x
Close
Актуально Культура Новости Общество

З любоўю да кнігі і да свайго чытача працуе бібліятэкар Волькаўскай сельскай бібліятэкі Людміла Гацуковіч

З любоўю да кнігі і да свайго чытача працуе бібліятэкар Волькаўскай сельскай бібліятэкі Людміла Гацуковіч
  • Опубликовано:7 декабря, 2024

Сёння сельская бібліятэка, акрамя сваёй асноўнай функцыі, выконвае яшчэ і сацыяльна-камунікатыўную, бо сюды наведваюцца не толькі па кнігі, але яшчэ і на розныя мерапрыемствы, а парой і проста каб пачуць добрае слова.

І ў наш час, калі інфармацыйную прастору запаланілі лічбавыя тэхналогіі, да сельскай бібліятэкі не зарастае чытацкая сцежка. У гэтым мы ўпэўніліся, пабываўшы на бягучым тыдні ў Волькаўскай сельскай бібліятэцы ДУК «Івацэвіцкая раённая бібліятэчная сетка».

Амаль тры гады тут працуе бібліятэкарам чарговая гераіня нашага праекта – Людміла Гацуковіч, якая таксама выбрала для сябе працу на вёсцы. Трохгадовым тэрмінам не абмяжоўваецца яе працоўны вопыт у бібліятэчнай справе, бо каля 20 гадоў яна адпрацавала ў бібліятэцы Волькаўскай сярэдняй школы. У 2015 годзе адбылася інтэграцыя школьнай бібліятэкі і публічнай, таму Людміла Іванаўна была вымушана пакінуць сваю справу і сем гадоў працавала сакратаром у школе. А калі на заслужаны адпачынак пайшла былы бібліятэкар Надзея Саванчук, кіраўніцтва раённай бібліятэчнай сеткі знайшло ёй дастойную змену, бо ведала, што Людміла Іванаўна – чалавек адказны, паважаны жыхарамі вёскі і ўлюбёны ў кнігу.

Нарадзілася і вырасла Людміла Гацуковіч у в. Чамялы. Марыла быць педагогам, але стала бухгалтарам. Пачынала працоўны шлях па спецыяльнасці ў аграхімічнай лабараторыі ў п. Майск, потым працавала ў ваенным лясгасе. Выйшла замуж за ваеннаслужачага і пераехала ў Вольку. Пасля дэкрэтнага адпачынку шукала месца працы бліжэй да дома, ды якраз была вакантная пасада школьнага бібліятэкара. З той пары і палюбіла бібліятэчную справу Людміла Гацуковіч, і вельмі задаволена, што праз сямігадовы перапынак зноў да яе вярнулася.

Сёння Волькаўская сельская бібліятэка мае 347 чытачоў, з іх крыху больш за 90 – дзеці. У распараджэнні вясковага чытача знаходзіцца каля 12 500 экзэмпляраў кніг, сёлета фонд папоўніўся амаль на 100 экзэмпляраў літаратуры. Попытам карыстаюцца і перыядычныя выданні: аформлена падпіска на сем газет рэспубліканскай, абласной і раённай прэсы і 11 часопісаў.

– Тое, што бібліятэка месціцца ў памяшканні школы, мае свае плюсы, – дзеліцца Людміла Іванаўна. – Гэта дае магчымасць для супрацоўніцтва з педагагічным калектывам, арганізацыі вольнага часу дзяцей.

І сапраўды, як толькі празвінеў школьны званок, дзетвара дружна пасыпалася ў бібліятэку. Адны цікавіліся кнігамі, другія бавілі час за шашкамі і пазламі, а некаторыя і ўвогуле зайшлі проста павітацца з любімым бібліятэкарам.

Гэта стэрэатып, што бібліятэкар толькі выдае кнігі. Сёння тут згодна з планам рэгулярна праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, а яшчэ тут малююць, рукадзельнічаюць, займаюцца творчасцю…

Людміла Іванаўна стараецца не прапускаць ніводнай значымай даты ў календары, да яе абавязкова арганізоўвае мерапрыемства і выстаўку.

Сапраўднай скарбонкай з’яўляюцца і стэлажы, на якіх бібліятэкарам сабрана і сістэматызавана інфармацыя па краязнаўстве, звесткі аб жыхарах сельсавета, якія з’яўляліся ўдзельнікамі Другой сусветнай, Вялікай Айчыннай і афганскай войн, аб творчых і цікавых выхадцах з Волькі і бліжніх населеных пунктаў. За дапамогу ў збіральніцтве Людміла Іванаўна ўдзячна настаўнікам Волькаўскай школы.

Бібліятэкар стараецца не прапускаць раённыя конкурсы і выступае на іх рэзультатыўна. Да прыкладу, у мінулым годзе яна адзначана Граматай раённай бібліятэчнай сеткі за арганізацыю і правядзенне лепшага краязнаўчага мерапрыемства, якое павышае імідж бібліятэкі, і рэзультатыўны ўдзел у раённым конкурсе «Роднага краю прыгажосць: убачыць, даведацца, зберагчы». А яшчэ па выніках работы за 2023 год аддзел культуры райвыканкама ўзнагародзіў Людмілу Іванаўну Граматай за дасягненне лепшых паказчыкаў работы сярод інтэгрыраваных бібліятэк.

Хочацца адзначыць, што ў сельскай бібліятэцы адчуваецца асаблівы камфорт, да якога, адразу відаць, прыкладае свае намаганні творчы і адказны работнік. Утульнасці дадае мноства фіялак розных відаў і колераў, яны занялі сваё ганаровае месца на падаконніках, а на падлозе і паліцах – іншыя пакаёвыя расліны ў вазонах.

Ніякі электронны носьбіт не заменіць шолах старонак і пах тыпаграфскай фарбы, упэўнена Людміла Іванаўна, якая і сама многа чытае. З любімага – творы Салжаніцына, Чаргінца, вельмі любіць яна духоўную літаратуру, а яшчэ час ад часу звяртаецца да твораў класікаў. Асаблівую ўвагу надзяляе яна дзіцячай літаратуры, абавязкова прачытвае сучасных аўтараў, цікавіцца навінкамі, каб ісці ў нагу з часам, каб ведаць, што параіць юным чытачам. А вось дарослыя, як адзначае бібліятэкар, часцей аддаюць перавагу дэтэктывам і раманам.

– Сярод дарослых чытачоў склаўся касцяк пастаянных, якія чытаюць шмат, і як кажуць, запоем. Па ўзроставым дыяпазоне гэта людзі, якім 40 гадоў і больш. Ёсць і пажылыя, ім стараюся даставіць кнігу на дом, бо дабрацца ў бібліятэку з ваеннага гарадка не кожны зможа, – расказвае Людміла Гацуковіч.

І нават калі бібліятэкар у водпуску, то ахвочыя пачытаць ёй смела тэлефануюць, бо ведаюць – Людміла Іванаўна не адмовіць і знойдзе час, каб выдаць чарговую кнігу.

Добрыя словы ў адрас волькаўскага бібліятэкара мы пачулі ў гэты дзень і ад Алены Паляковай, якая ў час нашага візіту прыйшла па кнігі:

– Людміла Іванаўна заўсёды даць слушную параду, што пачытаць цікавага. А калі ў «Івацэвіцкім весніку» з-за недахопу часу прапушчу які артыкул па краязнаўстве, дык заўсёды напомніць. Уважліва ставіцца яна да кожнага чытача – і да малога, і да ўзроставага. А калі патрэбнай кнігі няма ў фондзе, дык яна ж абавязкова знойдзе ў раёне і дамовіцца, каб даставілі!

Магчыма, работа бібліятэкара ў наш час знаходзіцца ў ценю і мае не такі відавочны рэзультат, як, скажам, праца ўрача ці настаўніка. Але той уплыў, які яна аказвае на грамадства, – неацэнны. Бо, як упэўнена Людміла Гацуковіч, калі жыццё чалавека праходзіць у сяброўстве з кнігай, значыць, у яго душы абавязкова паселіцца нешта добрае.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.