14 жніўня пачаўся Успенскі пост, самы кароткі з чатырох шматдзённых пастоў. Ён доўжыцца ўсяго два тыдні, але строгі, як Велікодны, і прысвячаецца Багародзіцы. Таму свята Успення Багародзіцы, якое мы будзем адзначаць 28 жніўня, называецца Багародзічны Вялікдзень.
Успенне Прасвятой Багародзіцы для сучаснага чалавека, пэўна, самае незразумелае свята: як можна ўрачыста, яскрава і радасна святкаваць смерць? Тым больш смерць Багародзіцы – той, каго мы так любім і шануем.
Яна, Багародзіца, вышэй і больш за ўсіх людзей дабратворная, як кажа царква, часнейшая Херувім і слаўнейшая без параўнання Серафім. Каб зразумець, што значыць Херувім, прачытайце першую главу кнігі Іезекііля і шостую главу кнігі Ісайі, дзе тлумачыцца, хто такія Серафімы. Трэба пачытаць гэтыя кнігі, каб зразумець, каго бачылі Іезекііль і Ісаійя. Валасы ўстаюць дыбам ад апісання іх сілы і велічы, а Яна, сціплая дзяўчынка з Назарэта па імені Марыам, за ўсіх херувімаў і серафімаў часнейшая і слаўнеўшая…
Асаблівае мацярынства падарыў Ёй Гасподзь – Хрыстос падарыў Сябе Ёй як Сына. Багацце любой маці – дзеці, і Яна самая багатая жанчына ў свеце. Маці Божая ніколі не шукала быць вядомай, не шукала славы, быць вышэй за іншых. Немагчыма ўявіць Багародзіцу, якая падмалёўвае вусны перад люстэркам. Немагчыма! Немагчыма ўявіць нічога ў яе адрас, што тычыцца сучасных жанчын, нават самых харошых і добрых. Яна вышэй за ўсіх нас невымяральна і сапраўды часнейшая і слаўнейшая. І пры ўсім гэтым Яна – чалавек і павінна была памерці, як усе звычайныя людзі. Але смерць Прачыстай была Дарам Божым – яна проста заснула (ад гэтага і ўтварылася назва свята).
І Яе Сын забраў. Яна ў целе сваім бессмяротным і праслаўленым знаходзіццца ў Славе Божай. Таму для ўсіх нас свята Успення Маці Божай – гэта Яе Вялікдзень, Яе Уваскрашэнне.
Сучаснаму чалавеку свята Успення Багародзіцы задае пытанне: што галоўнае ў нашым жыцці, навошта мы жывём на зямлі? У гэты дзень у храме чытаецца ўрывак з Евангелля пра дзвюх сясцёр Марфу і Марыю. Аднойчы Хрыстос прыйшоў да іх у госці, Марыя села ля Яго ног і стала слухаць Яго словы, а Марфа клапацілася пра прыгатаванне пачастункаў да стала. І нарэшце падышла да Госпада, стала скардзіцца на сястру і прасіць Ісуса, каб адправіў Марыю дапамагаць ёй. І Хрыстос сказаў Марфе: «Марфа, Марфа, ты клапоцішся і мітусішся аб многім, а адно толькі трэба, Марыя ж выбрала дабратворную частку, якая не аднімецца ад яе». І хоць гаворка ідзе ва ўрыўку аб іншай Марыі, сястры Лазара, словы гэтыя ў поўнай меры можна аднесці і да Багародзіцы, якая пранесла праз усё жыццё вернасць свайму жыватворнаму выбару – вынасіць, нарадзіць Збавіцеля, прайсці з Ім увесь Хрэсны шлях.
Сёння нас акружае вялікая колькасць клопатаў, праблем, спраў. Іх так шмат, што ўсе немагчыма перарабіць, і ў гэтай руціне мы можам забыць аб галоўным – аб неабходнасці выбраць дабрадатную частку. І толькі на фоне смерці, ці калі сказаць вышэй – Успення, бачна сапраўдная цана ўсяго, што нас акружае і з чым мы жывём.
Анатолій Опцінскі малодшы перад смерцю сказаў такія словы: «Перад смерцю ты не будзеш успамінаць, дзе і што смачнае еў і піў, у што прыгожае апранаўся. Перад смерцю будзеш успамінаць свой смутак і будзеш дзякаваць за гэта Богу». Тады раптам зразумеем, што праз слёзы, боль, цяжкасці і выпрабаванні толькі і ёсць шанс уратавацца нашай душы. Вялікая справа пацярпець дзеля Бога хоць што ў нашым жыцці. Гэта наша шчасце, а ўсё «салодкае» – гэта, па сутнасці, наш сорам.
Мы называем сябе праваслаўнымі хрысціянамі. Абяцалі Богу ўсю душу, а дзе пачатак? Мы ж нічога не робім. А павінна быць як у сапраўднага бізнесмена. Ён дзень і ноч думае, як укласці сродкі, каб справа квітнела. Хіба мы думаем дзень і ноч пра добрыя справы дзеля Бога? Пра хворых і
адзінокіх, тых, каму патрэбна дапамога? Таму для нас, слабых, пост – гэта магчымасць спыніцца ў жыццёвай мітусні і з «Фавора» сысці ўніз, туды, дзе патрэбна дапамога, дзе ёсць нямог-лыя і адзінокія, галодныя і хворыя. Дзеля Багародзіцы, у якой сумясціліся ўсе духоўныя дары, нам трэба, дарагія хрысціяне, Яе ўшанаваць. І як перад Вялікаднем Хрыстовым мы посцім строга і шчыра, так і перад Вялікаднем Багародзіцы пост строгі. Па сумленні, шчыра посцім, а як хто не можа, то дзеля Бога і Маці Божай рабі, што можаш. Напрыклад, абмяжуй наведванне сайтаў, дзеля Бога і Багародзіцы не еш салодкага ці перад сном кладзі па 12 паклонаў, дзеля Бога раздай тым, хто мае патрэбу, частку сваіх накапленняў або прачытвай па 5-7 Давідавых псалмоў і вывучы яшчэ хоць адзін акрамя 50 і 90-га, дзеля Бога і Багародзіцы не раздражняйся за прабітае кола, за малыя непрыемнасці, а пацярпі і падзякуй за ўсё, што нам пасылаецца.
Мы ж ведаем, што Багародзіца любіць, а што не. Падумайце, сумленне падкажа, якія каштоўнасці сапраўдныя. І самы час пачаць – ад слоў перайсці да справы. Пачніце з простага. Паспрабуйце не асуджаць. Амвросій Опцінскі казаў: «Жыць так проста, калі проста нікога не асуджаць». Паспрабуем?
Падрыхтавала Валянціна БОБРЫК.