Close
Актуально Новости РОВД

Падтрымліваць адзін аднаго і быць апорай для маладога калектыву

Падтрымліваць адзін аднаго і быць апорай для маладога калектыву
  • Опубликовано:25 июня, 2025

Сёння, 25 чэрвеня, у краіне адзначаецца Дзень заснавання Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС. Арганізацыя дзейнічае ў Беларусі з 1991 года і прызваная яднаць міліцыянераў запасу. Сотні пярвічак, тысячы ветэранаў у іх складзе, арганізацыя жыве і расце.

Жыве яна і пры Івацэвіцкім РАУС. З 2022 года яе ўзначальвае падпалкоўнік запасу Сяргей Фёдаравіч Юнчык. Ён працягвае справу Вячаслава Трафімчыка і асноўную сваю задачу Сяргей Фёдаравіч бачыць у павелічэнні арганізацыі і яшчэ больш актыўным узаемадзеянні з сучасным калектывам і іншымі арганізацыямі.

– Сяргей Фёдаравіч, успомніце пра свае гады службы. Ці моцна яна адрозніваецца ад рэалій сучасных міліцыянераў? – пытаюся.

– Я працаваў у адным з лепшых аддзелаў у вобласці, ведаю, што і сёння мы ў лепшых па радзе паказчыкаў. У РАУС я прыйшоў у 1983-м, можна сказаць, выпадкова. Каб жонку аграрыя размеркавалі ў родныя Івацэвічы, я пайшоў служыць, так маладая сям’я аб’ядналася. Не думаў, што міліцэйская работа стане справай жыцця, а ў выніку адслужыў дзяржаве і людзям 27 гадоў. Пачынаў з пасады міліцыянера ізалятара часовага ўтрымання, а ў 2005 годзе пайшоў у запас начальнікам штаба. Мы перажылі развал саюза і пік злачыннасці, працавалі без сучаснай тэхнікі і транспарту. Аднак усё роўна працоўныя гады я ўспамінаю з настальгіяй. Сённяшні калектыў працуе інакш, вельмі змяніліся людзі і характар злачынстваў, метады расследавання. Не магу сказаць, што ім лягчэй, кожнаму часу свае выпрабаванні і цяжкасці.

– Колькі чалавек сёння ў складзе ветэранскай арганізацыі і як наладжана супрацоўніцтва з райаддзелам унутраных спраў?

– У арганізацыі 60 чалавек, мы прырастаем, і я гэтаму рады. Бо чалавек на пенсіі не павінен заставацца адзін, яму неабходна таксама быць у калектыве, адчуваць падтрымку. Так, я часты госць у райаддзеле, амаль кожны тыдзень сустракаюся з калектывам і кіраўніцтвам. Усе мае ініцыятывы падтрымліваюць і начальнік Мікалай Пракурат, і яго намеснік Андрэй Хвайніцкі. Нас запрашаюць на сустрэчы з калектывам, перад моладдзю выступаюць былыя міліцыянеры-ветэраны афганскай вайны ці ліквідатары Чарнобыльскай аварыі. 13 чалавек з ліку членаў арганізацыі былі задзейнічаны ў ахове грамадзянскага парадку падчас правядзення выбараў Прэзідэнта краіны. Мы актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў і дзяржаўных святаў, прымаем удзел у мітынгах, дапамагаем у арганізацыйных момантах, суправаджаем афіцыйныя дэлегацыі. З задавальненнем прымаем запрашэнні ў турыстычныя паездкі ад дзеючага калектыву. А якое свята для нас арганізоўваюць штогод у Дзень ушаноўвання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС!

– А як будуецца супрацоўніцтва ўнутры арганізацыі, і ці можа любы афіцэр запасу разлічваць на падтрымку ў складаных жыццёвых сітуацыях?

– Канечне, у мяне ёсць памочнікі, мае намеснікі Леанід Квашэвіч, Аляксандр Крамянка, сакратар Раіса Вілкова, казначэй Мікалай Кучык і члены Савета ветэранаў Вячаслаў Трафімчык і Аляксандр Сагановіч, а ў складзе рэвізійнай камісіі працуюць Віктар Кіслы, Мікалай Кот і Аляксандр Бенюш.

Яны мае першыя памочнікі, калі трэба абзваніць усіх з аб’явай, то мы дзелімся па спісе і пачынаем работу. Так, не ўсе ветэраны карыстаюцца мэсаджарамі, ды і пагутарыць лішні раз не пашкодзіць. Дзякуючы штогадоваму ўзносу мы маем магчымасць віншаваць кожнага члена арганізацыі з днём нараджэння, на юбілеі віншуем праз раёнку, спачуваем і ў смутных сітуацыях. Наведваем былых калег, калі яны хварэюць, дапамагаем удовам і родным былых ветэранаў РАУС. А яшчэ цесна супрацоўнічаем з раённым Саветам ветэранаў, у дзень пажылых людзей перадаём нашым ветэранам падарункі ад Савета.

– Сяргей Фёдаравіч, якія планы ў ветэранскай арганізацыі і што пажадаеце яе членам?

– У планах жыць і быць актыўнымі і далей. Чалавеку, як ні круці, заўсёды неабходныя аднадумцы, сябры. Лічу, мы робім вялікую справу, калі так аб’ядноўваемся ды яшчэ знаходзім у сабе сілы дапамагчы сённяшнім міліцыянерам, мы як ніхто разумеем – ім сёння няпроста. А міліцыянерам запасу пажадаю здароўя, сіл, міру, любові і ўзаемапаразумення ў сем’ях, актыўнай жыццёвай пазіцыі. Мы яшчэ з вамі дужыя, многае можам зрабіць, мае дарагія ветэраны!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.