Жыццё, параненае калючым дротам

Нацысцкі канцлагер. Цяжка прыдумаць больш жудасную з’яву. Да росквіту нацызму, да Другой сусветнай вайны, пра гэтую з’яву маглі напісаць хіба што пісьменнікі-фантасты. Ніхто не мог уявіць, што ў цывілізаваным свеце будуць жыць нелюдзі, якія ажыццявяць звярыныя здзекі і забойствы людзей, створаць канвееры па знішчэнні нават жанчын і дзяцей. Кожны год 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў канцэнтрацыйных лагераў. Гэта дзень памяці мільёнаў ахвяр нацысцкіх злачынстваў і тых, хто выжыў у жудасных умовах, але назаўсёды застаўся «параненым калючым дротам», хто атрымаў «лічбы на сэрцы». Звыклым стала, што пра гэтыя жахі нам расказваюць жывыя сведкі ці іх успаміны. Але і рэчы могуць «размаўляць».
Невялічкія паштоўкі з кветкамі, краявідамі ці партрэтамі. Іх высылалі сваім бацькам ці суседзям нашы землякі, якія сталі рабамі нацыстаў – остэрбайтэры. Яны не пісалі пра цяжкія ўмовы, працу і тое, што яны сталі для немцаў «жывым інструментам». Пісалі самае галоўнае – што жывыя. Гэтая паштоўка прыйшла з працоўных лагераў пад Кёнігсбергам. Вядома, што падчас вайны на Кёнігсберскай біржы працы было зарэгістравана каля 69 тысяч чалавек, сярод якіх амаль 12 тысяч остэрбайтэраў з савецкай тэрыторыі. Большасць з іх жылі за калючым дротам, пад вартай іх выводзілі на работы. Умовы жыцця былі лепшымі, чым у ваеннапалонных, бо ў іх была адзежа, якую згодна з інструкцыяй выдавалі, «у колькасці, неабходнай для падтрымання працаздольнасці». У працоўным лагеры жылі, спраўлялі святы, гадавалі дзетак. Тут было вельмі цяжкае, але ж усё-такі жыццё. Нацыстам патрэбна было, каб іх «жывы інструмент» быў працаздольны. У параўнанні з гэтым канцэнтрацыйны лагер – гэта фабрыка смерці.
Фотаздымак з Бухенвальда. За плотам з калючага дроту цагельны будынак з вялікай трубой – крэматорый. Кажуць, што печы ў гэтым будынку працавалі без перапынку дзень і ноч. Труба спыніла рассейваць попел, толькі калі лагер вызвалілі… 250 тысяч чалавек сталі вязнямі Бухенвальда, 56 тысяч загінулі ад голаду, хвароб ці былі забітыя. Жыццё тысяч людзей вылецела ў гэтую самую трубу ў прамым сэнсе. 11 красавіка 1945 года ледзь жывыя людзі паўсталі супраць вартаўнікоў і выйгралі ў барацьбе за сваё жыццё. Гэтая дата і стала днём памяці ўсіх вязняў канцлагераў.
Яшчэ адна дакументальная сведка – пажаўцелы лісток паперы. Гэта даведка, якую выдалі англійскія ўлады былому вязню Берген-Белсена Міхаілу Дзіканаву – ураджэнцу вёскі Лазаўцы. Міхаіл Дзмітрыевіч успамінаў, што апынуўся ў лагеры маладым і здаровым, але праз лагернае жыццё ад былога здароўя застаўся толькі цень, як і ад яго цела – калі яго вызвалілі, дарослы мужчына важыў 45 кілаграмаў… У Берген-Белсен нацысты адправілі каля 120 тысяч чалавек, больш за 70 тысяч засталіся там назаўсёды. З усіх вязняў канцлагера вядомы імёны 56 тысяч. У выніку пошукаў звестак пра Міхаіла Дзіканава і абмену інфармацыяй з кіраўніцтвам архіва былога канцлагера яго імя ўключылі ў спіс мемарыяла. Але дзясяткі тысяч яшчэ засталіся невядомымі ахвярамі нацыстаў.
У нашым праекце «Нямыя сведкі вайны» мы расказваем не толькі пра рэчы, якія адлюстроўваюць цяжкія гады, але і прапануем вам гісторыі людскіх лёсаў. Вельмі прыемна, што да нашага праекта далучаюцца неабыякавыя жыхары раёна. Пра жыццё былога вязня фашысцкiх канцэнтрацыйных лагераў нам прыслала артыкул Нiна Мiхнавец з аг. Даманава. Гісторыя вязня запiсана з успамiнаў яго дачкi Галiны Мiкалаеўны.
Згодна з гiстарычнымі данымі, за перыяд Другой сусветнай вайны 15 жыхароў Івацэвіцкага раёна сталi вязнямi фашысцкiх канцэнтрацыйных лагераў па ўсёй Еўропе. Лёсы гэтых людзей розныя. Мiкалай Саленiк нарадзiўся 1 кастрычнiка 1925 года на хутары недалёка ад вёскi Каханова. Яго сям’я займалася сельскай гаспадаркай. Падлеткам Мiкалай Аляксеевiч дапамагаў бацькам па гаспадарцы, пасвiў кароў.
Немцы з’явiлiся ў вёсцы ў першы дзень акупацыі раёна. Яны прыехалi на матацыклах, а праз некаторы час з’явiлася i iншая тэхнiка. З самага пачатку немцы сталi ўстанаўлiваць свае парадкi. Шаснаццацiгадовы Мiкалай апынуўся ў першай групе маладых людзей, якiх немцы адправiлi на прымусовыя работы ў Германiю. Там ён быў прызначаны ў працоўны лагер, дзе, як i многiя iншыя, выконваў самыя брудныя i цяжкiя работы. Праз некаторы час ён звярнуў увагу, што непадалёк, у некалькiх сотнях метраў, знаходзiцца канцэнтрацыйны лагер. Са свайго скуднага пайка ён стаў адносiць хлеб i бульбу вязням, перадаваў iм праз калючы дрот. Але ў адзiн з такiх момантаў яго заўважыла варта, i ён сам апынуўся ў гэтым лагеры. Так пачаўся яшчэ больш пакутны шлях хлопца ў зняволенні. З 1941 па 1945 гады яму прыйшлося прайсці праз пяць канцэнтрацыйных лагераў, быў у Майданеку і Бухенвальдзе. Чаму iх перакiдвалi з аднаго лагера ў другi, ён дакладна не ведаў, але меркаваў: дзеля таго, каб людзі не маглi згуртавацца для адпору. Кармiлi амаль паўсюль аднолькава: у вялiкi чан закiдвалi неабабраную бульбу i буракi i давалi вязням.
Апошнiм месцам пакут для маладога хлопца стаў канцлагер Маўтхаузен у Аўстрыi. Там вязнi дабывалi гранiт. Гэта быў лагер смерцi i адзначаўся ў немцаў канцэнтрацыйным лагерам III, дзе лiчба азначала «знiшчэнне нiжэйшых рас працай». Немцы стварылі невыносную сiстэму ўтрымання людзей i працы, якая вяла да смерці. Вязнi павiнны былi насiць гранiтныя камянi вагой да 50 кiлаграмаў i будаваць гранiтную лесвiцу. Калi вязень падаў, яго адразу прыстрэльвалi. Такая доля мiнула Мiкалая Аляксеевiча, бо ён, у асноўным, працаваў у кар’ерах, дзе гранiт здабывалi.
У ноч на 18 лютага 1945 года хлопец разам з iншымi вязнямi стаў сведкам жорсткай расправы над нескароным генерал-лейтэнантам Дзмiтрыем Карбышавым, якi адказаўся супрацоўнiчаць з фашыстамi. Яго палiвалi халоднай вадой са шланга, пакуль ён не памёр. Час ад часу i iншым вязням даставаўся халодны душ.
5 мая 1945 года лагер быў вызвалены амерыканскiмi салдатамi, якiя прапаноўвалi эмiграцыю ў Амерыку. Але Мiкалай Аляксеевiч адмовiўся, i яго перадалi савецкiм уладам. Шлях дамоў расцягнуўся на доўгiя два гады. Ён прайшоў праз усю Еўропу, і можна толькi ўявiць, што прыйшлося перажыць за гэтыя два гады.
Дамоў у родныя мясцiны Мiкалай Аляксеевiч вярнуўся ў 1947 годзе. У той час па-рознаму ставiлiся да людзей, якiя пабывалi ў палоне цi ў лагерах, таму ён вырашыў паехаць працаваць у шахтах на Урал. У працоўнай кнiжцы ёсць запiс: «Прыняты на працу ў якасцi землякопа». Там, на Урале, ён пазнаёмiўся са сваёй будучай жонкай. 5 кастрычнiка 1953 года яны ўзялi шлюб. Там нарадзiлася і iх першая дачка, якая, на жаль, хутка памерла.
У 1957 годзе было вырашана вярнуцца ў Беларусь, у родныя мясцiны. У вёсцы Каханова быў куплены дом i пачалося мiрнае жыццё. У сям`i нарадзiлiся дзецi: Галiна, Iван, Мiхаiл i Вера. Мiкалай Аляксеевiч стаў працаваць электраманцёрам у мясцовым камбiнаце будаўнiчых матэрыялаў, спачатку на шыферным заводзе, а пазней – на шклозаводзе.
Аб вайне расказваў неахвотна. Аб тым, якi боль ён насiў у душы, гавораць некалькi прыкладаў. Аднойчы ён трапiў у нашу раённую бальнiцу. Хутка з бальнiцы пазванiлi сыну са скаргай на тое, што ён не падпарадкоўваецца бальнiчнаму персаналу. Калi сын прыехаў у бальнiцу, ён проста папрасiў санiтарку памяняць бацьку паласатую пiжаму, якая выклiкала жудасныя ўспамiны, на аднатонную. Другiм разам дачка завiтала ў госцi да бацькоў у паласатым касцюме, i рэакцыя была адпаведная: «Каб я цябе больш нiколi не бачыў у такой вопратцы». Калi старэйшая дачка Галiна вырашыла паступаць ва ўнiверсiтэт у Мінску, у анкеце яна ўказала, што бацька быў вязнем канцлагера. Ён вельмi перажываў, што гэта можа нашкодзiць ёй. Калi прыйшоў выклiк на вучобу, бацька быў на працы, i мацi загадала ёй паехаць i сказаць яму пра гэта. Ад радасцi, не саромеючыся нiкога, ён стаяў i плакаў наўзрыд.
Па жыццi Мiкалай Аляксеевiч быў вельмi добрым i вясёлым чалавекам. Многiя ўспамiналi яго жарты i анекдоты. А яшчэ ён пiсаў карцiны, дзве з якiх i сёння вiсяць на сцяне ў доме дачкi. Ён умеў вырабляць скуры i нават вучыў такому рамяству iншых, шыў шапкi з футра, майстраваў розныя мадэлi, вёў сваю гаспадарку i радаваўся жыццю.
У пачатку 70-х гадоў Мiкалай Аляксеевiч атрымаў лiст з Аўстрыi ад былога вязня лагера Маўтхаўзен, якi неяк знайшоў яго. Гэты чалавек вырашыў напiсаць аб Дзмiтрыi Карбышавым i звярнуўся да Мiкалая Аляксеевiча як да сведкi тых жудасных падзей. Лiст адпiсвалi разам з дачкой. Больш iнфармацыi ад яго не паступала.
Памёр Мiкалай Аляксеевіч 21 кастрычніка 2009 года i пахаваны ў вёсцы Каханова. Ён не здзейсніў подзвiгаў у тым сэнсе, як мы прывыклi лiчыць, але ён здзейснiў свой асабiсты подзвiг – ён выжыў у жудасных умовах дзеля таго, каб жыццё працягвалася, дзеля таго, каб даказаць, што мы не людзi нiжэйшай расы. I доказам таму служыць жыццё ўдзячных яму дзяцей, унукаў i праўнукаў.
Падрыхтавалі Ніна Міхнавец, Сяргей Мачалаў.

