Close
Юбилеи

Жыццёвыя арыенціры Святланы Крэк

Жыццёвыя арыенціры Святланы Крэк
  • Опубликовано:5 марта, 2025

Жыццёвыя арыенціры Святланы Крэк.Вялікай жанчыне Целяхан – 80!

Мы гаворым Целяханы, падразумяваем Крэк, мы гаворым Крэк, падразумяваем Целяханы… І гэта не лозунг, гэта так і ёсць. Вялікая жанчына, асоба і грамадская актывістка ў самым высокім сэнсе, Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна Святлана Крэк адзначыла на днях сваё 80-годдзе.

Яшчэ многа эпітэтаў кшталту: самы нераўнадушны чалавек, працаголік, якога цікавіць і радуе поспех любога чалавека, самая любая матуля не толькі для родных дзяцей, а і для былых вучняў Целяханскай школы-інтэрната, ці «маці Тэрэза» для тых, хто мае патрэбу ў дапамозе… Можна дадаваць і дадаваць да рыс партрэта Святланы Андрэеўны высокіх слоў, але здаецца, ён будзе ўсё роўна няпоўным і не дасканалым. Яе паважаюць жыхары пасёлка і многія вядомыя людзі раёна, вобласці, краіны, некаторыя з іх і сёння здымаюць шляпу перад мудрасцю, сціпласцю, гасціннасцю і любоўю Святланы Крэк да родных Целяхан і людзей.

Яна – ідэйны рухавік пасёлка, яна – мудры дарадца для любога кіраўніка, яна – надзейны сябар. Такія жанчыны – сапраўдны брыльянт нашай зямлі, рэдкі, як кажуць, адзін – на сотні тысяч.

Лэдзі

Святлана Андрэеўна сустрэла нас у прыгожай святочнай сукенцы з прычоскай. Для яе гэта норма ў любых абставінах. Колькі разоў мы з ёй сустракаліся, не пералічыць, а яна і дома для гасцей трымае марку, і словам, і выглядам не даючы знаць аб сваім самаадчуванні і хваробах – сапраўдная лэдзі.
Менавіта яна дала для рэдакцыі раённай газеты найбольш тэм для публікацый. За кожнай навіной, як правіла, высвечвала каласальная работа, а людзі пападалі ў кадр настолькі цікавыя і адданыя сваёй справе! Калегі, ведаю, мне па-добраму зайздросцілі, бо такога шчодрага на ідэі сябра не было ні ў каго.

Нарадзілася Святлана Андрэеўна ў Целяханах 3 сакавіка 1945 года – дзіця Перамогі. Сімвалічна, што родныя Целяханы сталі для яе тым моцным фундаментам, на якім будавалася яе жыццё ў імя Целяхан. Сімвалічна, што роды дзяўчынкі акушэрка прымала ў іх дома, а дом знаходзіўся па суседстве з былым будынкам Целяханскага сельвыканкама, у якім потым Святлана Крэк адпрацавала 16 гадоў, прычым восем з іх – на пасадзе старшыні.

Першая асоба Целяхан, дарэчы, не клапацілася аб шыкоўных «хоромах» для сябе і сваёй сям’і, яна і цяпер жыве ў звычайным двухкватэрным доме. Адна ў ім незвычайнасць – адчыніш дзверы – і на цябе ў поўным аб’ёме і ва ўсёй красе «глядзіць» Целяханская Свята-Троіцкая царква. Гэтая акалічнасць вельмі радуе і саму гаспадыню, дае ёй дадатковыя сілы і моц.

Бацькоўскі скарб

Бацькі Святланы Андрэеўны перажылі ў Вялікую Айчынную вайну страшнае гора – страту дарагіх людзей, але засталіся чулымі і добрымі. Бацьку, Андрэя Антонавіча Хацкевіча, перад самай вайной прыслалі ў Целяханы загадчыкам ашчаднай касы. Ён прыехаў з жонкай і двума дзецьмі. Перад самай вайной Андрэя Антонавіча прызначылі інструктарам райкама партыі Целяханскага раёна, але ён не паспеў прыступіць да гэтай пасады. Захавалася даведка, у якой значыцца, што яго пакінулі для арганізацыі партызанскага руху ў Целяханскім краі. Ён застаўся ў Целяханах, а жонку і дваіх дзяцей адправіў на родную Магілёўшчыну. Але там сям’ю раптам выдалі немцам і расстралялі…

Маці, Аляксандра Георгіеўна Капыціч, родам з в. Соміна. Яна была перад вайной замужам за хлопцам з Вулькі-Целяханскай, з якім яны гадавалі дваіх сыноў. Мужа Аляксандры Георгіеўны забралі ў Савецкую армію на фронт, а яе зламыснікі выдалі немцам… Выратавала, што паліцай зжаліўся і адпусціў яе. З двума дзецьмі яна адразу падалася ў партызаны і там у хуткім часе атрымала «пахаронку» на мужа.

Там, у партызанскім атрадзе, напрыканцы вайны і зышліся два адзіноцтвы, лёс якіх апаліла вайна. Для маці Святланы Андрэй Хацкевіч стаў мужам, а для яе дваіх сыноў ад першага шлюбу – бацькам. Клапатлівым бацькам у сумесным шлюбе з Аляксандрай быў ён і для іх адзінай дачушкі Святланы, якая ўвабрала ў сябе ўсе лепшыя бацькоўскія рысы: прыстойнасць, чэснасць, адданасць, нераўнадушша, патрыятызм, гасціннасць, шчодрасць…

Пасля вайны бацька Святланы Андрэеўны быў сакратаром райкама партыі Целяханскага раёна, але па стане здароўя (гады партызаншчыны давалі аб сабе знаць) у 1948 годзе сышоў працаваць у лясгас, а потым яго зноў папрасілі стаць загадчыкам ашчаднай касы. Многія людзі паважалі Андрэя Хацкевіча і цанілі яго.

Колькі памятае сябе Святлана Андрэеўна, у іх бацькоўскім доме заўсёды было поўна гасцей, людзей, сваякоў і сяброў. Ветэраны, калі бацька ўжо не здужаў, заязджалі да іх з Хаваншчыны цэлымі аўтобусамі, і кожны адчуваў сябе доўгачаканым госцем. Матчыны сваякі часта наведваліся, маўляў, дапаможам гушкаць Светку, а на самай справе чакалі, каб цётка Шура іх падсілкавала. І хоць сям’я жыла небагата, а дзялілася апошнім у галодныя пасляваенныя гады. Ва ўспамінах засталося, як маці Святланы Андрэеўны карміла галодных, ды яшчэ старалася даць з сабой скрылік сала ў дарогу. Стрыечная сястра ўспамінала, што той скрылік ад цёткі Шуры так хацелася з’есці, але цярпела, несла маці, каб тая наварыла супу з ім для ўсіх…

Бацькоўскі прыклад жыць чэсна і дзяліцца тым, што маеш, стаў стрыжнем для Святланы Андрэеўны і арыенцірам у клопатах аб целяханцах і родным пасёлку. У знак павагі і пашаны да сям’і Хацкевічаў знакаміты зямляк і мастак Віктар Сагановіч падарыў Святлане Крэк карціны-партрэты яе бацькоў.

Байкот

У 1952 годзе Святлана пайшла ў школу, у 1962-м скончыла школу рабочай моладзі.
– У той час ішла перабудова школьнай сістэмы на 11-гадовую форму навучання. А нам хацелася хутчэй стаць самастойнымі, зарабляць грошы… Многія ў дзявятым класе з майго класа перайшлі ў вячэрнюю, а мяне бацькі не пусцілі, – успамінае Святлана Крэк. – У дзясятым я аб’явіла ім байкот і пайшла ўладкоўвацца на работу. Бацька сказаў: «Дапамагаць не буду!», а я заявіла, што спраўлюся – мяне бяруць на маслазавод!

Для юнай дзяўчыны цягаць бітоны з малаком цяжкая і небяспечная для здароўя праца, і бацька здаўся, уладкаваў на лыжную фабрыку, якая мела патрэбу ў токарах. Так Святлана стала вучаніцай токара, а па вечарах давучвалася ў школе.

На ўсё жыццё з самага ранняга дзяцінства засталося сяброўства з Рамуальдай Пархутай (Ільніцкай), з якой яны разам паступілі ў Пінскае педагагічнае вучылішча. Пасля заканчэння бацька Святланы дамовіўся пакінуць яе працаваць у Пінску ў райана, але яна вярнулася дамоў і пайшла працаваць у Краглевіцкую школу настаўніцай пачатковых класаў. Два гады разам з суседам – дырэктарам школы, пешшу і зімой, і летам дабіралася на работу. Школа ў Краглевічах амаль пад Глінішчамі, а аўтобусы і машыны на той час праязджалі ў той бок рэдка, таму працоўны вопыт даваўся нялёгка. Ды Святлана не адчувала цяжкасцей, ёй было працаваць цікава. Хутка яе выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі, яна арганізавала хор у Краглевічах і па вечарах яшчэ бегла рэпетыраваць…

Яе крылы

У 1966 годзе Святлана выйшла замуж. З Косцем Крэк яна пазнаёмілася падчас вучобы ў Пінску. Хлопца з Гомельшчыны Святлана настолькі зачаравала, што адслужыўшы ў арміі, ён прыехаў да яе і прапанаваў сваю руку і сэрца. Канстанцін Крэк і стаў спадарожнікам Святланы на ўсё жыццё. Ён не стрымліваў грамадскую актыўнасць жонкі, і сам быў аўтарытэтам на сваёй рабоце, а таксама для сына і дачкі. Святлана Андрэеўна была спакойнай, калі пакідала яго за няньку, усё ў доме было дагледжана. І сёння Святлана Андрэеўна ўдзячна мужу за гэта, хоць мінула дзевяць гадоў, як не стала яго, і яна ўпэўнена, што моц любой сям’і трымаецца на ўзаемапавазе і ўзаемадапамозе.

Разам яны выгадавалі сына Андрэя і дачку Таццяну, якія пусцілі карані ў родных Целяханах. Сын ужо сам пенсіянер, дачка і нявестка Святлана працуюць, дапамагаюць Святлане Андрэеўне. Радасць для яе і ўнукі. Іх трое. І хоць паляцелі яны шукаць шчасця ў іншыя гарады, Святлана Андрэеўна спадзяецца, што вернуцца да роднага краю як не самі, то іх нашчадкі.

Школа Зімака

Захар Ашэравіч Зімак быў дырэктарам Целяханскай школы-інтэрната многа гадоў. Яго Святлана Андрэеўна называе настаўнікам з вялікай літары.

– Нас, маладых, ён навучыў усяму. У 1966 годзе, як выйшла замуж, я папрасілася ў інтэрнат на працу. Дзякуючы яго мудрасці, інтэлігентнасці і прафесіяналізму вырасла шмат цудоўных педагогаў, а з выхаванцаў – добрых і паважаных людзей, якія сталі запатрабаванымі спецыялістамі ў розных сферах народнай гаспадаркі, – успамінае Святлана Андрэеўна. – Памятаецца, як аднойчы я з яшчэ адной выхавальніцай пайшлі на стадыён з дзецьмі. Дзеці – старшакласнікі, хто іграе ў футбол, а дзяўчынкі плятуць вяночкі з кветак… Усё добра, і мы вырашылі пакінуць дзяцей, а самі пабеглі ва ўнівермаг. Там наткнуліся на Зімака, які адразу запытаў: «Дзе дзеці?» Куляй мы пабеглі назад, хваляваліся, што «чысціць» будуць нас на педсавеце, а ён нікому не сказаў… Мы былі бязмежна ўдзячны, што нас не сталі перад усім калектывам ганьбіць за нашу памылку, і гэты ўрок засвоілі на ўсё жыццё.

Святлана Андрэеўна і сама не заўважыла, як стала дастойнай зменай Захара Ашэравіча ў педагогіцы. Першы яе выпуск у Целяханскай школе-інтэрнаце адбыўся ў 1974 годзе. Прайшло з таго часу больш за 50 гадоў, а вучні Святланы Андрэеўны яе не забываюць, з’язджаюцца на сустрэчы выпускнікоў.

Прывітанне, мамуля!

Ёсць у Святланы Андрэеўны ўзнагароды: медаль за доблесную працу і стос грамат ад пасялковага да рэспубліканскага ўзроўню, а ёй дарагі альбом, які падарылі яе першыя выпускнікі.

У ім не толькі цудоўныя фатаграфіі, а і надпісы: «Ведайце, у Вас самая вялікая душа і добрае сэрца. Вы – супержанчына. Дзякуй за мацярынскую любоў, клопат, шчодрасць. Любім Вас бязмежнай любоўю. Дзякуючы Вашай падтрымцы мы сталі харошымі людзьмі. Абрамчук Валянцін, Людміла Трашчэйка, Ала Ганіна (Сідарук)… Любімыя і дарагія для Святланы Андрэеўны ўсе яе выпускнікі. Штодзень хтосьці з іх звоніць ёй, а Васілій Міхневіч, сірата з Бярозаўскага раёна, штодзень тэлефануе: «Прывітанне, мамуля!», а ў адказ чуе радаснае: «Прывітанне, сынуля!».

Міша Шэпялевіч любіць пазваніць, бо яму падабаецца голас Святланы Андрэеўны, яе разуменне яго як асобы. Вольга Фядковіч – арганізатар іх сустрэч, а Аляксандр Мешчаракоў, здольны матэматык, у свой час здзівіў, паступіўшы яшчэ на агранома. «Наступіць момант, – казаў ён, – калі людзі з горада паедуць у вёску. І спатрэбяцца веды».

У выбарчай сістэме – з 18 гадоў

Жылка кіраваць жыла ў Святлане Андрэеўне з малых гадоў. Ёй падабалася быць вядучай на канцэртах у школе, Доме культуры. Камсамолка, актывістка, партыйны работнік… Яе выбіралі дэпутатам у пассавет, у 1979 годзе падчас перапісу насельніцтва яна была вызвалена ад асноўнай работы на паўгода на пасаду намесніка начальніка перапіснога аддзела. Працаваць з людзьмі ў яе атрымлівалася, і яна гэту работу любіла. Хаця прызнаецца: «Калі прапанаваў Аляксандр Васільевіч Луцэвіч, у якога я была намеснікам, старшынёй Целяханскага пассавета, адзінае, чаго я баялася – выступаць перад людзьмі. А потым пайшло як па масле»…

У працоўнай біяграфіі Святланы Андрэеўны быў калгасны дзіцячы садок, у якім яна адпрацавала тры гады. Туды яе агітаваў старшыня Уладзімір Антонавіч Яскевіч, таксама вядомая фігура на Целяханшчыне, калі калгас грымеў на ўвесь Саюз. Потым прыйшоў Іван Мікалаевіч Чырко, які агітаваў Святлану Крэк стаць вызваленым старшынёй прафкама калгаса «Расія». Два гады яна на камбайнах малявала зоркі на машынах перадавікоў.

На пытанне, чым ганарыцеся, Святлана Андрэеўна адказала: «Проста працавала, старалася для людзей. Было па ўсякаму. Каго трэба падтрымаць, падтрымлівала, а каго паўшчуваць, ушчувала, але дзве падзеі падчас кіраўніцтва пасялковым саветам каштавалі ёй дорага. Гэта «талоны» і ўраган 1997 года. Тысячы людзей з талонамі, а тавараў страшэнны дэфіцыт. Калготкі дзецям не купіць, ды і за прадуктамі чэргі, чэргі… А ад урагану якія былі каласальныя разбурэнні! Але ў той жа дзень, 23 чэрвеня, дзякуючы своечасовай напружанай рабоце на ўсіх узроўнях, абследавалі людскія падворкі, каб ацаніць маштаб разбурэняў. 28 чэрвеня прыляцеў Прэзідэнт. І сапраўды з наступствамі стыхіі справіліся, і людзям страты кампенсавалі да капейкі.

Галоўнае

– Здароўе важна, але галоўнае – чалавечыя адносіны. Тады і век чалавека падаўжаецца, калі ён не носіць камянёў за пазухай, не зайздросціць, не жадае зла. Мяне заўсёды акружалі харошыя людзі, і я ўдзячна лёсу за гэта.

Работа і жыццё ў Целяханах давалі магчымасць Святлане Крэк знаёміцца з цікавымі людзьмі.

– З Генадзем Цітовічам сустракалася. Ён прыязджаў фальклор збіраць, у клуб запрашаў песні жанчын з Раздзялавіч паслухаць. Дарэчы, першы раз магнітафон убачыла… у Генадзя Цітовіча, – успамінае юбілярка. – Пётр Пракаповіч, дэпутат Вярхоўнага савета краіны, прыязджаў штомесяц весці прыём грамадзян у Целяханах. Дарэчы, пасля работы. На той час было цяжка з будматэрыяламі, а ў нас 200 забудоўшчыкаў. Дапамог электрыфікацыю раёна забудоўшчыкаў зрабіць. Юбілей вобласці не так даўно быў, мяне запрасіла Аксана Іванаўна Мялік, дзякуй ёй. Столькі ў мяне радасных сустрэч там адбылося з былымі кіраўнікамі, я вярнулася акрыленая!

Целяханы – пуп зямлі

Святлана Андрэеўна Крэк не ўяўляе свайго жыцця без Целяхан. Усё, што адбываецца тут, яе хвалюе. Працуючы ў пасялковым савеце, яна знаходзіла агульную мову з любым кіраўніком. Вуліцы прагрэйдаваць, пачысціць ад снегу, аказаць дапамогу каму – выкручвайся як хочаш, але Святлана Андрэеўна ўмела папрасіць і аддзячыць. Дзе словам, дзе справай. Да яе і цяпер звяртаюцца людзі па дапамогу, яна выслухае і, калі можа, дапаможа.

На ўсе мерапрыемствы яе запрашаюць, яна прыходзіць, бо да ўсяго ёй ёсць справа. Як шчыра яна радуецца, што цяпер мясцовай гаспадаркай кіруе таленавіты выхадзец з Целяхан Дзяніс Вішнеўскі, гаспадарка ў надзейных руках. І тут жа нагадвае, што ў школьныя гады ў талент Вішнеўскага многа ўклаў настаўнік Леанід Жыцянёў, таксама асоба Целяхан. Вельмі радуе Святлану Крэк, калі целяханцы прыкіпаюць, як яна, да Целяхан. Радуе, калі кіраўнікі дбаюць не толькі пра свае прадпрыемствы, а ўдзельнічаюць у жыцці пасёлка.

20 гадоў узначальвае Святлана Крэк Савет ветэранаў сельсавета, можна ўжо спыніцца, але нераўнадушныя людзі з Целяхан не даюць. Вось і тры гады назад Аляксандр Кот, які займаўся пахаваннямі Першай сусветнай, прапанаваў аб’яднацца з Саветам ветэранаў. Пайшлі да Аксаны Іванаўны Мялік, старшыні Целяханскага сельсавета. Яна адобрыла. Да клуба «Памяць» далучылі афганцаў, стварылі музей. «Многа зрабілі хлопцы для музея», – зазначае Святлана Крэк.

Аптымізм Святланы Андрэеўны дапамагаў ёй не раз вырашаць невырашальныя і набалелыя пытанні. Многа разоў Святлана Андрэеўна закідвала слова, каб у Целяханах правялі абласныя дажынкі. І нейкім чынам, хоць не адразу і не напрамую, а праз людзей, але дастукалася. Цяпер перад Целяханамі стаіць задача ўвекавечвання памяці Канстанціна Ракасоўскага. Целяханскую школу назвалі яго імем.

Здаецца, гэтай жанчыне ўдаецца ўсё рэалізаваць. Ідучы па Целяханах з ёю, стомішся адказваць на прывітанні. Усе яе ведаюць, усе паважаюць. Пра Целяханы здымалі некалькі дакументальных фільмаў, і трэба было зняць, як са Святланай Андрэеўнай вітаюцца людзі. Рэжысёры здзіўляліся, што гэтую сцэну не трэба было іграць, людзі ішлі і віталіся, віталіся…

Нераўнадушных людзей, на думку Крэк, у Целяханах многа. Дзякуючы ім Целяханы выглядаюць прыгожа і ўтульна.

Цяпер Целяханы многім падабаюцца, радуюць муралы на будынках, алея драўляных фігур на Агінскім… А для Святланы Андрэеўны яны не проста самыя дарагія, яны для яе – пуп зямлі. І куды б ні паехала, куды б ні пайшла, мілей Целяхан нічога няма. Кажуць, дзе пупавіна чалавека закапана, там яму найлепш, і Святлана Андрэеўна гэтую ісціну гатова пацвердзіць. Яе слова важкае!

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.