Close
Актуально Новости

Уладзімір Бялоў: «Вясна і жанчына такія падобныя»

Уладзімір Бялоў: «Вясна і жанчына такія падобныя»
  • Опубликовано:8 марта, 2026

Нарэшце пасля пякучых маразоў, густога і спорнага снегу прыйшла і парадавала доўгачаканая вясна. Асабіста для мяне гэтая пара года вельмі падобная з жанчынай. Сваёй дзіўнай здольнасцю адкрывацца свету і ўсяму новаму, быць ласкавай і пяшчотнай, уменнем пераўтвараць шэрае – у светлае, звычайнае рабіць чароўным. Узяць хаця б нас, мужчын. Дзякуючы вясне і, вядома ж, жанчынам нават самыя суровыя і сур’ёзныя знаходзяць у сабе сілы і смеласць ісці па вуліцах горада з букетамі кветак, віншаваць, быць уважлівымі і лагоднымі, дарыць кампліменты і ўсміхацца.

Зусім не супадзенне, а глыбокая філасофія жыцця закладзена ў тым, што менавіта вясной на календары з’яўляецца лісток, а на ім – 8 Сакавіка – агульнадзяржаўная дата, галоўны жаночы дзень.

І ў гэты дзень, дарагія жанчыны Івацэвіччыны, найлепшыя прадстаўніцы свету, шчыра і ад усёй душы жадаю, каб у вас абавязкова было здароўе, сярод працоўных будняў, клопатаў і абавязкаў знаходзілася месца для свят і адпачынку, каб з пяшчотным вясновым ветрыкам у ваша жыццё прыйшлі навізна, радасць, гармонія і шчасце. Для ўсіх і кожнай няхай сёлетняя вясна стане часам спаўнення самых смелых мар і жаданняў, адлюстраваннем той самай вечнай жаноцкасці, цяпла і прыгажосці. Для жанчын, якія займаюць кіруючыя пасады, зычу смеласці брацца за любыя, нават самыя складаныя задачы і заўсёды адчуваць падтрымку з боку сям’і, калег, сяброў.

Год 2026-ы ў нашай краіне аб’яўлены Годам беларускай жанчыны невыпадкова. Кіраўнік дзяржавы ніколі не хаваў, што ў яго асаблівыя адносіны да прадстаўніц прыгожай палавіны чалавецтва. Дый, наогул, жанчыны, якія трывала занялі свае пазіцыі ў сістэме адукацыі і аховы здароўя, якія працуюць на заводах і ў сельскай гаспадарцы, бізнесе, выхоўваюць дзяцей, у нашай краіне – нацыянальны здабытак.

Па ўсім адчуваецца, што ініцыятыва і рашэнне Прэзідэнта краіны атрымалі вялікую падтрымку. Літаральна нядаўна прайшоў рэспубліканскі форум «Жанчына і будучае вёскі», удзел у якім прымала прадстаўніца Івацэвіцкага раёна Людміла Саленік. Праз некалькі дзён у Савеце Рэспублікі адбылася сустрэча Наталлі Качанавай з жанчынамі-работнікамі прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, дзе работа дырэктара Івацэвіцкай ЖКГ Людмілы Ільянковай была адзначана Падзякай Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Напярэдадні 8 Сакавіка старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык сустракаўся з лепшымі працаўніцамі аграпрамысловага комплексу Брэстчыны. Сярод сарака жанчын, запрошаных на форум, былі руплівыя, шчырыя, адданыя вёсцы і сельскагаспадарчай працы Ніна Радзько і Лілія Літоўчык з адкрытага акцыянернага таварыства «Святая Воля».

Цяжка будзе пералічыць ужо сёння, колькі змястоўных мерапрыемстваў на рахунку работнікаў адукацыі і культуры Івацэвіччыны, цікавых публікацый пра тых, хто дорыць жыццё, хто здзіўляе і кім здзіўляюцца, зроблена на старонках нашай раённай газеты «Івацэвіцкі веснік». А колькі ўсяго чакае яшчэ наперадзе!

Дарагія жанчыны, яшчэ раз са святам! З вясною, якая наўрад ці прыйшла б так рана на нашу зямлю без вас і вашых палымяных сэрцаў! З прыгожым, яркім, добразычлівым сакавіком, які абавязкова падорыць веру, надзею і любоў і будзе мірным, паспяховым і шчаслівым!

Са святам!