x
Close
Актуально Общество

Знайсці сябе і…мора песень

Знайсці сябе і…мора песень
  • Опубликовано:2 февраля, 2025

У сацакаўнце нашай зямлячкі Алены Грэчнай, дакладней, у шапцы яе профілю, ёсць кароткія, але ж даволі ёмкія запісы, якія гавораць пра поспехі і здабыткі творчага чалавека: «удзельніца тэлепраекта «Звездный путь», паўфіналіст адбору міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», удзельніца шоу «Добры вечар». А далей, гэта ўжо падпісчыкі і тыя, хто пільна сочыць за жыццём і творчасцю дзяўчыны, дабавілі ў каментарыях : «Разумніца», «Ты лепшая за ўсіх!», «Шыкоўная!», «Якая прыгажуня!», «Новых поспехаў і перамог!»

Шмат часу не спатрэбілася, а калі быць больш дакладнай, дык усяго гадзіна для размовы, каб пераканацца, што ўсіх гэтых гучных слоў Алена Грэчная насамрэч заслугоўвае.

«Дэгустацыя – гэта не ўжыванне алкаголю»

На Івацэвіцкім спіртзаводзе Алена Грэчная «прапісалася» задоўга да таго, як запаветны дыплом аб заканчэнні Палескага дзяржуніверсітэта быў у яе кішэні.
– З прадпрыемствам пазнаёмілася і палюбіла яго ў першыя дні сваёй вытворчай практыкі, – расказвае дзяўчына. – Па душы было ўсё: ад спецыфікі работы да калектыву, немаленькага, але дружнага, згуртаванага.

За тры гады, што Алена шчыруе на прадпрыемстве, расчараванняў аніколечкі. Бо каб было нешта не так, ці засталася б яна на заводзе працаваць далей, пасля двух год адпрацоўкі па размеркаванні? Вядома ж, не. На прадпрыемстве, якое пастаянна ўдасканальваецца, актыўна развіваецца і мае даволі шырокую лінейку выпускаемай прадукцыі, Алена Грэчная – інжынер-хімік. У спектр яе абавязкаў уваходзіць праверка паказчыкаў гатовай прадукцыі – спірту рэктыфікаванага і дыстыляту зерневага, а таксама іх дэгустацыя.

– Скажу адразу: у маім выпадку дэгустацыя – гэта не ўжыванне алкаголю, як можа падацца многім. Гэта ацэнка якасці прадукту на пах, смак, – прыязна ўсміхаючыся, кажа дзяўчына, а потым дадае: – А як яшчэ можна ўсё гэта выявіць, калі не паспытаць?
Па словах дзяўчыны, дэгустацыя – справа даволі цікавая і сур’ёзная. Праводзіцца яна па спецыяльных методыках і зусім невялікіх дозах.

– Усё арганізуецца і знаходзіцца на такім узроўні, што шкоду арганізму ніяк не нанясе, – заўважае яна.

Песня праз усё жыццё

У час, вольны ад працы, Алена Грэчная любіць заняцца спортам (не першы год у ліку любімых відаў – плаванне), пачытаць кнігу (перавагу аддае класіцы) і… паспяваць.

– Любоў да песні, а таксама моцны, густы голас дасталіся ў спадчыну ад маіх дзядулі і таты, – прызнаецца дзяўчына. – Калі яны спявалі разам, асабліва песню з рэпертуару Марка Бернеса «Жураўлі», мяне кожны раз нібыта накрывала хваля. Так хораша, так эмацыянальна гэта ў іх атрымлівалася.

Дарэчы, дзед Алены Грэчнай, незабыўны Мікалай Афанасьевіч, працаваў у вёсцы Козікі (вёсцы, дзе нарадзілася і вырасла гераіня публікацыі. – Аўт.) загадчыкам сельскага клуба. І таму, калі ладзіліся святочныя канцэрты, рыхтаваліся вясковыя ўрачыстасці, на сцэне заўсёды была яго таленавітая ўнучка.

Гэта пазней Алена Грэчная пачала выступаць на школьных мерапрыемствах, затым, будучы выхаванкай Цэнтра дзіцячай творчасці г. Івацэвічы, на шматлікіх гарадскіх, раённых мерапрыемствах. Не разлучылася яна з песняй нават тады, калі стала студэнткай Палескага дзяржуніверсітэта.

– Знаходзіўся час і для выступленняў на сцэне ВНУ, – успамінае Алена Грэчная, – і нават на падпрацоўку ў адным з кафэ Пінска.

Пазванілі, запрасілі…

А вось першым, можна сказаць, самым сур’ёзным творчым выпрабаваннем для таленавітай, неардынарнай і надзвычай прыгожай тварам і душою дзяўчыны стаў яе ўдзел у грандыёзным беларускім тэлепраекце «Звездный путь» у пазамінулым годзе.

– У той год кастынг для ўдзелу ў праекце ў Івацэвічах не праводзіўся, – успамінае дзяўчына. – Таму сімбіёз рашучасці і вялікага жадання паспрабаваць свае сілы на вялікай беларускай сцэне прывялі мяне ў Баранавічы. Пасля праслухоўвання, вельмі хвалюючага і адказнага, мяне запрасілі прыняць удзел у тэлешоу.

Місію падказваць, навучаць Алену, а таксама рэгуляваць яе рэпертуарную палітыку ўзяў на сябе вядомы беларускі кампазітар, прадзюсар Яўген Алейнік. І менавіта з яго песняй «Белые кружева» спявачка выйшла ў чвэрцьфінал.

– Вельмі спадабаўся вобраз, прыдуманы для мяне, здорава падтрымліваў і дапаўняў маё выступленне танцавальны калектыў, – прызнаецца субяседніца. – А што датычыцца эмоцый, дык у мяне нават зараз не хопіць слоў, каб перадаць усё тое, што я перажывала перад выхадам на сцэну, падчас выступлення.

Алена Грэчная лічыць, што тыя, хто прыдумаў гэты праект і дае яму далейшае жыццё, заслугоўваюць шчырых слоў удзячнасці.

– Тэлешоу – гэта не толькі магчымасць здзейсніць сваю мару – выступіць на прафесійнай сцэне, але і стымул для таго, каб паверыць у сябе і ісці далей.

«Тэлешоу «Добрый вечер» апраўдвае сваю назву»

Для Алены Грэчнай тым самым «далей» стаў яе ўдзел у сямейна-музычным шоу на беларускім тэлебачанні «Добрый вечер!»

– Сямейна-музычную праграму, у якой за круглым сталом збіраюцца таленавітыя людзі з самых розных куточкаў Беларусі і ў цёплай, добразычлівай абстаноўцы расказваюць свае жыццёвыя гісторыі, спяваюць любімыя песні, глядзела неаднойчы. А вось у ролі ўдзельніцы тэлепраекта, шчыра кажу, сябе не бачыла.

Але ж як даволі часта бывае – «мы предполагаем, Бог располагает». Пасля шчырай тэлефоннай размовы з рэдактарам тэлепраекта і прапановы прыняць у ім удзел Алена Грэчная, не сумняваючыся, што робіць правільны ход, дала згоду на тое, каб у добрай кампаніі правесці, як насамрэч аказалася, добры вечар.

Дарэчы, паўдзельнічаць у праграме прыйшлі не толькі артысты з народа, але і прафесіянальныя выканаўцы, выбітныя асобы, з якімі было так цікава пагаварыць, паслухаць, нечаму новаму павучыцца.

За сваё творчае жыццё Алена Грэчная неаднойчы выходзіла на сцэну з творамі, якія чырвонай ніткай праходзяць у рэпертуары расійскага кампазітара, выканаўцы Ігара Мікалаева. На гэты раз яны выбрала яго неўміручы хіт, які, акрамя яе, ведаюць і любяць многія аматары эстрады – «Выпьем за любовь!»

– Засяродзіцца, супакоіцца і выканаць песню, як кажуць, на ўсе сто, мне вельмі дапамагло тое, што ў глядзельнай зале прысутнічала мама, мой добры, на-дзейны анёл-ахоўнік, – расказвае дзяўчына. – Сваім выступленнем вельмі не хацелася расчараваць родзічаў, якія нібыта магнітам былі прыцягнуты да тэлевізараў, а таксама калег, якія заўсёды, нават калі, здавалася, сітуацыя была самай безвыходнай, разумелі, падтрымлівалі і радаваліся, калі здараліся поспехі.

«Усё збудзецца, варта толькі захацець»

У мінулым годзе Алена Грэчная адсвяткавала сваё дваццаціпяцігоддзе. Акрамя вялікай колькасці падарункаў, кветак, пажаданняў, была яшчэ адна даволі прыемная і запамінальная перадюбілейная падзея. Некалькі дзён дзяўчына правяла ў горадзе на Няве – Санкт-Пецярбургу.

– Нягледзячы на тое, што шмат убачыла і шмат дзе пабывала, мару яшчэ хаця б раз паехаць у Піцер! – прызналася яна.

– А калі браць крэн творчы, куды яшчэ кіруюць вас мары-жаданні?

– Вельмі хочацца, каб вакал, артыстызм і мая вялікая любоў да песні калі-небудзь прывялі на ўнікальны беларускі праект «Х-Фактар». Заўсёды ў поўным захапленні ад вядучага, удзельнікаў і праграмы «Привет, Андрей!». Шчасцю не будзе межаў, калі траплю на гэты праект, – прызнаецца дзяўчына. – А калі шчыра, дык мой яшчэ такі юны ўзрост дазваляе марыць аб многім. І ўсё збудзецца! Я веру ў гэта! Варта моцна захацець і каб здароўе дазволіла з марамі не развітацца.

«Ёсць рай на зямлі»

У кожнага чалавека ёсць месцы, дзе яму, як нідзе, добра, утульна, надзейна. Для Алены Грэчнай – гэта месца яе работы, Івацэвіцкі спіртзавод.

– Нягледзячы на тое, што частка майго сэрца аддадзена песні, з заводам, яго насычанымі і цікавымі буднямі, ніколі не разлучуся дзеля творчасці, – напрыканцы размовы кажа дзяўчына. – І яшчэ ёсць у мяне рай, зямны. Гэта бацькоўскі дом, дзе жывуць тата і мама, дзе з блізкіх і дальніх дарог мяне заўсёды чакаюць і гатовы прыняць пад цёплае, надзейнае крыло.

І дзе, вядома ж, гучаць любімыя песні, а ў высокіх нябёсах, нібыта птах, кружыць чыстая, светлая песенная душа незабыўнага Мікалая Афанасьевіча і радуецца поўным, шчаслівым імгненням жыцця разумнай, усмешлівай і надзвычай таленавітай унучкі.

Галіна МІКАЛАЕВА. Фота з архіва Алены Грэчнай.