Тэхнік-асемянатарААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» Галіна Русак – пра свае працоўныя будні.

Не выклікае сумнення, што ў сельскай гаспадарцы ўсе прафесіі важныя, аднак тэхнік-асемянатар на асаблівым рахунку, бо ад яго прафесіяналізму і адказнасці залежыць у многім эфектыўнасць жывёлагадоўчай галіны.

Адна з тых, хто скрупулёзна выконвае нялёгкія абавязкі тэхніка-асемянатара – Галіна Русак з ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс». Працоўная біяграфія Галіны Юр’еўны разнастайная, яна паспрабавала сябе ў многіх прафесіях і нарэшце знайшла справу па душы.

Нарадзілася яна ў пасёлку Майск, там і жыве цяпер. Пасля сканчэння Любішчыцкай школы Галіна пайшла працаваць на Мінскі маторны завод, затым уладкавалася аператарам кацельні ў Івацэвіцкай ЖКГ, некаторы час была і прадаўцом у магазіне ў Майску.

З 2005 года вядзецца адлік яе працоўнай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы. Каля 16 гадоў адпрацавала ў Эксперыментальнай базе «Майск» на розных пасадах: кладаўшчыком, цялятніцай і, нарэшце, паспрабавала сябе ў ролі асемянатара буйной рагатай жывёлы. Аднойчы паехала на курсы павышэння кваліфікацыі ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, а там прапанавалі ёй атрымаць адукацыю, і жанчына згадзілася, бо гэтая прафесія выклікала ў яе інтарэс. Адвучылася завочна, і з той пары так і засталася ў прафесіі: каля 11 гадоў на МТФ «Галенчыцы», а год таму перайшла ў ААТ «Івацэвічыагратэхсэрвіс» і шчыруе на МТФ «Воля».

На пытанне, ці не надакучыла такая спецыфічная работа, Галіна Русак адказвае:

– Да любой справы павінна ляжаць душа, тады і вынік будзе. Безумоўна, работа тэхніка-асемянатара не для кожнага, ды і беларучкам у гэтай прафесіі не месца. Вялікая адказнасць на нас ускладзена, і калі выконваць свае абавязкі якасна, то ў гаспадарцы заўсёды будзе і малако, і мяса. Ды і як жа каровак не любіць, яны ж карміліцы!

Пра паводзіны тых самых карміліц яна ведае з дзіцячых гадоў, бо і бацькі трымалі вялікую падсобную гаспадарку, мама працавала даяркай у калгасе, а тата – жывёлаводам.

Абавязкаў у тэхніка-асемянатара шмат. Асемяненнем цялушак займаецца Таццяна Майсейчык, а Галіна Русак у адказе за асемяненне 1 100 кароў. Акрамя таго, неабходна рэгулярна выяўляць, калі жывёла прыходзіць у ахвоту, праводзіць рэктальныя абследаванні, сачыць за тэрмінамі ацёлаў, апрыходаваць цялят, працаваць з медыкаментамі і інструментамі. Значную ўвагу патрэбна надзяляць вядзенню адпаведнай дакументацыі, і гэта не поўны спіс абавязкаў тэхніка-асемянатара.

А яшчэ патрэбна пастаянна самаўдасканальвацца і вучыцца.

Галоўнае, па чым ацэньваецца работа тэхніка-асемянатара, – гэта выхад цялят на 100 кароў. За гэты год у Галіны Юр’еўны дадзены паказчык чакаецца прыблізна ў 73–75 працэнтаў, і гэта добры рэзультат.

– Адзін у полі не воін. За кожным вынікам стаіць праца цэлай каманды людзей, якія мне дапамагаюць і якім я ўдзячна, – кажа Галіна Русак. – І як здорава, калі на свет, дзякуючы нашай працы, з’яўляецца жывая істота.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.

Поделиться