У знак удзячнасці — кветкі да помніка
21 лютага ў скверы Перамогі па вул. Савецкай прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны і Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь. Тут, каля брацкай магілы загінуўшых савецкіх воінаў і партызан, спачатку прагучалі пранікнёныя словы вядучых аб тым, што гэтае свята – усенароднае, яно яднае ўсіх беларусаў, гэта як звяно паміж мінулым і будучым, як даніна глыбокай павагі да ўсіх пакаленняў абаронцаў нашай Айчыны…
Пасля кароткага напаміну аб тым, якой цаной наш народ заваёўваў мір і незалежнасць, усе прысутныя – прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, сілавых структур, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь, жыхары раёна – ушанавалі памяць загінуўшых абаронцаў Айчыны хвілінай маўчання…
А потым да помніка леглі кветкі. На лёс нашай краіны выпала нямала выпрабаванняў, неаднойчы наша зямля станавілася арэнай шматлікіх ваенных канфліктаў, і заўсёды беларусы праяўлялі сябе як моцны, гераічны, мужны народ, які любіць і беражэ сваю зямлю, і за мір на ёй аддасць нават жыццё. Пасля выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь прагучалі важныя словы: «Самае каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці, – гэта спакой і мірнае неба над галавой». Гэта пачулі ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці, у тым ліку і вучні гарадскіх школ. Ім у сучасных рэаліях асабліва важна чуць і ведаць усё пра гераічнае мінулае землякоў.
У гэты ж дзень у Івацэвіцкім РДК прайшоў святочны канцэрт, які сабраў поўную залу тых, каму былі адрасаваныя самыя цёплыя і шчырыя словы, – нашых мужчын. Творчыя нумары віноўнікам свята дарыла Рэтра Вумэн Трыа «Ружовыя Ружы». Жаночы калектыў радаваў прысутных хітамі савецкага і ранняга постсавецкага часу ў сучасных аранжыроўках.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Сяргея МАЧАЛАВА.





