Зберагаючы спадчыну

Установы адукацыі Івацэвіцкага раёна паспяхова выступілі на IX адкрытым абласным фестывалі фальклорнага мастацтва «Радавод».
Абласны фестываль фальклорнага мастацтва «Радавод», які ладзіцца адзін раз у тры гады, у дзявяты раз прайшоў на Брэстчыне. Арганізатарамі яго выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны цэнтр маладзёжнай творчасці.
Сёлета месцам правядзення свята стаў Парк культуры і адпачынку ў горадзе над Бугам. На працягу двух дзён, 19 і 20 верасня, берасцейцаў і гасцей горада радавалі таленавітыя рабяты і іх педагогі – сабралася каля тысячы ўдзельнікаў з усёй вобласці, у тым ліку і прадстаўнікі Івацэвіцкага раёна.
Наш раён на абласным фестывалі прадставілі вучні і настаўнікі з пяці ўстаноў адукацыі. Перш чым трапіць на абласны этап конкурсу, яны прайшлі сур’ёзны адбор і правялі маштабную падрыхтоўку: падбіралі касцюмы і рэквізіт, шмат рэпеціравалі і шукалі цікавыя спосабы падачы інфармацыі, каб выступіць у разнастайных намінацыях фестывалю.
Вучаніцы 6 «Б» класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Івацэвічы ім. У. Гука» Паліна Лось, Сафія Навумчык і навучэнец 11 «А» класа Павел Барысік сумесна з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Таццянай Барысік выступілі ў намінацыі «Бабуліна кухня». Журы адзначыла арыгінальнасць афармлення папкі-буклета і прэзентацыю страў з бульбы, за што прысудзіла іх рабоце Дыплом I ступені.
Сваімі работамі здзіўлялі журы і целяханцы. Выхаванка аб’яднання па інтарэсах «Свет творчасці» Цэнтра дзіцячай творчасці г. п. Целяханы Сафія Горбач пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Аляксандры Кулінка паказала майстар-клас у тэхніцы «выцінанка», а таксама прадставіла работу – выяву барадатай няясыці, усярэдзіне якой размешчана геральдычная лілея з каласкамі жыта і васількамі. Старанні Сафіі і яе педагога адзначаны Дыпломам ІІ ступені. Навучэнка 8 «А» класа ДУА «Целяханская сярэдняя школа ім. К. К. Ракасоўскага» Паліна Мялік і кіраўнік школьнага музея «Спадчына» Марыя Гаўрусік узнагароджаны Дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Музейны куток». Яны прадставілі экспазіцыю «Інтэр’ер традыцыйнага жылля сялян».
Удзельнікамі абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Радавод» ад Амяльнянскай сярэдняй школы сталі вучні 4-10 класаў, а таксама настаўнікі. Выхаванцы гуртка «Фальклорны» выступілі ў намінацыі «Фальклорны тэатр». На суд журы яны прадставілі абрад з пастаноўкай «Кірмаш» (кіраўнік – Павел Канановіч), за што былі ўзнагароджаны Дыпломам III ступені.
Акрамя таго, Амяльнянская школа атрымала Дыплом I ступені ў намінацыі «Фальварак майстроў». Пад кіраўніцтвам Антаніны Шаўчук на «Радаводзе» прадэманстравалі выстаўку ручнікоў, вышытых калісьці мясцовымі жыхарамі.
Абрад «Юр’е, выган кароў на пашу», што паказалі ўдзельнікі фальклорнага гуртка «Спадчына» ДУА «Вялікагацкая сярэдняя школа», адзначаны Дыпломам II ступені. Абрад быў адноўлены на аснове мясцовага матэрыялу па ўспамінах Вольгі Пушылы. У музычным суправаджэнні дапамагла Марыя Муха, якая раней выкладала ў школе музыку.
Такія мерапрыемствы – не проста культурная падзея для падрастаючага пакалення, але і важны крок да захавання традыцый, нашай унікальнай культурнай ідэнтычнасці.
Наш кар.




















