Close
Новости

Запас бяды не чыніць.Як Івацэвіцкае райста фарміруе стабілізацыйны фонд і забяспечвае жыхароў раёна гароднінай і садавіной

Запас бяды не чыніць.Як Івацэвіцкае райста фарміруе стабілізацыйны фонд і забяспечвае жыхароў раёна гароднінай і садавіной
  • Опубликовано:16 октября, 2024

Адным з тых, хто забяспечвае насельніцтва раёна агародніннай, пладова-ягаднай і іншай прадукцыяй, з’яўляецца Івацэвіцкае райспажыўтаварыства. Запасамі на зіму зараз актыўна займаецца філіял «Каапнарыхтпрам», ідзе фарміраванне стабілізацыйнага фонду на міжсезонны перыяд 2024/2025 года.

Штогод Івацэвіцкі райвыканкам даводзіць заданне кааператарам па закладцы стабілізацыйнага фонду, каб нашы жыхары былі зімой з садавіной і гароднінай.

Як паведаміла першы намеснік дырэктара «Каапнарыхтпрам» Марына Сарока, найбольшыя аб’ёмы закупак для стабілізацыйнага фонду Івацэвіцкага райста займаюць яблыкі, бульба, капуста, морква, цыбуля і буракі. Калі казаць мовай лічбаў, то згодна з планам у стабфонд да 1 снежня будзе закладзена 85 т яблык, 35 т морквы, 35 т цыбулі, 80 т бульбы, 30 т буракоў, сёлета даведзенае заданне па іх закладцы павялічана ў параўнанні з мінулагоднім.

У Івацэвіцкім райспажыўтаварыстве вядзецца сістэмная работа па закупцы прадукцыі ў насельніцтва і сельгасвытворцаў, з якімі заключаюцца дамовы не толькі на пастаўку прадукцыі, але і на яе захоўванне.

– Дзякуючы стабілізацыйнаму фонду ў міжсезонны перыяд пакупнікі магазінаў Івацэвіцкага райспажыўтаварыства змогуць набыць гародніну і садавіну ўласнай вытворчасці па прымальных цэнах, – адзначае Марына Мікалаеўна.

Акрамя закладкі стабфонда кааператары займаюцца нарыхтоўкай прадукцыі і для бягучай рэалізацыі. Уборка ўраджаю гародніны практычна завершана, таму зараз нарыхтоўка ідзе поўным ходам. Разам з Марынай Мікалаеўнай мы пабывалі на складах захоўвання гародніны. Тут маюцца чатыры атэставаныя камеры для захоўвання гародніны на працягу ўсяго міжсезоннага перыяду: дзве для капусты, адна для цыбулі – яна ўжо цалкам закладзена, і адна для бягучай рэалізацыі прадукцыі.

У кожнай з камер аўтаматычна пад-трымліваецца мікраклімат: тэмпература, вільготнасць, паветраабмен – усё гэта вельмі важна для таго, каб забяспечыць захаванасць прадукцыі.

– Да прыёму ўраджаю нашы работнікі заўсёды грунтоўна рыхтуюцца загадзя. Чысцяць і прасушваюць камеры склада, праводзяць іх дэзінфекцыю. Гэта важны працэс, паколькі з’яўляецца асновай мінімізацыі страт пры захоўванні. Затым камеры перад закладкай прадукцыі праходзяць атэстацыю спецыялістамі Баранавіцкага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, – тлумачыць Марына Сарока. – Акрамя таго, мы пастаянна сочым за тым, каб максімальна захаваць якасць гародніны, бо ў далейшым яна пастаўляецца на прылаўкі гандлёвых кропак райспажыўтаварыства, дзе і рэалізуецца насельніцтву. Вельмі важна, каб на сталы нашых грамадзян трапляла толькі якасная прадукцыя.

Існуе і шэраг патрабаванняў да гародніны і садавіны, якія папаўняюць стабілізацыйныя фонды, паколькі яны будуць захоўвацца доўгі час – да лета. Уся прадукцыя праходзіць некалькі этапаў кантролю. Перш за ўсё, яна павінна быць якаснай: адпаведнага знешняга выгляду, без пашкоджанняў і хвароб, бо гэта гарантыя іх захаванасці і далейшага збыту. Акрамя таго, праводзяцца даследаванні ў Баранавіцкім цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, Івацэвіцкім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па паказчыках бяспекі, абавязковыя аналізы на ўтрыманне нітратаў, радыёнуклідаў, пестыцыдаў і інш. А пасля закладкі з агульных аб’ёмаў прадукцыі робіцца адбор і паўторна адпраўляецца на разгорнуты аналіз.

Трэба адзначыць, што Каапнарыхтпрам займаецца закупкай бульбы або капусты ў пераважнай большасці ў сельскагаспадарчых вытворцаў, што масава вырошчваюць садавіну або гародніну, бо вельмі важна атрымаць партыю аднаго гатунку, тым часам як насельніцтва аддае перавагу вырошчванню рознагатунковай прадукцыі. А наш пакупнік сёння патрабавальны, ён жадае ведаць дакладна гатунак той ці прадукцыі, якую набывае, а таксама дзе яна вырошчвалася.

Да прыкладу, асноўным пастаўшчыком яблык з’яўляецца ААТ «Астрамечава» (Брэсцкі раён), ФГ «Бацькоўскі фальварак» (в. Заполле) – яна ж пастаўляе капусту і частку аб’ёмаў морквы, бульбай нас забяспечвае ААТ «Святая Воля», на пастаўку 20 тон морквы спажыўкааперацыяй заключана дамова с ФГ «Навіцкіх» (Лунінецкі раён), 30 тонамі буракоў з графікам пастаўкі па 5 тон забяспечыць ФГ «Фартуна» (Баранавіцкі раён).

А вось у насельніцтва ў асноўным кааператары прымаюць фасолю, часнок, агуркі, яблыкі, памідоры, перац і ягады. Дарэчы, гэты год выдаўся неўрадлівым на агуркі, таму цэх перапрацоўкі пладоў і гародніны, на якім мы таксама пабывалі, нарыхтаваў 25,3 тоны салёных агуркоў і карнішонаў (для параўнання ў мінулым годзе было нарыхтавана і рэалізавана 82,3 тоны агуркоў). Працэс іх ферментацыі ўжо завяршыўся, і хрусткія салёныя агуркі ад нашых кааператараў ужо трапілі на прылаўкі магазінаў. У цэху выпускаюць таксама два віды квашанай капусты, для рэалізацыі гатова тона гэтай вітаміннай прадукцыі, да яе вытворчасці работнікі прыступяць за сезон яшчэ не раз, у залежнасці ад попыту, каб прадукт трапляў на прылаўкі свежым і смачным. Наш пакупнік ужо ацаніў смак і салёна-марынаванах салатаў ад Каапнарыхтпрама, які выпускае па два віды з капусты і з морквы фасоўкай у 300 і 380 грам. Акрамя гандлёва-рознічнай сеткі Івацэвіцкага райста, салёная і квашаная прадукцыя паступае на рэалізацыю ў сацыяльныя ўстановы, а таксама і за межы раёна, напрыклад, на брэсцкі рынак або ў санаторый «Ружанскі» і інш.

Нельга не адзначыць, што для работнікаў склада гароднінай прадукцыі ў гэтым годзе палепшыліся ўмовы працы. Праведзены рамонт з абсталяваннем санпрапускніка, цяпер работнікі трапляюць на склад праз асобны ўваход, прымаюць душ і пераапранаюцца ў спецадзенне, для гэтага ўстаноўлены гардэробныя шафы. Да таго мадэрнізацыя закранула і кабінет кладаўшчыка – цяпер ён цёплы і сучасны.

Неабходныя ўмовы як для працы работнікаў, так і для захоўвання і перапрацоўкі садавіны і агародніны створаны, а значыць, засекі спажывецкага таварыства і сёлета забяспечаць патрэбы жыхароў Івацэвіцкага раёна ў вітаміннай прадукцыі да новага сезона.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.