Close
Актуально Новости Сельское хозяйство

Высокая планка Бінкевічаў

Высокая планка Бінкевічаў
  • Опубликовано:7 ноября, 2025

На магутным МТЗ-3522 Эдуард Бінкевіч робіць чарговы круг па бяскрайнім полі, што непадалёку ад заказніка «Выганашчанскае». Пройдзе ўсяго нічога, і зямля за ўвагу да яе, любоў і пяшчоту аддзячыць механізатару і ўсім хлебаробам ААТ «Целяханы-агра» добрым, шчодрым ураджаем.

– Заўтра падымаць ворыва завяршу, – упэўнена кажа Эдуард Міхайлавіч. – Трактар у мяне выдатны, энерганасычаны, надвор’е спрыяе, да ўсяго ленавацца, лайдачыць не ўмею. Калі працаваць, дык працаваць.

І гэта факт. Бо калі б інакш, не было б у яго працоўнай біяграфіі ў амаль што сорак механізатарскіх гадоў, павагі і аўтарытэту з боку кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, калег-механізатараў. Да ўсяго, за бацькам у гаспадарку не пайшоў бы працаваць яго сын і трымаць высокую планку Бінкевічаў.

Ад бацькі да сына

Вось ужо не адно пакаленне ў сям’і Бінкевічаў з гарадскога пасёлка Целяханы перадаецца найвялікшы скарб – любоў да зямлі-карміцелькі і, няхай сабе няпростай, аднак такой высакароднай сельскагаспадарчай працы.

– Калі палічыць агульны механізатарскі стаж з бацькам, заснавальнікам нашай працоўнай дынастыі, дык амаль што восемдзесят год будзе, – расказвае Эдуард Міхайлавіч. – Адразу ж пасля службы ў Савецкай Арміі тата сеў за руль трактара. У час уборкі хлеба заўсёды перасаджваўся на камбайн. Мяне з сабою браў. Тады часы былі такімі, што дазвалялася падлеткам працаваць пад пільным наглядам дарослых.

Помніць і ніколі не забудзе Бінкевіч, цяпер ужо сярэдні, як на велічэзных, шумных камбайнах «Ніва», «Дон», «Палессе» штурмаваў з Бінкевічам-старэйшым жытнёвае поле.

– Чатыры сезоны давялося мне папрацаваць з татам на ўборцы хлеба, – працягвае суразмоўца. – Незабыўны час! Калі параўноўваць з тым, на якой тэхніцы працавалі мы і якая зараз у руках механізатараў, гэта як параўнаць неба з зямлёю. Вентыляцыя хоць і была, ад спёкі яна нас не ратавала. Пра кандыцыянеры тады ніхто нават і не гаварыў. Шум, пыл, вібрацыя былі такімі, што апоўначы дадому прыйдзеш стомлены, упадзеш на ложак, а заснуць не можаш. Сучасны камбайн – гэта магутнасць, манеўранасць, камфорт. І як вынік – высокая вытворчасць і якасць ураджаю.

Працаваць самастойна Эдуард Бінкевіч пачаў у 1987 годзе, калі, як некалі і яго бацька, вярнуўся пасля службы ў войску. Каб пайшоў нейкім іншым шляхам, заснавальнік сямейнай дынастыі не адгаворваў, бо разумеў, як маці з малаком, так і ён, упершыню падсадзіўшы сына ў кабіну трактара, перадаў яму ўсю сваю любоў да тэхнікі і зямлі, галоўных вяршынь сялянскага жыцця.

За дзясяткі гадоў у сельскай гаспадарцы якія толькі работы ні давялося выконваць Эдуарду Міхайлавічу: зямлю араць, хлеб сеяць, бульбу садзіць і выкопваць, шчыраваць на нарыхтоўцы кармоў, ваду рагулям падвозіць. Заўсёды з вялікім задавальненнем Эдуард Бінкевіч перасаджваўся на камбайн.

– Некалькі год выходзіў у «тысячнікі», – працягвае Эдуард Міхайлавіч. – Было такое, што нават рубеж па намалоце зерня ў 1300 тон дасягнуў.

А потым, па стане здароўя, вымушаны быў ён адмовіцца і ад лідзіруючых пазіцый, і ад камбайна наогул.

Зараз вопытны трактарыст займаецца ворывам. Штодня, працуючы без вялікіх перапынкаў, Эдуарду Бінкевічу атрымліваецца падрыхтаваць для будучага ўраджаю больш за 20 гектараў.

– Не забываючы пра якасць ворыва і тое, што пасля трактара трэба, каб на поле было люба-дорага зірнуць, – заўважае механізатар. А потым зноў успамінае бацьку, які даўно адышоў на спачын.

Акрамя таго, што любую работу трэба выконваць са знакам якасці, бацька не пераставаў паўтараць, што кіраваць трактарам можа навучыцца кожны, а вось слухаць тэхніку, адчуваць яе, каб у час пазбавіцца ці ліквідаваць магчымую паломку, атрымліваецца ў адзінак.

– Навучыліся?

– Трактар, на якім зараз працую, дванаццаць год у маіх руках – і бы новенькі. Таму самі мяркуйце, навучыўся за жыццё «слухаць» тэхніку ці не.

Ёсць яшчэ адна даволі цікавая акалічнасць: прадстаўнікам дынастыі Бінкевічаў кіраўніцтва гаспадаркі заўсёды даручае і давярае самае важнае і адказнае – работу, тэхніку. А гэта нішто іншае, як паказчык кампетэнтнасці, адказнасці і надзейнасці Бінкевічаў.

– У пазамінулым годзе сельгаспрадпрыемства за вялікія грошы набыло кормараздатчык, – працягвае Эдуард Міхайлавіч. – А працаваць на ім кіраўніцтва гаспадаркі даверыла майму сыну Максіму. Нягледзячы на тое, што яшчэ малады – рукі залатыя мае, акуратны ў рабоце.

Усе надзеі, што прадаўжальнікам знакамітай у раёне дынастыі Бінкевічаў Эдуард Міхайлавіч ускладаў на сына Міхаіла, які пасля заканчэння сельскагаспадарчага каледжа некалькі год працаваў у гаспадарцы і даволі паспяхова. Вось толькі прафесійны шлях хлопца скіраваўся ў іншы бок.

– Зараз Міша працуе ў раённым аддзеле на надзвычайных сітуацыях, – расказвае механізатар. – Аднак калі патрэбна дапамога сельгаспрадпрыемству падчас правядзення веснавых, восеньскіх сельскагаспадарчых работ, у гарачую пару ўборкі хлеба, перасаджваецца на трактар, камбайн, бо разумее, што працоўныя рукі лішнімі ніколі не бываюць.

Гісторыя паўтараецца

Адным словам, прадаўжальнікаў механізатарскай справы Бінкевічаў два. І калі адзін, Міхаіл, ускосны, дык другі – Максім – самы што ні на ёсць прамы. У гаспадарцы Максім працуе пяць год. А пачынаў зусім не з механізатарскіх клопатаў.

– Пасля сканчэння Пінскага аграрнага каледжа прыйшоў у гаспадарку заатэхнікам, – расказвае ўжо Максім. – Аднак, нібыта магніт, цягнула да сябе тэхніка, з якой з самага дзяцінства на «ты».

Сваё вялікае жаданне працаваць механізатарам неяк падчас неафіцыйнай размовы хлопец агучыў кіраўніку сельгаспрадпрыемства Дзянісу Вішнеўскаму. А той, доўга не вагаючыся і не раздумваючы, пасадзіў Бінкевіча-малодшага на МТЗ–82, новенькі, толькі-толькі з завода трактар. Якія толькі сельскагаспадарчыя работы ні выконваў на ім пачынаючы механізатар. Ні ад аднаго даручэння не адказваўся, бо разумеў: чым цяжэйшая задача, тым цікавей яе вырашаць.

Апошнім часам Максім Бінкевіч на самаходным кормараздатчыку пастаўляе сакавітую, карысную і пажыўную ежу рагулям, што знаходзяцца на малочнатаварным комплексе і малочнатаварнай ферме ў Целяханах.

– За дзень прыходзіцца раздаць жывёле больш за 100 тон корму, – прызнаецца малады чалавек.

– Цяжка? – цікаўлюся.

– Ды не. Па-першае, усе работы выконваюцца не ўручную. А па-другое, усё, чым займаюся зараз, – мне па душы. Таму пра якія цяжкасці можа ісці размова?

Дарэчы, на заробкі свае Максім таксама не скардзіцца. Яму хапае грошай, а жыве Максім з бацькамі, і на свае ўласныя патрэбы і жаданні, каб паехаць у Брэст, Пінск, Мінск і адпачыць, наведаць цікавыя мясціны.

– А жадання ўзяць і пераехаць жыць, працаваць, напрыклад, у Івацэвічы, заняцца больш лёгкай работай ніколі не ўзнікала?

– Не, – кажа, доўга не раздумваючы, Максім. – Лепш, чым дома, нідзе не будзе!

Галіна МІКАЛАЕВА, фота аўтара.