Close
Актуально Новости Сельское хозяйство

У цэнтры ўвагі – працаўнікі сяла

У цэнтры ўвагі – працаўнікі сяла
  • Опубликовано:26 марта, 2026

Рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод» прайшла ў Івацэвіцкім раёне.

У сучасных рэаліях, дзе тэхналогіі развіваюцца імклівымі тэмпамі, а гарадское жыццё вабіць сваімі магчымасцямі, праца чалавека на зямлі, асабліва ў жывёлагадоўлі, часам незаслужана застаецца ў цені. А менавіта гэтыя людзі штодзённа, без выхадных і святаў, укладаюць свае сілы для забеспячэння краіны малаком, мясам і іншымі прадуктамі. Усведамляючы гэтую неацэнную ролю, Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў АПК выступіў з важнай ініцыятывай – акцыяй «Наш жывёлавод».

Гэта не проста даніна павагі, а комплексны падыход да вырашэння шэрага актуальных задач. Акцыя падкрэслівае значымасць і высакароднасць прафесіі жывёлавода, прыцягвае ўвагу грамадства да іх нялёгкай, але жыццёва важнай працы. І такое прызнанне заслуг павінна быць не толькі на словах. Акцыя прадугледжвае канкрэтныя меры заахвочвання, якія стымулююць работнікаў да далейшых дасягненняў.

У Івацэвіцкім раёне дадзеная акцыя паспяхова рэалізуецца дзякуючы сумесным намаганням раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Іх прадстаўнікі арганізавалі выязныя сустрэчы на жывёлагадоўчых аб’ектах сельгаспрадпрыемстваў раёна, каб асабіста пагутарыць з працаўнікамі, выказаць ім падзяку.

На адной з такіх сустрэч, якая адбылася на ўчастку «Грыўда» ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс», пабывалі і карэспандэнты «ІВ». Атмасфера гэтага дня была напоўнена шчырасцю і цеплынёй. У цэнтры ўвагі аказаліся жывёлаводы па доглядзе за маладняком на адкорме Ала Бурдзь і Аляксандра Талкачэвіч (на здымку першая і другая справа). На некалькі хвілін яны адцягнулі ўвагу ад сваёй адказнай работы, каб прыняць кветкі і віншаванні ад старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Ігара Паўшко і прафсаюзнага лідара сельгаспрадпрыемства Сяргея Бандарука. Твары працаўніц свяціліся ўсмешкамі, у якіх чыталіся і гонар за сваю працу, і прыемнае здзіўленне ад такой увагі.

Пра тое, якія тонкасці прымяняюцца ў доглядзе за маладняком буйной рагатай жывёлы, жанчыны ведаюць дасканала. Аляксандра ў адказе за дзве групы, у якіх каля 150 бычкоў і цялушак, пачынаючы ад двухмесячнага ўзросту, і кожная жывёла патрабуе індывідуальнага падыходу і нястомнай увагі. Жывёлаводы сочаць за кожным цяляткам, каб ніхто не застаўся галодным, каб ва ўсіх «пастаяльцаў» быў сухі подсціл, каб яны былі вясёлымі і здаровымі. Гэта не проста механічнае выкананне абавязкаў, гэта сапраўднае адказнае стаўленне да сваіх падапечных. Акрамя гэтага, у яе абавязкі ўваходзіць утрыманне памяшкання ў чысціні і парадку – гэты залог здароўя і камфорту жывёлы.

Аляксандра, якая ўжо 14 гадоў шчыруе на ўчастку «Грыўда», з захапленнем расказвае пра сваю працу, падкрэсліваючы важнасць кожнай дэталі:

– У доглядзе за цялятамі важна літаральна ўсё. Яны павінны быць накормленымі, своечасова выпаенымі і сухімі. Я нават на выхадным думаю пра тое, як там мае падапечныя пажываюць.
30 гадоў нялёгкай працы ў сельскай гаспадарцы і ў яе калегі Алы Бурдзь.

Раней жанчына працавала даяркай, а як дойны статак перавялі на ўчастак «Воля», «перакваліфікавалася» ў жывёлавода. Дарэчы, у гэтым жа сельгаспрадпрыемстве некалі працавалі і яе бацькі, мама – даяркай, тата – трактарыстам, зараз трактарыстам працуе муж. Таму да сельскага ўкладу жыцця ёй не прывыкаць. У групах Алы Уладзіміраўны толькі цялушкі, якія пасля папоўняць дойны статак сельгаспрадпрыемства.

Працуюць жанчыны на сумленне, і гэта адбіваецца на выніках. Сярэднясутачныя прывагі ў іх падапечных дасягаюць 900-1000 грамаў. І хоць, як адзначаюць працаўніцы, няпроста было спраўляцца з працоўнымі задачамі ў непрывычна марозную зіму, усё ж дзякуючы прынятым дадатковым мерам і нястомнай працы пагалоўе збераглі.

Атрымліваючы ўзнагароды, яны шчыра дзякавалі за ўвагу. Гэтыя прыемныя моманты, напоўненыя такім важным для любога работніка прызнаннем і павагай, сталі выдатным дапаўненнем іх працоўнага дня.

Як адзначыў Ігар Паўшко, усяго падчас правядзення акцыі ў Івацэвіцкім раёне адзначана і заахвочана 30 работнікаў, якія прысвяцілі сябе нялёгкай працы ў жывёлагадоўлі.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.