Close
Главная новость Новости Общество

Зямля – у пастаянным «руху»

Зямля – у пастаянным «руху»
  • Опубликовано:21 февраля, 2023

Сёння землеўпарадчыкі – гэта спецыялісты шырокага профілю. Яны павінны граматна арыентавацца ў вобласці дзяржаўнага кіравання, эканомікі, экалогіі, права, сельскай гаспадаркі, геаінфарматыкі, а яшчэ ўмець якасна і на высокім кваліфікацыйным узроўні рыхтаваць упраўленчыя і праектныя рашэнні, распрацоўваць дакументацыю па землеўпарадкаванні.

У аддзеле землеўпарадкавання Івацэвіцкага райвыканкама пад кіраўніцтвам Івана Туміловіча працуюць восем такіх вопытных прафесіяналаў, якія здольны вырашаць пастаўленыя дзяржавай задачы.

– З 1 студзеня 2023 года ўступіў у сілу Кодэкс аб зямлі ў новай рэдакцыі. Людзям новы Закон цікавы, бо сярод карысных навацый – магчымасць раздзяліць зямельны ўчастак, змяніць яго мэтавае прызначэнне, а таксама павялічыць лімітныя памеры ўчастка, атрымаць дадатковы зямельны ўчастак без аўкцыёну, – расказвае Іван Рыгоравіч. – У сельскай мясцовасці, да прыкладу, дазваляецца выдзяляць для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў да гектара зямлі, у гарадах – да 0,25 гектара. Для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі – да чатырох гектараў без уліку плошчаў зямельных участкаў, прадстаўленых грамадзяніну для іншых мэт, незалежна ад яго рэгістрацыі па месцы жыхарства. І прадпрымальнікі, і фермеры цікавяцца, як узяць новы ўчастак ці павялічыць выдзеленыя плошчы. Зямля ўвесь час у «руху».

У мінулым годзе для будаўніцтва індывідуальных дамоў было выдзелена па раёне 24 зямельныя ўчасткі, для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі – 42. Для вядзення фермерскіх гаспадарак – 9 участкаў (а гэта 188 гектараў). З іх сем участкаў былі прадстаўлены для раней створаных гаспадарак і два – для новых.

Асноўная мэта землеўпарадкавання заключаецца ў забеспячэнні рацыянальнага выкарыстання зямель і аховы зямельных рэсурсаў. І ў гэтым працэсе часта бывае складана дагадзіць усім бакам. Пераразмеркаванне і прадстаўленне новых участкаў, размеркаванне і пераразмеркаванне паміж землекарыстальнікамі… Гэта могуць быць і грамадзяне, і юрыдычныя асобы. У новай рэдакцыі Кодэкса з’явілася норма, якая рэгулюе магчымасць раздзелу зямельнага ўчастка. Іншы раз падчас будаўніцтва ўзнікаюць абставіны, якія патрабуюць прыняцця рашэння аб змяненні мэтавага прызначэння ўчастка і функцыянальнага прызначэння аб’екта будаўніцтва. Старыя нормы не дазвалялі гэтага, а цяпер з’яўляецца магчымасць рэалізаваць праект у новых умовах. Увесь гэты «рух» з зямлёй і з зямельнымі справамі патрабуе не толькі спецыяльных ведаў, а і скрупулёзнасці, аператыўнасці і выключнай дакладнасці.

– Кожны запыт індывідуальны, – тлумачыць Іван Туміловіч. – Але хочацца нагадаць, што ўсе землекарыстальнікі, незалежна ад формы ўласнасці, павінны выконваць мерапрыемствы па ахове і выкарыстанні зямель у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб зямлі. Мы зацікаўлены, каб зямля максімальна эфектыўна і па-гаспадарску выкарыстоўвалася. Калі выдзелілі ўчастак для будаўніцтва жылога дома, значыць, там павінен будавацца жылы дом, калі для будаўніцтва магазіна – то магазін, калі для дрэваапрацоўчага цэха – то цэх. Калі гэта не выконваецца, то прымяняецца спагнанне і ўстанаўліваюцца тэрміны для выпраўлення такога парушэння.

Так, у спецыялістаў аддзела землеўпарадкавання райвыканкама работы значна дадалося. Да іх перайшлі тэхнічныя віды работ па афармленні землеўпарадкавальных спраў. Нават тыя работы, што выконваў Белдзяржгіпразем ці прадпрымальнікі, якія мелі ліцэнзію на гэтыя віды дзейнасці.

Павялічыўся значна і аб’ём палявых работ. А кожны выпадак – гэта значыць, што спецыялісту трэба дабрацца на месца, паглядзець участак, разабрацца па ім, прапанаваць усе магчымыя варыянты і выпрацаваць найлепшую канцэпцыю яго прымянення, узгадніць з такімі сумежнымі службамі, як райЦГіЭ, раённы аддзел МНС, падрыхтаваць усе адпаведныя дакументы.

– Пасля аб’яднання у раёне засталося дзесяць сельскіх саветаў, але адказнасці на кожнага работніка не паменшала, бо тэрыторыя засталася тая ж, – кажа Іван Рыгоравіч. – І адказнасць сур’ёзная. Але радуе стаўленне людзей да работы, мы – адна старанная каманда.

Менавіта ад іх прафесіяналізму залежыць, наколькі па-гаспадарску выкарыстоўваецца зямля і ў якім стане яна будзе перададзена нашчадкам. Напярэдадні прафесійнага свята начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Іван Туміловіч паехаў на абласную калегію, на якую ён быў запрошаны ў якасці выступоўцы па пытаннях рэалізацыі зямельнага заканадаўства ў Івацэвіцкім раёне. Ён прасіў праз газету падзякаваць усім, хто звязаў свой жыццёвы лёс з землеўпарадкаваннем, выказаць ім вялікую ўдзячнасць за працу, за высокую ступень адказнасці, працавітасць і адданасць сваёй справе, павіншаваць калег і ветэранаў, якія наведваюць аддзел і цікавяцца новымі павевамі, з наступаючым прафесійным святам і пажадаць усім здароўя, дабрабыту і ўмення знаходзіць баланс між тым, што хочуць землекарыстальнікі зямельных участкаў, тым, што кажа закон, і тым, што жадаюць атрымаць самі землеўпарадчыкі.

Валянціна БОБРЫК, фота аўтара.