Close
Актуально Новости Сельское хозяйство

Усё сваё і ўсе свае

Усё сваё і ўсе свае
  • Опубликовано:16 ноября, 2025

20 гадоў шчыруе даяркай у СВУ «Даманава» Наталля Шклярык.

Малочная жывёлагадоўля – зараз даволі грашовы кірунак сельскагаспадарчай дзейнасці. Аднак, каб разлічваць на высокія паказчыкі і прыбытак, гаспадаркам трэба мець сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу, прытрымлівацца тэхналогій і ўтрымліваць жывёлу ў належных умовах, а таксама мець добрыя, працавітыя, адданыя кадры. Без перабольшвання, такія, напрыклад, як аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы СВУ «Даманава» УП «Брэстаблгаз» Наталля Шклярык.

– Працаваць пачынала роўна дваццаць год таму на малочнатаварнай ферме «Вішнёўка», – расказвае Наталля Вікенцьеўна. – Вопыту было нуль, бо пасля школьных калідораў некалькі год жыла і працавала ў Брэсце прыёманарыхтоўшчыкам, затым, вярнуўшыся ў роднае Даманава, – вартаўніком на Даманаўскім ВГК.

Аднак нічога, усім прамудрасцям абыходжання з каровамі хутка і без асаблівых цяжкасцей яна навучылася. Вядома ж, не без дапамогі. Сяброўка юнацтва Наталля Дубешка, а таксама вопытная даярка сельскагаспадарчага кааператыву Наталля Карагод узялі над Наталляй Шклярык шэфства. Вучылі ўсяму, што ведалі і ўмелі самі, падказвалі, падтрымлівалі, як толькі маглі.

З прыязнай усмешкай на твары і, па ўсім відаць, што ахвотна, Наталля Вікенцьеўна працягвае ўспамінаць мінулае: як рамантычна, нават з прыгодамі, праходзіла летняя дойка ў полі, як спраўлялася з «нежаночай» работай, карміла жывёлу, вычышчала жолабы і вярталася дадому стомленая, але ж такая шчаслівая.

– Зараз працаваць куды лягчэй, чым некалі, – прызнаецца суразмоўца. – Ручной работы мала, большасць працэсаў адбываецца ў аўтаматызаваным рэжыме. Адзін мінус, які быў раней, так і зараз застаецца – шмат часу прыходзіцца быць на нагах. Але ж нічога не зробіш, работа такая.
За Наталляй Шклярык і яшчэ пяццю яе калегамі замацавана 600 галоў дойнага статку.

– Перад пачаткам дойкі кожнай рагулі трэба апрацаваць вымя, працерці яго спецыяльнымі сурвэткамі, – праводзіць невялікі лікбез суразмоўца, – затым падключыць апараты і пайшло-палілося малачко.

– Колькі часу доіцца рагуля?– цікаўлюся.

– Усяго нічога, пяць-сем хвілін.

Дарэчы, на малочнатаварнай ферме з аднайменнай аграгарадку назвай рагулі самыя розныя і дояцца яны па-рознаму. Найбольш прадуктыўныя – тры разы ў суткі і даюць яны ад 40 да 45 літраў малака, якое ідзе выключна сортам Экстра. Раніцай і вечарам у даільную залу «запрашаюцца» кароўкі, ад якіх за дойку атрымліваюць «белага золота» ў сярэднім 10-15 літраў.

– Людзі розныя, песні розныя, малочніцы таксама самымі рознымі бываюць, – заўважае жанчына. А далей расказвае, што для ўтрымання жывёл на комплексе створаны выдатныя ўмовы, чалавечай ласкай, увагай карміліцы не абдзелены. Пра людзей, што шчыруюць на ферме, кіраўніцтва гаспадаркі таксама паклапацілася. Ёсць спецыяльны пакой, дзе можна пасядзець, адпачыць, папіць гарбаты. У пакоі гэтым маецца мікрахвалёўка, электрычны чайнік, нават прыгожы кухонны гарнітур. Ёсць душ, пральная машына. Адным словам, усё – па апошняму слову тэхнікі.

Цікавы факт: на малочнатаварным комплексе працуе шмат моладзі. Прычым, гэта не тая, што сёння прыйшла, паспрабавала свае сілы, а заўтра «да пабачэння», маўляў, не маё, цяжка… Моладзь прыходзіць і застаецца.

– Мала таго, нам, старэйшым, ужо можна сказаць, на пяткі наступае, – смяецца жанчына. – Сілы
больш у маладых, энергіі, хутка да змен прывыкаюць, таму хуткімі тэмпамі і рухаюцца наперад.

– А лічыцца, што моладзь у сельскай гаспадарцы не затрымліваецца, – парырую сваёй суразмоўцы.

– Калі заробкі дастойныя, умовы для работы добрыя, адносіны з боку кіраўніцтва – выдатныя, чаму б і не застацца. А працаваць жа ўсюды трэба.

І яшчэ адзін эпізод з жыцця Наталлі Шклярык. Асабісты. Дваццаць год таму яна ўпершыню па-сапраўднаму адчула і зразумела, што такое ўвага, цеплыня, пяшчота, што такое быць не проста любімай, але і неабходнай.

– Мой Віталій Іванавіч на комплексе працуе слесарам, – працягвае аповед жанчына. – У яго рукі – залатыя, душа – глыбокая, сэрца – вялікае.

Разам са сваёй палавінкай Наталля Вікенцьеўна набыла ў Даманаве свой уласны дом.

– Каб засталіся жыць і працаваць у горадзе над Бугам, хто ведае, можа ўклад жыцця іншым быў бы, лягчэйшым?

На што ў адказ:

– У Брэсце бываю часта, сын, нявестка, унукі ў мяне там. А каб жыць – не хачу, тут, у Даманаве, усё сваё і ўсе свае. Да ўсяго, па натуры я – вясковая. Люблю свой дом, люблю падняцца на досвітку і сустрэць сонца, люблю цішыню, асаблівы водар восені, травы, кветак, першага снегу…

А яшчэ, і гэта па ўсім адчуваецца, любіць Наталля Шклярык справу, якой займаецца, калектыў, у якім працуе, любіць жыццё. Нягледзячы ні на што… Са святой верай, што яно, мо і не заўсёды, але ўсё ж такі адказвае ёй узаемнасцю.

Галіна МІКАЛАЕВА. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.