«Уладары сяла-2025» жывуць на Пружаншчыне
Весела і з размахам на пляцоўцы каля Косаўскага замка прайшоў абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта.
Івацэвіцкаму раёну выпала пашана прымаць чарговы конкурс, у мінулую пятніцу каля мясцовай жамчужыны – Палаца Пуслоўскіх– сабраліся 10 сямей з усёй Брэстчыны, каб паспаборнічаць у навыках касьбы, самапрэзентацыі, распілоўцы дроў і нават забівання цвікоў!
У Косава прыехалі сем’і Валынчук з Брэсцкага раёна, Радкавец з Баранавіцкага, Наход з Пружанскага, Ясечка з Кобрынскага, Шыш з Драгічынскага, Янушчык з Іванаўскага, Велемец з Камянецкага, Косач з Лунінецкага, Яцура з Маларыцкага раёнаў, а Івацэвіцкі раён прадстаўляла сям’я Рак з в. Вялікая Гаць. Пляцоўка хутка напоўнілася дзіцячым гоманам, бо некаторыя з сямей – шматдзетныя, а прыехалі ў поўным складзе, ды яшчэ з музыкай і прысмакамі.
Аднак перш чым маладыя вяскоўцы частавалі прысутных беларускімі стравамі, сем’і павітала намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Святлана Завадская:
– Я рада бачыць вас сёння ва ўнікальным месцы Брэстчыны – на тэрыторыі Косаўскага палаца-паркавага комплексу. Сям’я – гэта любоў і павага, гэта захавальнік маральных каштоўнасцей, культуры, гэта самае галоўнае ў жыцці. Журы абавязкова вызначыць пераможцаў, але вы ўсе ўжо пераможцы раённых этапаў, лепшыя з лепшых. Дзякуем вам за тое, што знайшлі час паказаць сябе!
Далей, нават нягледзячы на не самае спрыяльнае надвор’е, маладыя сем’і з задорам спаборнічалі ў пяці конкурсах! Самым смачным і крэатыўным быў конкурс «Добро пожаловать к нам», дзе кожная сям’я прадстаўляла сваё падвор’е. Тут былі і майстар-клас па вырабе свечак ад Радкаўцоў з Баранавіцкага раёна, і частушкі пра клубніцы ад Косачаў з Лунінца, і вершы ад дзетак сям’і Наход, і частаванне дамашнім салам з хлебам ад сям’і Велемец, і найсмачнейшыя беляшы ад нашай зямлячкі Таццяны Рак. А як уразіў усіх прысутных расказ гаспадара сям’і Шыш з Драгічынскага краю. У маладой сям’і гектар зямлі, статак кароў, бычкоў, куры, свінні… Ад пералічэння закружылася галава, а муж з жонкай яшчэ гадуюць траіх сыноў!
А якія караваі прыгатавалі гаспадыні для конкурсу «Хлеб усяму галава»: прыгожыя, духмяныя, з кветкамі з цеста і нават з пірожнымі ў выглядзе клубніц, нехта спёк караваі па рэцэпце прабабуль, а нехта – па мясцовай традыцыйнай рэцэптуры. У адным сышліся гаспадыні – хлебу ў нашай краіне асаблівая пашана!
Далей гаспадары паказалі свае навыкі ў касьбе! Здаецца, мала хто сёння трымае касу ў руках, а не, амаль усе ўдзельнікі хутка і якасна скасілі выдзеленыя ўчасткі! Як падтрымлівалі свае сем’і родныя падчас конкурсаў «Па дровы» і «Працуем у камандзе». І невялікі дождж не быў перашкодай пры распілоўцы бярвёнаў, пасля іх калолі на дровы, якія гаспадыні складвалі. Як гэта, працаваць у камандзе? Гэта калі тата ўкручвае дзіця ў пялёнкі і па-майстэрску ўпраўляецца з тачкай, а маці ўбівае цвікі і навобмацак збірае гародніну.
Падчас падвядзення вынікаў старшыня журы Лізавета Чэмармазовіч, другі сакратар абласнога камітэта ГА «БРСМ», падкрэсліла: гэты конкурс быў не падобным на папярэднія. Унікальнае месца, унікальнае надвор’е і незвычайныя сем’і зрабілі яго асаблівым. Яна падзякавала Івацэвіччыне за цёплы прыём, а пасля ўсім сем’ям уручыла сертыфікаты ўдзельнікаў і падарункі. Неўзабаве назвала і тройку пераможцаў. Лепшымі сталі сем’і Яцура з Маларыцкага раёна (3 месца), Косач з Лунінецкага (2 месца), а 1 месца і права прадстаўляць Брэстчыну ў Александрыі на святкаванні Купалля заваявала сям’я Наход з Пружанскага раёна. Віншуем пераможцаў і жадаем ім поспехаў.
Многія з удзельнікаў упершыню наведаліся ў наш раён, а Косаўскі замак бачылі толькі на фота. Праект падарыў непадробныя эмоцыі і магчымасць адкрыць для сябе новы турыстычны маршрут. Святочнага настрою на «Уладары сяла» дадавалі песенныя нумары ў выкананні артыстаў і калектываў Івацэвіцкага раёна.
Гаспадыня сям’і-ўдзельніцы ад Івацэвіцкага раёна Таццяна Рак:
«Конкурс нас яшчэ больш аб’яднаў!»
– На раённым этапе мы хваляваліся больш, на абласным конкурсы такія самыя, мы проста трэніраваліся, каб годна прадставіць раён. Фізічна цяжка было піліць бярвёны, а маральна няпроста было мужу-вадзіцелю і мне повару падчас агляду падвор’яў. З вялікім задавальненнем я гатавала стравы, смачна карміць людзей – мая прафесія. Самае галоўнае ва ўсёй гэтай гісторыі – што мы ўсе аб’ядналіся яшчэ больш. Рады былі паказаць сябе і паглядзець на другія сем’і. Дзякуем шчыра за падтрымку дзеткам Караліне і Насцечцы, работнікам культуры і мясцовай уладзе. Усе дапамагалі і словам, і справай. Я такая шчаслівая, што 16 гадоў таму мой Андрэй забыў у мяне шапку, вярнуўся за ёй праз тыдзень – і ўсё, больш мы не расставаліся… Сёння мы сям’я, і гэта не проста словы.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.








