Close
Актуально Юбилеи

Жыць і працаваць на сумленне

Жыць і працаваць на сумленне
  • Опубликовано:23 февраля, 2025

Пра жыццёвыя і працоўныя сцежкі-дарожкі Міхаіла Міхайлавіча Гутырку з аг. Аброва – з нагоды яго юбілею.

Галоўнае багацце беларускай зямлі – працавітыя людзі. На іх, як кажуць, тая самая зямля і трымаецца. Кожны раз, атрымліваючы службовае заданне, вельмі радуюся, калі выпадае магчымасць расказваць пра руплівых, шчырых, простых людзей, а тым больш прыемней, калі гэта яшчэ і людзі, умудроныя жыццёвым вопытам. Сумяшчаць прыемнае з карысным давялося літаральна на днях, бо выдалася нагода пазнаёміцца з Міхаілам Міхайлавічам Гутыркам з аг. Аброва.

23 лютага ў гэтага паважанага чалавека двайное свята: так сталася, што яго дзень нараджэння супадае з Днём абаронцаў Айчыны. А сёлетні дзень нараджэння ў яго асаблівы, бо юбілейны – 80-ты!
Усё яго сталае жыццё звязана з сельскагаспадарчай працай і прасякнула любоўю да карміцелькі-зямлі. Сёння ён – заслужаны ветэран працы, за плячыма якога больш за чатыры дзесяцігоддзі адданай работы на карысць сельскай гаспадаркі раёна. А ў стосе ўзнагарод, што зарабіў уласным мазалём, – высокія і значымыя: медаль «За працоўную доблесць», ордэны Працоўнай славы 2 і 3 ступеняў, два бронзавыя медалі ВДНГ, Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і медаль «Ветэран працы».

Напярэдадні свайго юбілею Міхаіл Міхайлавіч на парозе свайго дома вітаў карэспандэнта раёнкі разам са сваёй вернай спадарожніцай жыцця – жонкай Аленай Мікалаеўнай. А на пытанне, як жа ўдалося заслужыць столькі высокіх узнагарод, гаспадар сціпла паціснуў плячыма:

– Ды нічога асаблівага. Працаваў, як усе. Наколькі дазваляла сумленне…
Міхаілу, як і іншым дзецям ваеннага і пасляваеннага часу, з маленства давялося ведаць цану хлебу, а потым – і працы хлебароба. Нарадзіўся ён у Аброве ў 1945 годзе. Лёс распарадзіўся так, што бацьку свайго ён нават і не бачыў, бо перад яго нараджэннем з фронту прыйшла трагічная навіна, што той загінуў.

– Пахаваны бацька ў брацкай магіле ў Калінінградскай вобласці. У канцы 80-х мы з сям’ёй ездзілі туды, наведалі магілу, – расказвае Міхаіл Міхайлавіч.

Праз некаторы час маці яго выйшла замуж другі раз, і ў сям’і нарадзілася яшчэ трое дзяцей: дзве сястры і брат. У 14-гадовым узросце, пакінуўшы вучобу ў школе, накіраваўся Міша на заробкі ў Валгаградскую вобласць у мясцовы калгас, там на той час жыў брат айчыма. А каб узялі на працу, хлопец схітрыў і прыпісаў сабе пару гадоў. Так яго, рухавага ды разваротлівага, адразу назначылі трактарыстам.

– І хоць тады правоў трактарыста не меў, ды з работай спраўляўся, – усміхаецца мой субяседнік. – Я ж тут, у Аброве, за трактарамі на полі хадзіў следам, бо надта ж любіў тэхніку!

Здатнага хлопца адправілі на вучобу, і паўгадовы курс ён асвоіў за тры месяцы, тады заветныя правы трактарыста аказаліся ў кішэні. Два гады шчыраваў Міша на рускіх палетках на савецкім гусенічным трактары «Сталінец-80» – менавіта з яго пачаўся шлях у прафесію будучага трактарыста-перадавіка.

Праз два гады хлопец вярнуўся дахаты, уладкаваўся трактарыстам ужо ў мясцовы калгас
імя Чапаева. Яму было ўсяго 17, калі моцна захварэла маці, і ў хуткім часе яе не стала. Айчым потым зноў ажаніўся. Так Міша апынуўся ў адной хаце з чужымі яму людзьмі, якія яго і малодшых, дзякаваць Богу, не крыўдзілі.

На службу ў армію Міхаіл Гутырка адпраўляўся ўжо жанатым чалавекам. Яго жонкай стала суседка Алена, якую ведаў і з якой і сам побач рос з маленства. Тры гады яна чакала мужа са службы, пісала яму лісты ў далёкі Ленінград і атрымлівала вестачкі ў адказ. А Міхаіл так добра зарэкамендаваў сябе на службе, што за трэці год ажно шэсць разоў прыязджаў у звальненні дадому.

– Атрымала аднойчы ліст, а ў ім Міша прапануе пераехаць у Ленінград, маўляў, запрашаюць на далейшую службу, даюць трохпакаёвую кватэру. Ды толькі са свайго Аброва мне нікуды ехаць не хацелася, – падхоплівае размову Алена Мікалаеўна.

Так Міхаіл дзеля сям’і адмовіўся ад кар’еры ваеннаслужачага і вярнуўся ў аброўскі калгас шчыраваць і далей трактарыстам. У іх сям’і падрастала двое дзяцей – дачка Святлана і сын Васілій, таму патрэбен быў свой дах над галавой. У Амяльной купілі дом і перавезлі зруб у роднае Аброва.

– Некалі марылі, што дом гэты для нас часовы, а мы яшчэ пабудуем сабе вялікі. Але дзеці хутка выраслі і раз’ехаліся, і ён стаў для нас надта прасторным… – разважае Міхаіл Міхайлавіч пра тое, як імкліва бяжыць час.

А яшчэ ўспамінае бяскрайнія засеяныя калгасныя палеткі, гул трактароў і камбайнаў, горы залатога зерня падчас уборачнай – з гэтай штодзённай нялёгкай працы і саткалася жыццё трактарыста. Сціплы працаўнік вёскі не бачыць аніякай нагоды для славы, лічачы, што ён, як і іншыя, проста выконваў сваю работу. І хоць сельскагаспадарчую працу лёгкай не назавеш, Міхаіл Гутырка лічыць, што зямля, якую абрабляе ўсё свядомае жыццё, дае яму фізічныя і душэўныя сілы.

Пра тэхніку, на якой давялося працаваць, ён расказвае з асаблівым трапятаннем, бо з кожным трактарам ці камбайнам, які яму давярала кіраўніцтва, звязаны пэўны этап яго жыцця. Працаві-
тасць і адказнасць далі свае рэзультаты, і Міхаіл Міхайлавіч стаў не проста тым работнікам, на якога ў гаспадарцы раўняліся, але і перадавіком, за што і быў адзначаны такімі высокімі ўзнагародамі. А колькі яшчэ было грамат, дыпломаў і пісьмаў падзякі – не злічыць. Аднак іх аб’ядноўвае адно – усе яны атрыманыя адданай працай. Пяць гадоў адпрацаваў Міхаіл Міхайлавіч у родным калгасе яшчэ і пасля выхаду на пенсію. Ён і дагэтуль сочыць за навінамі з роднага сельгаспрадпрыемства, якое далучылася да ААТ «Святая Воля», дзякуе яго кіраўніцтву за клопат аб пенсіянерах і адзначае, што надта б хацеў папрацаваць пры такім граматным і уважлівым кіраўніку, як Уладзімір Любушак. Як пайшоў на заслужаны адпачынак Міхаіл Міхайлавіч, дык прыдбаў сабе трактар, бо сядзець склаўшы рукі не прывык.

Сёння гаспадары ўжо не трымаюць такой вялікай хатняй гаспадаркі, як некалі, таму
і патрэбы засаджваць у полі соткі бульбай ужо няма. Аднак са сваім трактарам Т-25 у сельскагаспадарчы сезон мужчына не расстаецца.

Надзвычай рэдка ў наш час сустрэнеш чалавека, які гатовы безадмоўна і бескарысна прыходзіць на дапамогу іншым. Хто з вясковых ні звернецца да Міхаіла Міхайлавіча з просьбай абрабіць кавалак зямлі або прывезці бульбу з поля, ён садзіцца за руль свайго жалезнага сябра і імчыць на дапамогу. Ды, як расказваюць і самі вяскоўцы, ні капейкі за гэта не возьме ўзамен!

Вось і спецыяліст Святавольскага сельвыканкама Тамара Куіс не мінула магчымасці сказаць колькі слоў пра нашага юбіляра:

– У 90-х гадах я працавала аграномам-насенняводам у калгасе імя Чапаева. І зараз памятаю, як Міхаіла Міхайлавіча кіраўніцтва адпраўляла на самыя адказныя работы, бо былі заўсёды ўпэўнены: выканае бездакорна! А што тычыцца дапамогі аднавяскоўцам, дык і зараз, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, ніколі не адмовіць!

Цёплыя словы аб гаспадарах Гутырка казала і сацыяльны работнік Наталля Калтуневіч.
– Аказваць сацыяльныя паслугі гэтым пенсіянерам выпадае толькі падчас падмены водпуску ці бальнічнага асноўнага работніка, – дзеліцца яна. – І заўсёды з асаблівым задавальненнем іду да іх у хату, бо ведаю: тут жывуць добрыя і шчырыя людзі!

Больш за 60 гадоў крочыць Міхаіл Міхайлавіч па жыцці са сваёй жонкай Аленай Мікалаеўнай, якая аддана адпрацавала паляводам таксама ў мясцовай гаспадарцы. Дастойна выхавалі яны дваіх дзяцей, якія зараз жывуць і працуюць у Мінску, ганарацца трыма ўнукамі і прычакалі аднаго праўнука.

З юбілеем, паважаны Міхаіл Міхайлавіч! Яшчэ доўгія гады заставайцеся для сваіх родных і аднавяскоўцаў тым самым яскравым прыкладам – як патрэбна жыць і працаваць на сумленне.

Аксана Цярэшка, фота аўтара.