Close
Главная новость Новости Сельское хозяйство

Як вядзецца нарыхтоўка кармоў у ААТ «Косава»

Як вядзецца нарыхтоўка кармоў у ААТ «Косава»
  • Опубликовано:19 июля, 2023

У раёне працягваецца касавіца. Нарыхтоўка кармоў – важнейшы этап палявых работ у любой гаспадарцы, ад якога напрамую залежыць яе дабрабыт. Ёсць якасныя кармы – ёсць малако. Ёсць малако – ёсць у сельгаспрадпрыемства грошы. Адна з самых багатых на кармы гаспадарак раёна – ААТ «Косава». Пагалоўе тут адносна невялікае – 2 000 галоў буйной рагатай жывёлы, а ўраджаі нядрэнныя. Гэта дазваляе і зараз, у сярэдзіне лета, карміць скаціну мінулагоднім сенажом і сіласам (апошняга, дарэчы, тут хопіць да пачатку наступнага года). Тым часам траншэі запаўняюцца свежаскошанай травой – у іх ужо закладзена амаль 7 000 т сенажу.

У гаспадарцы працягваецца ўборка траў другога ўкосу, першы ўкос завяршылі ў сярэдзіне чэрвеня. За месяц трава паднялася добра, і гэта бачна па пакосах: апошнім часам ішлі дажджы, якія крыху згладзілі наступствы засухі. У ААТ «Косава» сянаж у асноўным нарыхтоўваюць з пасеяных траў.

Дырэктара ААТ «Косава» Вячаслава Шастака радуе кукуруза: яна любіць вільгаць, сонца
і падкормку, вось і пайшла ў рост.

На магутнай касілцы працуе малады механізатар Арцём Турчын (на здымку). Па адукацыі будаўнік, але выбраў сельскую гаспадарку, у ААТ «Косава» – трэці год, задаволены і ўмовамі працы, і заробкам, і тэхнікай – новая. Па словах дырэктара, Арцём харошы работнік, адказны і працавіты, сам з Грыўды, у Косаве атрымаў дом ад сельгаспрадпрыемства. Вячаслаў Шастак лічыць, што трэба абнаўляць кадры і заахвочваць талковую моладзь, якой не так і шмат, бо за ёй – будучыня. На падборшчыку на полі з люцэрнай у дзень візіту журналістаў працаваў Міхаіл Паляжаеў. На адвозцы былі задзейнічаны чатыры вадзіцелі: Сяргей Капліч, Андрэй Жалудко, Сяргей Багдусевіч і Уладзімір Цімашэнкаў. А на трамбоўцы ў траншэі, што ў Старажоўшчыне, працавалі механізатары Міхаіл Пракаповіч і Уладзімір Харужы.

– У нас няма абы-якой травы, – расказвае дырэктар ААТ «Косава» Вячаслаў Шастак па дарозе на поле, дзе ва ўсю ідзе касавіца. – У нас люцэрна плюс цімафееўка (лічы, бялок плюс цукар), злакава-бабовая травасумесь. А некатарыя гаспадаркі косяць «дзіч» (дзікія ці выключна злакавыя травы, без бабовых. – Рэд.) і гавораць, што гэта кармы. Ну не будзе ў тых гаспадарках прывагаў і малака. Бялок павінен быць у кармах. І ўбіраць траву трэба своечасова.

Кіраўнік адной з лепшых гаспадарак раёна ўвогуле лічыць, што краіне па прыкладзе суседкі-Расіі маленькімі крокамі трэба адмаўляцца ад кукурузнага сіласу – ён надта дарагі, і рыхтаваць удосталь менавіта сенажу з харошых пажыўных траў.

Люцэрнай і цімафееўкай у ААТ «Косава» засеялі каля 150 га. Траву тут рэальна скасіць за тры дні – адной магутнай касілкай з шырынёй захвату 9 м, што і зрабілі.

450 га зямлі адвялі пад пяцікампанентную злакава-бабовую травасумесь: у ёй чырвоная канюшына, аўсяніца, фестулоліум, канарэечнік, райграс.

– Падзівіцеся, якая трава. Вось гэта малако, – працягвае Вячаслаў Аляксандравіч, дэманструючы чарговае поле. – І гэта пры тым, што траву другога ўкосу не падкормлівалі. Па вясне робім падкормку траў хлорыстым каліем і абавязкова КАСам. Першы ўкос, які цэніцца больш, быў што трэба. Можна было падкарміць і траву другога ўкосу, але я лічу грошы: дорага. І без гэтага яна вырасла харошая, ды і кармоў у нас хапае.

Злакава-бабовая травасумесь яшчэ з тыдзень пастаіць у полі: паралельна з нарыхтоўкай кармоў тут ідзе жніво. Косаўскія аграрыі актыўна ўбіраюць азімы рапс і пшаніцу. Чорнае золата – рапс – абмалочваюць на трох новых камбайнах, набытых гаспадаркай сёлета ў лізінг (на іх працуюць камбайнеры Віктар Лось, Мікалай Харужы і Аляксандр Шастак). Пакуль складана гаварыць пра ўраджайнасць: на адным полі культуры ўрадзілі лепш, на другім горш. Па выглядзе каласоў пшаніцы можна судзіць аб тым, што ўраджай будзе не «с гулькин нос», але кіраўнік лічыць, што мінулагодняга зерня ён не верне (рэзультат ААТ «Косава» ў 2022 годзе – 6 300 т, з якіх 5 230 т – намалот зерневых). З зерневых стаўка робіцца на пшаніцу – яе пасеяна 400 га, і яшчэ 250 га трыцікале і 50 га жыта. У мінулым годзе пасеялі і 50 га азімага ячменю, ураджайнасць культуры – 33 ц/га. Чакалі лепшага выніку: «Маса харошая, але спякота зрабіла сваю справу», – гаворыць дырэктар. Тым не менш, азімага ячменю плануюць сеяць больш – 100 га, яго сяўбу пачнуць з 1 жніўня, ужо падрыхтавалі пад гэтую культуру зямлю.

Накасілі ў гаспадарцы і сена: пры плане ў 300 т нарыхтавалі 460 т. І яшчэ будуць рыхтаваць, хоць кіраўнік гаспадаркі і кажа, што сена – корм не малакагонны і больш патрэбны цялятам, бычкам, а не каровам. ААТ «Косава» рэалізуе сена насельніцтву, летась людзям прадалі 60 т.

2023-ці – год не самы спрыяльны, не самы ўраджайны, але скаціна ў Косаве дакладна галадаць не будзе і пра скарачэнне пагалоўя размова не ідзе. Наадварот, тут плануюць яго павялічыць у бліжэйшыя гады на 200-300 галоў. Для гэтага ў Старажоўшчыне будуецца новы малочнатаварны комплекс – па праекце замест кароўніка-шасцірадніка будзе чатырохраднік з расшыранай стойлавай рамай, вялікім кармавым сталом. Плануюць плюсаваць і па малаку. У мінулым годзе даілі 8 240 л на карову ў год. Ужо бачна, што ў гэтым годзе надой на карову будзе больш за 9 000 л, а ўвогуле на новым комплексе павінны выйсці на вынік 13 000 л. Прырастаць на 800-900 л у год – гэта рэальна, лічыць кіраўнік гаспадаркі. Такая сур’ёзная задача стаіць перад аграрыямі.

– Кармы, і кармы якасныя, шмат чаго вырашаюць у сельскай гаспадарцы, але вырашаюць не ўсё, – лічыць Вячаслаў Аляксандравіч. – Усё ж трэба, каб супала чатыры «К»: кадры, кармы, каровы і камфорт для кароў. Тады будзе поспех. Бачыце, на першым месцы кадры. І заатэхнік павінен быць талковым, і даярка, і даглядчык, і асемянатар. І кіраўнік таксама – няважна, аграном па адукацыі ці інжынер, важна, каб быў гаспадаром. Я жартую, што ААТ «Косава» на ручным упраўленні: бывае, і пуцёўкі сам пішу. Затое ўсё ведаю – любую лічбу спытайце. І стараюся не скардзіцца. Трэба зарабляць грошы. А не можаш – кладзі папку, ідзі дахаты.

Раёнка і далей прадоўжыць расказваць, як ідзе касавіца і жніво ў гаспадарках раёна, у розных яго кутках, і знаёміць вас з падыходам да справы кіраўнікоў і спецыялістаў розных сельгаспрадпрыемстваў. сачыце за ўборачнай кампаніяй разам з «ІВ» – будзе цікава.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.