З 1 снежня ўсе аўтамабілі павінны быць абсталяваны зімнімі шынамі

Зіма ўжо на парозе, а разам з ёй галалёдзіца і падвоеная рызыка для вадзіцеляў і пасажыраў. А калі ўлічваць, што часцяком маразы наступаюць знянацку, то трэба паспяшацца і ўжо зараз паклапаціцца аб «абутку» для свайго транспарту.
З 25 лістапада па 4 снежня пройдзе рэспубліканская прафілактычная акцыя па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў у зімовых умовах «Зімнія шыны – бяспека для машыны». Падчас акцыі супрацоўнікі АДАІ будуць маніторыць стан праезджай часткі, утрыманне вуліц і дарог у бяспечным стане, павышаным у гэты міжсезонны час будзе і кантроль за выкананнем патрабаванняў заканадаўства ў частцы абавязковага абсталявання зімнімі шынамі транспартных сродкаў – удзельнікаў дарожнага руху.
Паважаныя вадзіцелі, нагадваем вам, што за эксплуатацыю транспартнага сродку з шынамі не па сезоне прадугледжаны папярэджанне або штраф у 1 базавую велічыню (29 руб.) ці ад 2 да 5 базавых (ад 58 да 145 руб.) пры паўторным парушэнні правілаў.
Той факт, што па статыстыцы кожнае трэцяе дарожна-транспартнае здарэнне адбываецца з-за складаных умоў надвор’я, павінен надаць вадзіцелям рашучасці ў пераходзе на зімнія шыны.
Не чакайце папярэджанняў ці штрафаў і не ўскладняйце сабе лёс кіламетровымі чэргамі на СТА падчас першых маразоў. Беражыце самае каштоўнае – жыццё і здароўе!
Дзмітрый ЮДЗІК, старшы інспектар АДАІ Івацэвіцкага РАУС.