x
Close
Главная новость Новости Общество

«Я – карэнны стайковец!»

«Я – карэнны стайковец!»
  • Опубликовано:21 июня, 2024

Юбіляр і стараста вёскі Анатолій Трафімчык адзначыў: яго асабістае шчасце ў тым,
што Стайкі сёння жывуць, будуюцца і развіваюцца

Анатолій Фёдаравіч – даўні сябар калектыва «ІВ». Мы добра ведаем яго як актыўнага старасту і як аўтара, ён піша заметкі пра свае Стайкі і пра людзей, што дапамагаюць яму ў рабоце па навядзенні парадку ў вялікай вёсцы з насельніцтвам больш за тысячу. Увесь наш творчы калектыў скажа: цяжка знайсці больш ветлівага і інтэлігентнага чалавека, чым Фёдаравіч. Тое ж сказалі і стайкоўцы падчас нашага візіту ў вёску-спутнік райцэнтра.

Але напачатку мы наведаліся ў двор старасты з 12-гадовым стажам напярэдадні яго 75-гадовага юбілею. Вуліца Ціхая, невялікі, акуратненькі цагляны дом, участак у 22 соткі з узорным агародам…
«А як інакш? Я не змагу патрабаваць ад людзей парадку, калі сам буду жыць у зарасніку!» – рэзюмуе гаспадар. І сапраўды, на вёсцы ад вачэй не скрыешся, таму спрацуе толькі ўласны прыклад.

– Анатолій Фёдаравіч, добра ведаем Вас як старасту, а вось як чалавека – менш. Дзе і ў якой сям’і вы нарадзіліся і раслі?
– Я – карэнны стайковец, і гэтым многае сказана. Нарадзіўся ў простай сям’і, бацька Фёдар Іванавіч быў грузчыкам на лесазаводзе, маці Аляксандра Якаўлеўна – калгасніцай. Бацькі выхавалі пяцёра сыноў. Вельмі адказнымі, гаспадарлівымі і культурнымі людзьмі былі бацькі, можа ад іх, пераважна ад маці, я і пераняў навуку – любіць сваю зямлю, любую справу даводзіць да канца і з вялікай павагай адносіцца да людзей. Я скончыў стайкаўскую васьмігодку, пасля вучыўся ў СШ № 1 г. Івацэвічы. Я не быў выдатнікам, але грамадская дзейнасць вабіла: працаваў сакратаром камсамольскай арганізацыі. Яшчэ любіў спорт: валейбол, баскетбол, асабліва футбол! Так, з вамі размаўляе паўабаронца гарадской футбольнай каманды (смяецца), тут, непадалёк ад сённяшняй вуліцы Ціхай, было футбольнае поле, вой, колькі хлопцаў сюды хадзіла! За горад я нават гуляў на брэсцкім стадыёне «Спартак». Усё жыццё маё прайшло ў Стайках, некаторы час жылі з жонкай у Міхнавічах, пакуль будавалі гэты дом.

– Чула, няпростым быў і Ваш прафесійны шлях…
– Я б так сказаў, мне часта даводзілася быць не ў сваёй тарэлцы, унікаць у зусім неўласцівыя для мяне працэсы. Я пісаў рэкламу да фільмаў па просьбе былой загадчыцы кінатэатра і за гэта бясплатна наведваў сеансы – вось мой першы заробак! Потым быў кінамеханікам, а пасля арміі працаваў у Цэнтральным статыстычным упраўленні райвыканкама. Шчыраваў механікам вылічальных перфарацыйных машын, але вось незадача, хутка пасля маёй вучобы ў Мінску такія машыны спісалі і выкарыстоўваць іх у рабоце перасталі. Я застаўся «не у дел». Пайшоў у стайкаўскі калгас «Савецкая Беларусія», хутка перакваліфікаваўся ў снабжэнца. Пасля быў тут механікам і нават два гады ўзначальваў ферму. То таксама была вымушаная мера. На мне калектыў ды дойны статак кароў, а я не ведаў, што з усім гэтым рабіць. Але мы не толькі засталіся на плыву, а і перавысілі вынікі мінулага года, атрымалі прэмію. Пасля яшчэ была работа заўгасам у райбальніцы і аператарам кацельні ў ЖКГ. Многаму навучыўся, розныя калектывы пабачыў…

– У 2012-м жыццё зноў падкінула Вам новы статус – старасты вёскі. З чаго ўсё пачыналася? Якія справы здзейснілі за гэты час разам з людзьмі?
– Упершыню аб гэтым са мной загаварыў мой сябар па камуністычнай партыі Леанарый Істратаў. Праз некалькі дзён у маім двары з’явіўся тады пачынаючы старшыня сельвыканкама Мікалай Басалай. Далей сельскі сход, галасаванне… І вось я – стараста. Многія пытаюцца, ці не стаміўся я за гады, работа з людзьмі, дадатковыя абавязкі… Я люблю вёску і сваіх аднавяскоўцаў. Прызнаюся, некалькі гадоў таму наш старшыня падарыў мне мабільнік, дык я ім не карыстаюся, калі каму трэба, дык і на хатні тэлефон можна пазваніць, а яшчэ лепш – зайсці да мяне. А калі штогод збіраю дадзеныя для падамавых кніг: узрост людзей, месца іх працы, колькасць жывёл – дык мне за шчасце не пазваніць, а зайсці. Што да спраў сумесных, дык з людзьмі мы восем гадоў таму навялі парадак на мясцовых могілках, пабудавалі дзіцячую пляцоўку ў 2017-м, сёння даглядаем яе. Яшчэ з Леанарыем Істратавым ініцыіравалі рамонт стаянкі каля магазіна. Хадзілі на прыём да кіраўніцтва райспажыўкааперацыі, і нас пачулі. Не буду казаць пра абкошванне, устаноўку інфармацыйных стэндаў, іх па Стайках пяць штук, суботнікі – то для нас прывычныя штодзённыя клопаты. Нядаўна ў вёсцы мянялі лінію электраперадач, пад слупамі з’явілася новая агароджа – трохвугольнікі, напрошваліся туды кветкі. Прайшоўся па людзях – амаль усё засадзілі, землякі адгукнуліся…

– А які Ваш асабісты сакрэт у падыходзе да людзей? Мяркую, не заўсёды з радасцю сустракаюць на парозе старасту, які просіць дапамагчы ці робіць заўвагу…
– Калі на суботнік прыйшло мала людзей ці нейкая справа не ідзе, хоць ты плач, я віню толькі сябе. Гэта я не знайшоў патрэбных слоў. Размяркоўваю задачы па здольнасцях, а яшчэ чаргую сваіх актывістаў. Сёння тэрыторыю косіць адзін, заўтра – другі, бо ўсе мы тут жывём, дзяцей гадуем. Я дзякую ўсім маім памочнікам, кожнаму, хто хоць раз адгукнуўся на просьбу. Назаву малую частку маіх актывістаў: Галіна Суханосік, Ніна Кулецкая, Валянціна Трафімчык, Антаніна Варабей, Таццяна Трафімчык, Наталля Домась, Тамара Ёвік, Галіна Трында, Вячаслаў Пясецкі, Міхаіл Доўста, Уладзімір Трында, Павел Чаплінскі, Уладзімір Шапараў, Анатолій Шапараў, Аляксандр Дылюк, Аляксандр Мілаванаў, Аляксандр Пясецкі і Віктар Пясецкі, Аляксандр Самсановіч, Уладзімір Бултадонец. Адзін у полі я не воін, усё дзякуючы людзям. Буду шчырым, мне прасцей размаўляць з людзьмі ўзроставымі, але планую пазнаёміцца з моладдзю.

– Анатолій Фёдаравіч, Вы напісалі шмат заметак для нас, а калі б пісалі кнігу пра Стайкі ды стайкоўцаў, з чаго пачалі б?
– Успамінаю вёску маёй маладосці, у 60-я. Цяжкія пасляваенныя гады, хаткі тут стаялі нізкія з саламянымі дахамі, а ямы на дарогах былі такія – не кожная машына магла праехаць. І тады мы выходзілі на суботнікі, каб зрабіць для людзей нешта падобнае на тратуары… А якая вёска сёння? Заасфальтаваныя вуліцы, кветнікі, магазіны, дзіцячыя пляцоўкі. Ёсць да чаго імкнуцца, але… У нас больш за тысячу насельніцтва, 600 працуючых людзей і толькі 240 пенсіянераў, 230 дзяцей і ўжо восем нованароджаных у гэтым годзе! Я б пачаў кнігу з фразы «Стайкі сёння жывуць, будуюцца і развіваюцца». Ці не гэта шчасце?

– 75 – паважаны узрост, а колькі Вам у душы? І што б Вы сказалі 25-гадоваму Толіку Трафімчыку?
– У душы мне мала, я яшчэ той самы паўабаронца футбольнай каманды, (смяецца). Сілы і жаданне працаваць ёсць. Хоць я і без рэгалій буду дапамагаць. А сабе маладому я б сказаў тое, што кажу школьнікам на мерапрыемствах: стаўце перад сабой мэты, калі шмат працаваць, заўсёды будзе вынік, а яшчэ не забывайце сваю малую радзіму.

– Як будзеце адзначаць свята?
– У коле самых блізкіх, з жонкай Валянцінай Мікалаеўнай у мінулым годзе мы адзначылі залатое вяселле, у нас чацвёра дзяцей і 10 унукаў.

Стараста, якому нельга адмовіць!

Слова стайкоўцам:


Мікалай Іванавіч Басалай, старшыня Стайкаўскага сельвыканкама:
– Я стаў старшынёй у 2011 годзе, а праз год на «службу вёсцы і людзям» прыйшоў Анатолій Фёдаравіч. Яго кандыдатуру мне прапанавалі людзі. І яны не памыліліся. На тэрыторыі сельсавета 10 вёсак і дзевяць стараст, наш юбіляр – адзін з самых вопытных, яго стаўлю заўсёды ў прыклад пачынаючым. У Савеце каля трох тысяч насельніцтва, тысяча пражывае ў Стайках, Фёдаравічу вельмі няпроста. Ён мая правая рука, усіх ведае пайменна, у кожным двары ён пабываў. Гэты стараста – аўтарытэт у вяскоўцаў. Не лічыцца сваім часам, выходзіць на суботнік сам, за ім і людзі цягнуцца. Ён не аднойчы быў адзначаны ўзнагародамі, але самая дарагая, думаю, – за трэцяе месца ў абласным конкурсе сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў у 2015 годзе. Дзякую Анатолію Трафімчыку за дапамогу і спадзяюся, што ўсё лепшае ў нас яшчэ наперадзе

Ганна Іосіфаўна Фалітарык, жыхарка Стаек:


– Сама я запалянка, але 52 гады таму сюды прыехала за мужам. З Фёдаравічам пазнаёміліся на рабоце ў машыналічыльнай станцыі (знаходзілася непадалёк ад сённяшага хлебнага магазіна). Я была аператарам, ён – наладчыкам. Зараз супрацоўнічаем з ім як са старастам. І ведаеце, заўсёда адчуваем яго прысутнасць і зацікаўленасць ва ўсім. Майго мужа ён раней часта прасіў дапамагчы ў касьбе. Зараз мужу 80, ужо не можа працаваць, а Фёдаравіч бярэцца за касу і шчыруе. Дзякуем яму за работу; за выключную інтэлігентнасць.

Галіна Паўлаўна Суханосік, бібліятэкар:


– Наш стараста сябраваў з маім братам-інвалідам, падтрымліваў яго. А пасля пачалося і маё сяброўства з Анатоліем Фёдаравічам і Валянцінай Мікалаеўнай. Плённа супрацоўнічаем і ў творчых справах, Анатолій Фёдаравіч прымае ўдзел у бібліятэчных мерапрыемствах, творчых вечарах, прысвечаных мясцовым паэтам. А яшчэ Фёдаравіч – актыўны чытач, кожныя выхадныя ён спяшаецца ў бібліятэку, перыёдыка – яго слабасць. Зачытваецца ў тым ліку і раёнкай. Нам пашчасціла са старастам. Ён то косіць, то прыбірае на дзіцячай пляцоўцы, то разбіраецца са смеццем… У кожнай хаце ён жаданы госць.

Ад аўтара:
Пасля размовы праехаліся са старастам па новых вуліцах – Беларускай, Лясной, Маладзёжнай. Тут новыя дамы, моладзь жыве, дзеці бегаюць. Анатолій Фёдаравіч успомніў, як у 80-я, калі быў дэпутатам мясцовых Саветаў, даваў назвы сённяшняй Ціхай, Цэнтральнай, Дэпутацкай. Прайшоў час, з’явіліся новыя вуліцы, новыя людзі, новае жыццё, якое патрабуе іншага падыходу. Але чэснасць, культурнасць, павага да людзей заўсёды былі і застануцца козырамі ў рабоце гэтага старасты. То прыродны талент, які толькі мацнее з гадамі…

Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.