x
Close
Главная новость Новости Происшествия с зала суда

Вылавіў 19 шчупакоў і 17 акунёўі арганізаваў сабе паўтара года «хатняй хіміі»

Вылавіў 19 шчупакоў і 17 акунёўі арганізаваў сабе паўтара года «хатняй хіміі»
  • Опубликовано:18 августа, 2023

У чэрвені быў вынесены прыгавор жыхару адной з вёсак раёна, які не вельмі ўдала парыбачыў на Бабровіцкім возеры. 36 рыбін – добры ўлоў, скажуць заядлыя рыбакі, вось толькі А. С. у выніку такой удалай рыбалкі трапіў на лаву падсудных… Чаму? Бо, па-першае, лавіў шчупакоў падчас забароны на іх лоўлю, а па-другое, скарыстаўся забароненымі прыладамі і спосабамі лоўлі.

Так, забарона на лоўлю шчупакоў у Брэсцкай вобласці дзейнічала з 1 сакавіка да 15 красавіка. Аднак наш «герой», здаецца, вырашыў жыць без абмежаванняў і 18 сакавіка выехаў на знаёмае возера ды яшчэ прыхапіў з сабой тры рыбалоўныя сеткі, ды і за рыбалку вырашыў не плаціць. Прыкладна ў 14.00 гадзін 18 сакавіка мужчына ўстанавіў сеткі, якія, па яго словах, набыў у Расіі, а на наступны дзень прайшоўся тымі ж блытанымі сцежкамі ў пошуках добрай нажывы. У спецыяльным гумавым касцюме ён палез у ваду і раптам пачуў галасы двух інспектараў службы па ахове прыроды. Яны патрабавалі, каб А. С. выцягнуў сеткі і разам з уловам выйшаў з вады.

Ужо на беразе інспектары разам з гора-рыбаком палічылі колькасць рыбін, а разам з імі і шкоду, нанесеную дзяржаве. Урон за 19 шчупакоў ацанілі ў 171 б. в., а гэта 6 327 рублёў, і за 17 акунёў – у 17 б. в. і 629 рублёў. Агульны ўрон у 188 базавых і 6 856 рублёў з’яўляецца буйным і караецца вель-
мі строга.

А. С. абвінавачваўся ў незаконнай здабычы рыбы, якая пацягнула за сабой здзяйсненне ўрону ў асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 281 КК РБ). Пры вынясенні прысуду суд улічваў наяўнасць фактаў прыцягнення абвінавачанага да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці ў мінулым, але, трэба адзначыць, рыбак адразу прызнаў віну і шчыра ў ёй раскайваўся.

У выніку такой рыбалкі не па правілах даволі малады мужчына атрымаў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на 1 год і 6 месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, іншымі словамі, паўтара года «хатняй хіміі». Да гэтага ў А. С. канфіскавалі ўлоў і забароненыя прыстасаванні для рыбнай лоўлі. Сюды дадайце яшчэ хатні арэст, пад якім рыбак знаходзіўся ўвесь час расследавання справы. Вельмі шмат пакут у жыцці мужчыны ад гэтай рыбалкі, ці не так?

Канечне, за гэты час А. С. сотні разоў пашкадаваў аб зробленым, аднак час не вернеш і сітуацыю не перайначыш. Застаецца спадзявацца, што гэты выпадак стане добрым урокам не толькі для нашага гора-героя, але і для ўсіх, хто хоць аднойчы дапускаў думку аб парушэнні забароны на лоўлю ці аб выкарыстанні хітрых прыстасаванняў, якія, магчыма, забяспечаць вам не толькі вялікі і хуткі ўлоў, але і вялізныя штрафы і абмежаванне ці пазбаўленне волі. Варта лішні раз задумацца, каб пасля так шчыра не раскайвацца…

Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.