Як пасееш, так і пажнеш

Аб гатоўнасці гаспадарак раёна да пасяўной кампаніі расказвае першы намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Наталля Яўмененка.
У раёне поўным ходам ідзе падрыхтоўка да сяўбы ранніх зерневых і зернебабовых культур, шэраг сельскагаспадарчых арганізацый ужо да пасяўной кампаніі прыступілі. На чарзе астатнія гаспадаркі. Зерне будучага ўраджаю ляжа ў глебу на плошчы 6 985 гектараў. У бліжэйшы час уся лінейка сельгасмашын выйдзе ў поле, каб з найменшымі стратамі закласці аснову будучаму ўраджаю.
– Наталля Уладзіміраўна, раскажыце, як раён падрыхтаваны сёлета да гэтай адказнай кампаніі?
– Падрыхтаваліся да сяўбы сёлета гаспадаркі раёна ў цэлым добра. Чатыры з іх выйшлі ў поле і пачалі сеяць раннія культуры яшчэ напрыканцы мінулага тыдня. З кожным днём колькасць гаспадарак, якія сеюць, дадаецца. Сёння такіх ужо палова. Мы ідзём упэўненым тэмпам.
– Ці ёсць праблемы з насенным матэрыялам, угнаеннямі, тэхнікай?
– На сённяшні дзень у нас стабільная сітуацыя з насенным матэрыялам, з тэхнікай, з угнаеннямі. Усё ёсць. Многія нашы прадпрыемствы самі бяруць крэдыты і закупляюць тэхніку ў лізінг. У асобных гаспадарках ёсць праблемы, але яны вырашальныя. Што тычыцца мінеральных угнаенняў, то іх закупляем пад поўную патрэбу. Няма праблем і з арганічнымі ўгнаеннямі. У поўным аб’ёме падрыхтавана насенне і яравых, і кукурузы. Застаецца толькі пажадаць, каб спрыялі пагодныя ўмовы і гаспадаркі раёна пасеялі ўсе культуры ў агратэхнічныя тэрміны.
– Мінулы год стаў добрым падмуркам для паспяховага рэзультату…
– Адзначу, мінулы год быў самым удалым з апошніх дзесяці ў атрыманні ўраджаю збожжавых і рапсу – плюс у валавым зборы збожжа склаў 48,9 працэнта да ўзроўню 2021 года, ураджайнасць – 35,5 ц/га. Масласемя рапсу атрымалі 8,6 тыс. тон з ураджайнасцю 27,4 ц/га, цукровых буракоў – 43 тыс. тон з ураджайнасцю 488 ц/га. А ў гаспадарках ААТ «Квасевічы», «Косава», «Святая Воля» і «Мічурынск» ураджайнасць збожжавых і рапсу адпаведна ў межах 50 і 38 цэнтнераў з гектара. Сёлета хочацца пацвердзіць той жа рэзультат, а калі будзе магчымасць, то і пераўзысці яго.
– Якія задачы ставяцца перад аграпрамысловым комплексам раёна на гэтую вясну па нарыхтоў-
цы кармоў?
– За мінулы год было нарыхтавана кармоў у разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы 46,6 ц. к. адз., што на 7,9 працэнта вышэй узроўню папярэдняга года. Гэта дазволіла ў цэлым тэхналагічна правесці зімне-стойлівы перыяд. Хочацца адзначыць, што вынікі работы раёна і гаспадарак па раслінаводстве высока ацэнены на ўзроўні вобласці. У 2022 годзе мы занялі другое месца па вытворчасці насення шматгадовых траў, у ААТ «Квасевічы» было першае месца па нарыхтоўцы травяністых кармоў. Сёлета задача стаіць не ўпусціць тэрмін і своечасова пачаць нарыхтоўку сенажу. Па кармах трэба спрацаваць паспяхова, бо корм – гэта аснова рэзультату работы жывёлагадоўлі.
– Насамрэч, і ў галіне жывёлагадоўлі ў апошнія гады назіраецца ўстойлівая станоўчая дынаміка.
– За мінулы год атрымалі больш за 126 тыс. тон малака. Гэта плюс да ўзроўню 2021 года на 7,7 тыс. тон пры таварнасці 91,1 працэнта. Сярэдні надой малака на карову склаў 6 486 кілаграмаў, ці плюс 385 кілаграмаў. Вытворчасць прадукцыі па вырошчванні жывёлы склала 9 тыс. тон, ці 105 працэнтаў да ўзроўню 2021 года. Па-ранейшаму ў тройку лідараў па прадукцыйнасці дойнага статку і атрыманні сярэднясутачных прываг на вырошчванні і адкорме жывёлы ўваходзяць ААТ «Косава», СВУ «Даманава» УП «Брэстаблгаз» і ААТ «Святая Воля». Аднак варта адзначыць, што станоўчая дынаміка назіраецца ў кожнай сельскагаспадарчай арганізацыі раёна.
– Дарэчы, Наталля Уладзіміраўна, гэтая дынаміка не засталася незаўважанай на ўзроўні вобласці. Добрая навіна, што нядаўна наш раён быў адзначаны па выніках работы жывёлагадоўлі сярод раёнаў вобласці. Раскажыце, калі ласка, падрабязней.
– Так, дэлегацыя нашага раёна 16 сакавіка ездзіла ў Столінскі раён на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню пераможцаў штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненні ў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Ганарова адзначыць, што наш Івацэвіцкі раён заняў другое месца па вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы.
– Ваша праца таксама высока адзначана – падзяка Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання краіны, а хто яшчэ з работнікаў сельскай гаспадаркі ўзнімаўся на сцэну за ўзнагародамі?
– Сярод галоўных ветурачоў пераможцам стаў Сяргей Панасюк з ААТ «Падстарынь», аператары машыннага даення з гэтай жа гаспадаркі Наталля Шыла, Галіна Дылюк, Вольга Велясніцкая, Ганна Ліпіхіна – занялі трэцяе месца сярод аператараў машыннага даення ў даільнай зале з прадукцыйнасцю дойнага статку да 7 000 кілаграмаў малака ўключна. Таксама загадчыца МТФ «Руда» Галіна Шашук атрымала падзяку ад абласнога галіновага прафсаюза. Сярод малочнатаварных ферм сельскагаспадарчых арганізацый з прадукцыйнасцю дойнага статка звыш 8 001 кілаграм малака пераможцам стала ААТ «Святая Воля» – першае месца. Сярод сельгаспрадпрыемстваў з прадукцыйнасцю дойнага статку да 7 000 кілаграмаў малака (уключна за мінулы год па вытворчасці і рэалізацыі малака) трэцяе месца прысуджана ААТ «Целяханы-агра». СВУ «Даманава» – лепшая гаспадарка па вытворчасці мяса БРЖ. Асабліва хочацца адзначыць работу кіраўніка ААТ «Целяханы-агра» Дзяніса Вішнеўскага, які практычна за два гады работы змог карэнным чынам пераламаць сітуацыю ў рабоце гаспадаркі. за гэты перыяд па надоях малака на карову прыплюсавалі больш, чым на 2 000 кг, і сёння маюць высокія тэмпы па вытворчасці.
– Якія планы надалей?
– Аналізуючы сённяшнія паказчыкі, бачна, што мы рухаемся ў правільным кірунку. У раслінаводстве пастаўлена задача сельскагаспадарчым арганізацыям сёлета і ў наступныя гады атрымліваць ураджаі збожжавых і зернебабовых культур і масласемя рапсу не ніжэй узроўню 2022 года, я ўжо гэта агучыла вышэй. У жывёлагадоўлі галоўнымі кірункамі ў развіцці галіны па-ранейшаму застаюцца работа па падборы і замацаванні кадраў зоаветэрынарнага профілю, мадэрнізацыі і будаўніцтве новых малочнатаварных комплексаў, укамплектаванні іх высокапрадукцыйным статкам і паляпшэнні генетычнага патэнцыялу малочнага пагалоўя.
Гутарыла Валянціна БОБРЫК.