Важна ва ўсім трымаць марку
Асабліва ў сельскай гаспадарцы. У гэтым упэўнены галоўны інжынерААТ «Новыя Стайкі» Павел Пясецкі.
Павел Віктаравіч – стайковец, сельскі рытм жыцця яму па душы, і сваю прафесію ён абраў свядома.
Тата і дзед Паўла працавалі вадзіцелямі таксама ў «Новых Стайках», і цяга да тэхнікі ў хлопца была з дзяцінства. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, у які паступаў з мэтавым накіраваннем ад гаспадаркі. Адпрацоўка ў сельгаспрадпрыемстве скончылася ў 2022 годзе, прапрацаваўшы пяць гадоў, малады чалавек не расчараваўся ў сваім выбары. У той час, калі многія з моладзі імкнуцца з’ехаць жыць і працаваць у вялікі горад, Павел вырашыў застацца на радзіме і ў прафесіі. Яму так спадабалася працаваць у сельгаспрадпрыемстве, што жаданне штосьці мяняць нават не ўзнікала.
У ААТ «Новыя Стайкі» ён працуе з 2017 года, пачынаў з пасады брыгадзіра трактарнай брыгады, у 2020-м годзе заступіў на кіруючую пасаду. У майстэрнях у галоўнага інжынера Паўла Пясецкага заўсёды парадак. Ён адказвае за важны і значны аспект – тэхнічную частку, своечасова забяспечвае неабходнымі запчасткамі, арганізоўвае работу так, каб тэхніка не прастойвала. Да сваёй працы малады, але ўжо вопытны аграрый ставіцца адказна. Яму гэта цікава. Каб нешта адрамантаваць, трэба спачатку падумаць, як гэта зрабіць, а пасля правільна арганізаваць.
Моладзі ў сельгаспрадпрыемстве не надта многа, але гэта не перашкодзіла знайсці агульную мову з калектывам. У непасрэдным падпарадкаванні Паўла Віктаравіча трое супрацоўнікаў, але выконваючы службовыя абавязкі, ён узаемадзейнічае амаль з усімі работнікамі.
– Прывык усяго дабівацца справай, а не словамі, – расказаў Павел. – Паказаў на практыцы свае навыкі – зарабіў аўтарытэт. Пачалі паважаць і прыслухоўвацца.
Шкадуе Павел Віктаравіч, што моладзь не цягне ў вёску. А ён не толькі працуе, але і жыве ў сельскай мясцовасці. Прадпрыемства прадаставіла жыллё – дом, які толькі дабудавалі і ўвялі ў эксплуатацыю. Там Паўла чакаюць жонка і маленькі сын.
Увесь свой вольны час, якога не так і шмат, Павел імкнецца прысвяціць сям’і. У гэтым годзе некалькі разоў атрымалася паехаць на рыбалку разам з жонкай. Выязджалі на вадаёмы ў Няхачаве, Галенчыцах, Спораве, Белаазёрску.
Галоўны інжынер ААТ «Новыя Стайкі» быў адным з пераможцаў раённага праекта «Малады працаўнік сяла» ў 2024 годзе. А сёлета Павел дасягнуў поспехаў ва ўборачнай кампаніі. Ужо пяты сезон ён садзіцца за руль камбайна і выязджае ў поле разам з памочнікам Віктарам Ярчаком. На полі сустрэў і свой юбілей – 30-годдзе.
План на будучыню ў маладога інжынера Паўла Пясецкага дакладны – працаваць і паляпшаць роднае сельгаспрадпрыемства. А напярэдадні прафесійнага свята ён жадае сваім калегам моцнага здароўя, цярпення, заўсёды заставацца людзьмі і прафесіяналамі, даводзіць работу да канца і ў любой справе трымаць сваю марку.
Вікторыя ЧЭМАРМАЗОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.





