Даўно не адчувала душа вясковага каларыту, засумавала па самабытнай атмасферы маленькіх, але ўтульных вёсачак нашага раёна. Роздум, куды ж адправіцца за чарговай порцыяй уражанняў і цікавых звестак, каб перадаць іх сваім шаноўным чытачам, прывёў нас у панядзелак у в. Жытлін аднайменнага сельсавета.
Аднак перш чым адправіцца ў вандроўку, па традыцыі заглянулі ў кнігу «Населеныя пункты Івацэвіччыны» Алеся Зайкі. «У трох кіламетрах ад Хадакоў, за працяглай лугавінай, размясцілася маляўнічая вёска Жытлін з багатай і слаўнай гісторыяй. Паводле пісьмовых крыніц, упершыню згадваецца ў кнізе візітацый касцёлаў Слонімскага дэканата за 1794 год…» Жытлін – ад «жытло», «паселішча» – так разважае Алесь Фаміч аб назве вёскі.
Мароз і сонца – дзень цудоўны! Хацелася па дарозе да вёскі выказацца словамі класіка. Мінаем Волю, Хадакі, а вось і ён – легендарны Жытлін, гераічная зямля, цэнтр колішняга партызанскага краю, што ўзгадаваў адданых сыноў і дачок, што праліў нямала слёз, стогнучы пад пажарам Вялікай Айчыннай вайны.
Ад іскрыстага снегу ажно рэзала вочы. Ды толькі адразу заўважылася, дзе снег ля асобных веснічак так і застаўся некранутым, ляжаў суцэльным палатном. Значыць, ніхто ў гэтых хатах не зімуе. Карціна, уласцівая не толькі Жытліну, а і іншым маланаселеным пунктам раёна. Там-сям з комінаў віўся дымок, рыпеў калаўрот калодзежа, гаўкаў сабака, нібы пацвярджаючы сімвалічную назву вёскі – тут усё ж такі цепліцца жыццё!
Першай справай, канешне, рушым у магазін, ён тут адзін, і гэта не проста гандлёвая кропка – гэта цэнтр прыцягнення. За прылаўкам нас сустракае прыветная жанчына Валянціна Клютко, яна ж, як высветлілася, і стараста вёскі. Нечаканым гасцям прадавец рада.
– Зімой у нас тут ціш, – з лёгкасцю ўступае ў гутарку стараста. – Вясной і ўлетку праз магазін вядзе дарога частых гасцей да «Хаваншчыны», таму і заглядваюць падарожныя часам. Шмат хто на дачны сезон вяртаецца ў бацькоўскія хаты. А зараз толькі мясцовыя, ведаючы графік прывозу хлеба, тут з хвіліны на хвіліну збяруцца.
І праўда. Адна за адной у магазін зайшлі дзве жыхаркі, нешматслоўныя жанчыны пенсійнага ўзросту толькі ўздыхнулі, маўляў, няма зараз тут таго, што раней было. Магазін працуе па аўторках, пятніцах і суботах з 10.00 да 17.00. У гэтыя ж дні прывозяць у Жытлін і свежы хлеб. Прадавец заказвае па 12 боханаў івацэвіцкага «кірпічыка», а яшчэ батоны, булачкі, пару боханаў хлеба з вотруб’ем – і гэтага дастаткова.
На пытанне, куды ж нам падацца, каб пазнаёміцца і пагутарыць з мясцовымі старажыламі, Валянціна Аляксандраўна надта ёмка і прыгожа адказала:
– Дык нашы ўсе старажылы зараз «у цёплым выраі»!
Той самы «вырай» для пажылых жытлінцаў – гэта далёкія і блізкія вёскі ды гарады, куды да сябе на зімоўку іх забралі родныя.
Па інфармацыі Жытлінскага сельвыканкама, у населеным пункце сёння зарэгістравана каля 80 чалавек, з іх чацвёра дзяцей, аднак па факце пражывае тут значна менш.
Зразумела, што і людзей працаздольнага ўзросту тут у будзённы дзень шансаў мала застаць, аднак, не губляючы надзеі спаткаць цікавага суразмоўцу, рушым пешшу ў вёску. Успамінаючы аповед пра вёску Валянціны Аляксандраўны, дарэчы, карэннай жытлінкі, пазнаём недалёка ад магазіна былы сельсавет і клуб, што месціліся пад адным дахам, а сёння ўжо не падаюць прыкмет жыцця, хоць і выкупленыя некім, а вось былую пачатковую школку перавялі ў жылое памяшканне і выглядае яна абжытай.
Спыняемся ля мясцовай святыні – брацкай магілы, у якой пахаваныя 97 воінаў і партызан брыгады імя Дзяржынскага, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сярод іх тут спачывае адзін з арганізатараў партызанскага руху на Брэстчыне – камандзір партызанскага атрада № 112 Аляксей Чарткоў, што адважна паглядае на нас з партрэта на мемарыяле. Нізка схіляем галовы паўшым воінам і ў душы радуемся, што да помніка вычышчана сцежка, што ляжаць тут свежыя кветкі. Наш народ помніць… Мы помнім…
Вясковую цішыню раптам парушае гул транспарту, і з-за павароту паказваецца аўтобус з апазнавальнымі сімваламі на белых баках, у якім мы пазнаём перасовачны ФАП, што прыпыніўся на вуліцы Партызанскай. З медустановы на колах хуценька выйшла памочнік урача Кацярына Вярбіцкая, перакінулася з намі парай слоў і рушыла да пацыентаў, бо па плане ў гэты дзень было наведванне на доме маламабільных жыхароў і людзей з інваліднасцю. Не сталі замінаць працы медыка і, адправіўшыся далей, сустрэлі жанчыну, чыя прафесія таксама непарыўна звязана з міласэрнасцю і дабрынёй, без якіх, як і ў медыцыне, надоўга не затрымаешся.
Нашым наступным субяседнікам стала Тамара Кулініч – сацыяльны работнік. Яна толькі выйшла з двара, а яе падапечная, 86-гадовая Надзея Пытляк, яшчэ з хвіліну пастаяла на парозе, праводзячы позіркам сваю памочніцу, якая для жанчыны сапраўдны анёл-ахоўнік.
– Няпростая выдалася сёлетняя зіма, для пажылых людзей гэта сапраўды выпрабаванне. Таму спяшаюся заўсёды да іх, каб дроў нанасіць, вады, абавязкова купіць прадуктаў, парадаваць чым-небудзь смачненькім. А бывае, ім важна проста пагутарыць, выслухаць іх. За час работы, а я аддала сацыяльнай службе 12 гадоў, падапечныя сапраўды становяцца роднымі людзьмі. Няхай сабе са сваімі характарамі і звычкамі, але турбуешся за іх, перажываеш і адносішся, як да бацькоў сваіх.
Жыццё, яно такое, не мінаюць і страты, але я памятаю кожнага, каго даглядала. Іншы раз перабіраю ў думках, згадваю, дык здаецца, вось бы сабрацца разам, пагутарыць зноў, вярнуць той час. Кожны з іх часцінку свайго сэрца і мне аддае, я атрымліваю ад іх жыццёвую мудрасць, – разважае Тамара Сцяпанаўна.
Не расстаецца і зімой жанчына з веласіпедам, а ўсё па той прычыне, што, хоць і пешшу, але пакупкі з магазіна падапечным так прасцей і лягчэй даставіць на ім. Гледзячы, як шчыра і пранікнёна расказвае Тамара Кулініч пра сваіх падапечных, становіцца зразумела, што для яе работа – сапраўды прызванне, што вось яна – тая самая рука дапамогі, сувязное звяно паміж дзяржавай і тымі, каму патрэбна падтрымка, каму не наканавана жыць «у цёплым выраі».
Трэба азначыць, што на цікавыя знаёмствы нам у гэты дзень сапраўды пашчасціла, бо ў вёсцы яшчэ спаткаўся і вядомы ў акрузе жытлінец – Віктар Клютко. Жвавага мужчыну сярэдніх гадоў можна ахарактарызаваць так: і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся – так можна коратка апісаць яго біяграфію.
– Мы, мясцовыя, ніколі не дзелім тэрыторыю бліжэйшых населеных пунктаў, для нас усе навакольныя вёскі – гэта Жытліншчына, – разважае Віктар Барысавіч.
Культурнае жыццё ў Жытліне, як і ў суседніх Хадаках, ва многім працягваецца дзякуючы яму, бо мужчына каля 40 гадоў загадвае Хадакоўскім клубам, і ў нешматлікім калектыве ён і чалавек-аркестр, і акцёр, і рэжысёр, і дыджэй, і нават Дзед Мароз на навагодніх святах.
А яшчэ да гэтых іпастасяў варта дадаць адну і вельмі важную – Віктар Барысавіч з’яўляецца збіральнікам і захавальнікам культурнай спадчыны Жытліншчыны. І каб убачыць усё на свае вочы, завіталі разам з ім, нягледзячы на выхадны дзень, у Хадакоўскі сельскі клуб.
Справа ў тым, што ў 70-80 гадах мінулага стагоддзя ў Хадакоўскай школе, якую наведвалі і жытлінцы, існавала творчае аб’яднанне, якое выпускала рукапісны літаратурна-мастацкі альманах «Факел» пад кіраўніцтвам былога настаўніка рускай мовы і літаратуры Юрыя Ігнацьевіча Гарбачова. У аб’яднанні, дарэчы, былі свае карэктары і рэдактары, мастакі-афарміцелі з ліку вучняў.
У разнастайных нарысах, эсэ, інтэрв’ю, вершах, напісаных звычайнымі вучнямі школы, адлюстравана жыццё мясцовых жыхароў, гісторыя навакольных вёсак, звесткі пра ветэранаў вайны і працаўнікоў сяла, заметкі пра побыт пры панскай Польшчы, а яшчэ перапісаныя артыкулы з раённай і рэспубліканскай прэсы, якія датычыліся малой радзімы. Каштоўнымі з’яўляюцца і матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Жытлінскай царквы, якая, дарэчы, некалі месцілася ў будынку цяперашняга магазіна, а потым была спалена. Віктар Барысавіч здолеў сабраць унікальныя запыты з дзяржархіва, якія раскрываюць малавядомыя старонкі гісторыі роднай вёскі. Сапраўдны скарб, не інакш! Сёння беражліва захоўваюцца дзясяткі тамоў альманаха.
Гартаеш яго старонкі і дзіву даешся тым энтузіязму і адказнасці, з якімі тагачасныя школьнікі падыходзілі да збору інфармацыі. Кожная старонка – гэта вынік карпатлівай працы, глыбокага даследавання і шчырай любові да сваёй зямлі. Уся гэтая калекцыя афіцыйна стаіць на ўліку ў аддзеле культуры, што сведчыць пра яе значымасць для гісторыі раёна.
Заглянулі мы і ў невялікі пакойчык – міні-музей, у якім сабраны Віктарам Барысавічам даўнейшыя прадметы побыту, кожны з іх падпісаны: адкуль узяўся, хто быў яго гаспадаром. Цікава, што шмат рэчаў Віктар Клютко сюды прынёс ад жытлінцаў.
Тры гадзіны, праведзеныя на Жытліншчыне, аказаліся не проста журналісцкім візітам, а сапраўдным адкрыццём. Гэтая вёска, хоць і маланаселеная, але напоўнена жыццём, гісторыяй і незвычайнымі людзьмі, якія захоўваюць і шануюць сваю спадчыну. Пакідалі Жытлін з адчуваннем, што час тут ідзе па-іншаму, нібы запавольваючыся, каб дазволіць нам прыслухацца да шэпту мінулага.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.









