыхтоўцы дзяцей да школы: бацькі могуць разлічваць на падтрымку з боку дзяржавы, работадаўцы або грамадскасці.

Такі від падтрымкі, як аднаразовая матэрыяльная дапамога, прадугледжаны падпраграмай «Сям’я і дзяцінства» Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады». Разлічваць на яе могуць сем’і, у якіх выхоўваецца трое і больш дзяцей. Дапамога выплачваецца на кожнага вучня, які навучаецца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі) у Рэспубліцы Беларусь, у памеры 30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, што дзейнічае на 1 жніўня каляндарнага года, а гэта 109,32 рубля.

Як паведаміла загадчык аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі ДУ «Івацэвіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Алеся Грынчык, такую дапамогу на 24 жніўня ўжо атрымалі 858 сямей на 1 607 дзяцей, агульная сума выплат склала 175 677,24 рубля.

Акрамя гэтага ў Івацэвіцкім раёне, як і па ўсёй краіне, праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя «Падрыхтуй дзіця да школы», якая накіравана на падтрымку дзяцей з сямей, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Арганізатары акцыі – спецыялісты ДУ «Івацэвіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» – яшчэ ў ліпені размясцілі ў магазінах «Культтавары», «Канцлер», «Тры цаны», «ФіксПрайс» скрыні з надпісамі аб акцыі, у гэтыя скрыні кожны нераўнадушны жыхар і госць горада мог пакласці школьныя прыналежнасці для такіх дзяцей.

Падтрымаць школьнікаў і іх сем’і дапамагаюць і спонсары: Івацэвіцкая РА РГА «Белая Русь», Івацэвіцкая РА ГА «Беларускі фонд міру», ІП «Кныш А. А.». З іх дапамогай сабрана 1 350 рублёў, на гэтыя сродкі закуплены таксама канцылярскія прыналежнасці. У выніку сфарміравана 56 набораў, якія дапамогуць сем’ям, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і найбольш маюць патрэбу ў дапамозе, сабраць партфелі сваім школьнікам. Зараз спецыялісты ТЦСАН актыўна наведваюць даныя катэгорыі сямей на даму і ўручаюць дзецям падарункі, так неабходныя ім для навучання.

Матэрыяльная дапамога на падрыхтоўку да навучальнага года аказваецца і за сродкі наймальніка або прафсаюзных арганізацый па месцы работы бацькоў у адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі.
Як бачна, дзякуючы падтрымцы дзяржавы і нераўнадушнай грамадскасці годна падрыхтаваць дзіця да школы зможа кожная сям’я, а шчаслівыя ўсмешкі дзяцей стануць для ўсіх лепшай падзякай за ўвагу.

Аксана Цярэшка.

Поделиться