Мая любоў да кнігі пачалася яшчэ ў дзяцінстве. Праўда, са злачынства. Так-так, свае першыя кніжкі, калі не лічыць размалёўкі, рознакаляровыя брашуры і выданні, якія куплялі мне і малодшай сястры бацькі, я ўкрала ў вясковым магазіне. Неяк з матуляй мы зайшлі ў гандлёвы аб’ект, у якім па тым часе прадавалі як хлеб, цукар, каўбасы, так і адзенне, абутак, спартыўныя і гаспадарчыя тавары. І пакуль матуля размаўляла з прадаўцом, я хуценька прабеглася паміж вітрын і «сцягнула» з іх некалькі блакнотаў, невялікага фармату кніжак і запіхнула ўсё гэта за пазуху. Каб «кампанія» была, што называецца, у поўным зборы, па кішэнях шэрай, з «залатымі» гузікамі куртачкі распіхала яшчэ з дзясятак чырвоных, сініх, зялёных надзіманых шарыкаў.
Па дарозе дадому маці некалькі разоў прасіла мяне дастаць рукі з кішэняў. Ды дзе там! Дастань – і «багацце» высыплецца на дарогу. Хаця так яно і здарылася пасля таго, як маці вырашыла дапамагчы распрануцца свайму непаслухмянаму дзіцяці.
Як жа мне тады дасталася! Мама «выхоўвала» і голасам, і папругаю… А я плакала. І плакала не толькі ад болю, але і ад сораму, і ад крыўды, і ад страху, што заўтра раніцай прыйдзецца пайсці і занесці ўкрадзеныя рэчы назад у магазін. А яшчэ за свой учынак папрасіць прабачэння.
Потым у маім жыцці здарылася бібліятэка. Дзверы ў кніжны рай, дзе высокая столь, свая асаблівая цішыня і мора кніг, адкрыла тагачасная бібліятэкарка Ніна Дзям’янаўна. Сёння цяжка будзе перадаць словамі, якая гэта была дзіцячая чыстая радасць, калі ўпершыню ў жыцці ў сапраўдны чытацкі фармуляр мне запісалі новенькую, яшчэ з водарам друкарні кнігу «Лісіца і журавель». Вось толькі кнігу гэтую я прачытала літаральна за гадзіну і таму па дарозе дадому з групы падоўжанага дня зноў зазірнула ў «кніжны рай», каб на вечар узяць сабе яшчэ адну кніжку з казкамі. Вось толькі бібліятэкарка, якая таксама збіралася дахаты, сказала, што яна ўжо зрабіла запісы ў нейкім там дзённіку і папрасіла, каб прыходзіла за казкамі на наступны дзень.
У той момант мне і падумалася: «Вырасту, стану бібліятэкарам. І буду браць і чытаць кнігі колькі душа папросіць».
І думкі гэтыя аказаліся прарочымі. Я стала бібліятэкарам, голасам, захавальніцай найвялікшых кніжных багаццяў. Праўда, у жыцці было шмат і іншых дарог, вось толькі кніга была і застаецца маім спадарожнікам, маёй галоўнай любоўю. Яе я набывала за вялікія грошы, яе з вялікай удзячнасцю атрымлівала ў падарунак, яе выменьвала на макулатуру, металалом, яе ратавала, калі ішла на спісанне. А потым, нібыта ў спадчыну, любоў сваю перадала старэйшай дачцэ. Дзякуючы таму, што яна можа не купіць модную абноўку, аддаўшы перавагу новай кнізе, у дзяўчыны сабралася асабістая, багатая і жывая, бо кнігі чытаюцца і перачытваюцца, бібліятэчка. Па-суседску ў ёй «жывуць» мудрыя класічныя аўтары, смелыя сучаснікі, лепшыя замежныя аўтары. Кнігі дачка набывае ў кніжнай краме, букіністычных магазінах, заказвае на маркетплэйсах і даволі часта кажа: «Грошы канчаюцца, а жыццё, падоранае добрай кнігай, – застаецца».
Неяк у дачушчынай бібліятэцы запрыкмеціла «тоўстае», недзе на сямсот старонак, выданне. Пад адной чорнай вокладкай укладальнікі выдання сабралі трыццаць найлепшых нарысаў, надрукаваных у розныя гады ў вядомым расійскім часопісе «Сноб». Як высветлілася пазней, гэта аказаліся не проста нарысы пра знакамітых людзей – рэжысёра Марка Захарава, акцёра Івана Ахлабысціна, паэтэсу Бэллу Ахмадуліну, Адольфа і Дамініка Рыбентропаў, сына і ўнука міністра замежных спраў Трэцяха Рэйха, а кніга-ўзор высокага прафесійнага майстэрства журналістаў, без перабольшвання, – настольнае выданне, асабліва для тых, хто працуе са словам і імкнецца да таго, каб яно было сапраўдным, магутным і адначасова шчырым. Дамоўленасці з дачкою ў нас ніякай не было, аднак выданне гэтае я ўжо недзе гады два таму «прапісала» ў сваёй асабістай бібліятэцы і мяркую, што кніга зусім нядрэнна сябе адчувае на палічцы побач з выбранымі творамі Івана Тургенева, паэтычнымі гісторыямі Алеся Бадака і прыгожымі, арыгінальнымі апавяданнямі Васілія Шукшына.
Дарэчы, як у маім, так і ў акружэнні дачкі знаходзяцца людзі, якія, гледзячы на паліцы і сцены, калі не цалкам, то часткова занятыя кнігамі, заўважаюць: «Пылазборнік…»
На словы гэтыя, найчасцей прыходзіцца не звяртаць увагі і маўчаць. Таму што растлумачыць, што кніга для нас не пылазборнік, не забаўка, не спосаб прабавіць час, а ЖЫЦЦЁ – немагчыма. Дый ці варта?!
Галіна МІКАЛАЕВА. Фота Анастасіі МАЛЮГІНАЙ.





