Штогод у райаддзел міліцыі паступае 15-20 зваротаў з просьбай дапамагчы
ў пошуку тых, хто згубіўся ў лесе ў летне-асенні перыяд.
Гарачая пара з надыходам лета распачалася не толькі ў ягаднікаў і грыбнікоў, але і ў супрацоўнікаў крымінальнага вышуку. На жаль, штогод і не раз нам разам з выратавальнікамі і валанцёрамі даводзіцца кідаць усе магчымыя сілы на пошук людзей у лясах, а наш раён, дарэчы, пакрыты імі больш чым на 60 працэнтаў.
На сённяшні дзень у раёне 20 чалавек лічацца прапаўшымі без весткі, сем з іх – гэта акурат грыбнікі і ягаднікі. Прычым адна жанчына ў пошуку ўжо з 2001 года, шанс знайсці яе мінімальны, але ён ёсць… Сёлетні сезон пакуль праходзіць спакойна, а вось у суседнім Кобрынскім раёне ў лесе на днях прапаў мужчына 1947 года нараджэння. Такіх прыкладаў па вобласці ўжо нямала, а сезон толькі пачаўся і завершыцца не раней, чым у кастрычніку, як адыдуць журавіны. Каб паход у лес завяршыўся перапрацоўкай багатага ўраджаю, а не пошукавай аперацыяй, раім вам прытрымлівацца пэўных правілаў:
- Добра зараджаны мабільнік – ваш галоўны памочнік у лесе. Вы можаце звязацца з роднымі, скінуць ім сваю геалакацыю, скарыстацца компасам, такія спецыяльныя праграмы зараз ёсць амаль ва ўсіх смартфонах. Дарэчы, у многім дзякуючы тэлефону ў 2020 годзе быў знойдзены жывым 72-гадовы мужчына, што пайшоў па журавіны ў Выганашчах. Нагадаю, яго шукалі трое сутак, і пэўны час ён быў на сувязі;
- Нават калі вы ідзяце ў лес ненадоўга, вазьміце з сабой добры запас ежы і вады. Той жа мужчына ў Выганашчах скарыстаўся і гэтым правілам, такая прадпрымальнасць дапамагла пратрымац-
ца ў лесе так доўга; - Апранайцеся ў яркае адзенне, так вы будзе больш прыкметнымі. І нават у спякоту бярыце з сабой цёплае адзенне. Зноў жа нагадаем пра нашага пенсіянера, што пайшоў па журавіны ў кастрычніку: яго знайшлі жывым, аднак пазней ён памёр у баль-
ніцы ад пераахалоджвання. Халодныя восеньскія ночы не пакінулі пажылому мужчыне шансу; - Не хадзіце ў лес у адзіночку, асабліва калі вы ўжо ў паважаным узросце. У складзе кампаніі арыентавацца значна лягчэй, ёсць магчымасць дапамагчы адзін аднаму. А калі вам больш за 65 гадоў і ёсць пэўныя захворванні, то ўвогуле лепш заставацца дома, як бы не цягнула вас у лес і якім бы знаёмым ні здавалася месца. У такім узросце крочыць па лясной цераспалосіцы куды складаней, чым па тратуарах. Летнюю спякоту часам цяжка пераносіць моладзь, што казаць пра сталае пакаленне.
Будзьце асцярожнымі, перад паходам у лес звяртайце ўвагу на свой стан здароўя, паглядзіце прагноз надвор’я і абавязкова папярэдзьце блізкіх аб тым, куды і як надоўга вы ідзяце. Не рызыкуйце сваім здароўем і тым больш жыццём.
Магчыма, статыстыка вымусіць вас задумацца: так, у 2020 годзе ў раёне ў пошуку былі 104 чалавекі, у 2021 – 73, у 2022 годзе – 85 жыхароў нашага раёна. Ільвіная доля гэтых людзей – акурат грыбнікі і ягаднікі.
Дзмітрый КУЦКО, старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.