ДОМ, ДЗЕ САГРАВАЮЦЦА СЭРЦЫ
Пабывалі ў гасцях у дзіцячым доме сямейнага тыпу, дзе бацькі па прызванні Святлана і Дзмітрый Шупенікі выхоўваюць дзевяць дзяцей.
Не кожнаму дзіцяці выпадае магчымасць расці ў шчаслівай сям’і. На жаль, некаторым з іх даводзіцца пакідаць дом, у якім нарадзіўся, або з-за нядбайнасці бацькоў, або па іншых жыццёвых абставінах. І вялікая ўдача, калі на шляху гэтых дзетак сустракаюцца людзі, якія гатовы падзяліцца з імі цеплынёй душы, прытуліць іх параненыя сэрцы і вярнуць да паўнацэннага і бесклапотнага дзяцінства.
Адны з тых, хто нясе на сабе гэтую адказную і паважаную місію, – бацькі-выхавацелі. У Івацэвіцкім раёне функцыянуюць два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, яны месцяцца па суседстве на вуліцы Механізатараў райцэнтра. Пра сям’ю Сазончыкаў мы ўжо расказвалі на старонках «ІВ» у мінулым годзе, а вось бліжэй пазнаёміцца з Шупенікамі нам пашчасціла ў адзін са снежаньскіх дзён.
Зараз Святлана і Дзмітрый Шупенікі выхоўваюць дзевяць дзетак – родную дачку Насцю і восем прыёмных: Алену, Таню, Свету, Кірыла, Юру, Арсенія, Сяргея і Улада. Застаць усю вялікую сям’ю ў зборы можна хіба што толькі ў нядзелю або ў будзень па вечарах: тата працуе ваеннаслужачым, дзеці вучацца ў школе ў розныя змены. У дзень нашага візіту дома не было толькі Сярожы і Тані – яны праходзяць аздараўленне ў санаторыі. Астатняя дзетвара і дарослыя наводзілі апошнія штрыхі па ўпрыгажэнні ёлкі і гасцінай да Новага года, а ўтульнасці зімоваму вечару ў сямейным асяроддзі дадаваў пах свежай выпечкі.
– Як хутка імчыць час! Здаецца, толькі нядаўна мы пераехалі ў гэты дом, а ўжо другі Новы год тут будзем сустракаць, – дзеліцца мама-выхавацель Святлана Уладзіміраўна.
У пачатку 2023-га яны разам з мужам прынялі важнае для сябе рашэнне – стаць бацькамі-выхавацелямі і раздзяліць цяпло сваіх сэрцаў з чужымі па крыві дзецьмі. Сёння абодва прызнаюцца, што рашэнне было абдуманым і ўзважаным, таму паспрыяла даўняя мара пра вялікую сям’ю і пра дом, напоўнены дзіцячым гоманам. Свой дом амаль пабудавалі, а вось дзяцей нарадзілі толькі дваіх (старэйшая дачка ўжо дарослая). Узяўшы на сябе абавязкі бацькоў-выхавацеляў, удалося не толькі ажыццявіць мару, але і, галоўнае, зрабіць шчаслівымі як мінімум 11 дзяцей. Трое ўжо выпырхнулі з бацькоўскага гнязда, яны студэнты.
Догляд за дзецьмі ў доме сямейнага тыпу прадугледжвае афіцыйнае працаўладкаванне з выплатай заработнай платы бацькам, дапамогі на кожнае дзіця і водпускам. Святлана працуе маці-выхавальніцай на стаўку, Дзмітрый жа выконвае бацькоўскія абавязкі па выхаванні дзяцей на палову стаўкі па сумяшчальніцтве, так дазваляе закон.
Тое, што дзеці ў сям’і Шупенікаў сапраўды шчаслівыя, сумнення не выклікае ні ў спецыялістаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра Івацэвіцкага раёна, ні ў аўтара радкоў, бо час, праведзены ў доме сямейнага тыпу, праляцеў на адным дыханні.
Дзеці ў сям’і рознаўзроставыя, самаму малодшаму Кірылу 5 гадоў, ён выхаванец дзіцячага садка № 4 г. Івацэвічы. Самы старэйшы – 16-гадовы Улад, які вучыцца ў Івацэвіцкім аграрным каледжы на першым курсе. Хлопец пражывае ў інтэрнаце каледжа, але час ад часу наведваецца ў сям’ю, кажучы афіцыйнай мовай, знаходзіцца на патранатным выхаванні.
Дом сямейнага тыпу адкрыўся ў 2014 годзе, гэта дзяржаўная маёмасць, як і мэбля, бытавая тэхніка ў ім. Выхаваннем дзяцей да Шупенікаў тут займалася сям’я Горбачаў. Гэтую справу яны не пакінулі, толькі змянілі статус – цяпер яны прыёмныя бацькі, якія выхоўваюць дваіх дзяцей і пражываюць на сваёй тэрыторыі. Частка дзяцей ад Горбачаў перайшла да Шупенікаў, астатнія паступова траплялі ў новую сям’ю.
– Якім хвалюючым для нас быў першы візіт у гэты дом і знаёмства з дзецьмі! А потым мы ўжо з нецярпеннем чакалі чарговай сустрэчы, – працягвае размову тата вялікай сям’і Дзмітрый.
Дзеці хутка прызвычаіліся да новых бацькоў, а тыя літаральна на трэці дзень пачулі такое трапяткое і пяшчотнае «мама» і «тата».
Жыццё тут будуецца на ўзаемапавазе і, што немалаважна, узаемадапамозе. Дарослыя стараюцца прыдаваць важнае значэнне працоўнаму выхаванню, прывіваюць навыкі самаабслугоўвання, каб потым можна было смела адпусціць дзяцей у дарослае жыццё. Пры гэтым, як адзначаюць бацькі-выхавацелі, важна гэта рабіць, не навязваючы і не прымушаючы. Так, кожны з жыхароў дома ў адказе не толькі за чысціню свайго пакоя, але і за падтрыманне парадку ва ўсім доме. Разам яны любяць прыгатаваць што-небудзь смачненькае, а на выхадных наогул устройваюць кулінарныя конкурсы пад кіраўніцтвам дарослых, а потым разам дэгустуюць тое, што атрымалася. Дзяўчаты-падлеткі частыя памагатыя маме на кухні, выручаюць, калі трэба дапамагчы малодшым з дамашнім заданнем. Хлопчыкі ж цягнуцца за мужчынскімі справамі: цікуюць за татам у гаражы, а калі трэба, то і снег у двары дапамогуць пачысціць. За кубкам гарбаты з усмешкай успаміналі дзеці і сумеснае капанне бульбы сёлета ў полі. Кожны стараўся ў меру сваіх магчымасцей, а ў выніку запасы на зіму і бульбы, і іншай гародніны зроблены добрыя, купляць нічога не прыйшлося.
Пабываўшы ў доме, нельга не заўважыць і вугалок сям’і, што ўпрыгожвае сцяну ў гасцінай. Гэта тая рэч, якая яскрава выдае ўнутрысямейную атмасферу: дзіцячымі рукамі тут напісаны словы падзякі і любові ў адрас бацькоў, а плакат з каляровымі адбіткамі далоняў дзяцей і дарослых гаворыць пра іх адзінства – тут жыве сапраўдная сям’я.
– Іншы раз нашым дзецям даводзіцца чуць кпіны, што яны сіроты. А я заўсёды ім кажу: памятайце, што ў вас ёсць бацькі, якія вас нарадзілі, і ёсць мы – мама, тата, наша вялікая і дружная сям’я. А яшчэ за вамі стаіць дзяржава, якая таксама пра вас клапоціцца! – гаворыць Святлана Шупенік.
Дарэчы, калі біялагічныя бацькі праяўляюць цікавасць да свайго дзіцяці, жадаюць сустрэцца, то гэтаму ніхто не перашкаджае.
Бацькам-выхавацелям, якія з’яўляюцца педагагічнымі работнікамі аддзела па адукацыі райвыканкама, прадугледжаны водпуск у 56 каляндарных дзён, дзеці ў гэты час павінны прайсці аздараўленне ў лагерах або санаторыях. Аднак ні адны, ні другія не жадаюць расставацца, а дзеці ў якасці кампрамісаў нават прапаноўваюць больш уключацца ў хатнія клопаты, шчыраваць на градках, абы толькі не з’язджаць на доўга ад бацькоў, якіх палюбілі бязмерна.
Побыт у дзіцячым доме сямейнага тыпу нічым не адрозніваецца ад жыцця звычайных сямей, ды і для Святланы з Дзмітрыем не існуе паняцця «чужыя дзеці», а ёсць толькі «нашы», і ніхто з іх не адчувае сябе абдзеленым бацькоўскай увагай. Тут усе сагрэты бацькоўскім цяплом, тут жывуць штодзённымі клопатамі і маленькімі радасцямі, а ў гэтыя снежаньскія дні, як і іншыя дзеці, рабяты пішуць пісьмы Дзеду Марозу. А вось на пытанне, аб чым жа мараць, дзетвара сышлася ў адным – у двары не хапае спортпляцоўкі…
Дзіцячае шчасце такое шчырае, яго нельга падыграць; шчасце выдаюць іскрыстыя вочы і залівісты смех, цёплыя абдымкі проста так, без нагоды, жаданне прытуліцца да мамінага або татавага пляча, трымаць у сваіх далонях цёплую руку дарослага і адчуваць сябе ў поўнай бяспецы. Дзіцячы дом сямейнага тыпу – гэта не толькі пра быт, задачы накарміць, адзець, абуць, гэта яшчэ і вялікая праца, дзе, як упэўненыя Святлана і Дзмітрый Шупенікі, колькі б сябе ні аддаваў, атрымаеш узамен больш.
Аксана Цярэшка, фота аўтара.