Збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь стартаваў

Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала сем ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты:
дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі;
старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча;
старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандра Хіжняка;
начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольгі Чамаданавай;
індывідуальнага прадпрымальніка Ганны Канапацкай;
старшыні Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Сяргея Бобрыкава;
першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Сяргея Сыранкова.
Па ўсёй краіне пачаліся пікеты па зборы подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў Прэзідэнты,выключэннем не сталі і Івацэвічы.
Месцам правядзення пікета ў падтрымку аднаго з прэтэндэнтаў у кандыдаты для вылучэння на выбары на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у райцэнтры стала пляцоўка ў скверы Перамогі.
Сквер у апошні час стаў любімым месцам гараджан і гасцей г. Івацэвічы, тут заўсёды шматлюдна, ды яшчэ і гандлёвых кропак побач хапае, куды ў святочны выхадны дзень жыхары раёна спяшаюцца адправіцца па пакупкі.
Не дзіва, што каля пляцоўкі правядзення пікету ў падтрымку аднаго з прэтэндэнтаў у кандыдаты для вылучэння на выбарах на пасаду Кіраўніка дзяржавы было шматлюдна. Многія мэтанакіравана прыйшлі на пікет, каб паставіць свой подпіс, бо гэта і ёсць выкананне сваіх грамадзянскіх абавязкаў.

«Прыйсці і пакінуць подпіс за свайго прэтэндэнта ў кандыдаты важна, ад гэтага залежыць наша будучыня, будучыня нашых дзяцей, нашай дзяржавы», – пра гэта гаварылі жыхары райцэнтра і яго госці, якія ў святочны выхадны наведалі пікет.
Збор подпісаў працягнецца месяц і завершыцца 6 снежня.
З 7 па 21 снежня ЦВК будзе прымаць дакументы, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатаў. А з 22 па 31 снежня адбудзецца непасрэдная рэгістрацыя. У ЦВК адзначылі, што пасведчанні кандыдатам выдадуць у двухдзённы тэрмін па яе завяршэнні.
З 1 па 25 студзеня прызначаныя перадвыбарная агітацыя і інфармаванне выбаршчыкаў.
З 21 па 25 студзеня таксама адбудзецца датэрміновае галасаванне, а самі выбары Прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года.
Падрыхтавала Марыя Сазонава. Фота Валерыя Міскевіча.