Close
Актуально Новости Сельские советы

Гаспадар лёсу адной вуліцы

Гаспадар лёсу адной вуліцы
  • Опубликовано:19 июня, 2025

Быць старастам вёскі – справа даволі звычайная. А вось сустрэцца і пазнаёміцца з негалосным старастам вуліцы здараецца не так часта.

У вёсцы Халап’я з гэтай няпростай, але ж надзвычай важнай роллю вось ужо на працягу многіх гадоў паспяхова спраўляецца Сцяпан Скробат. Чалавек ён не па гадах рухавы, любіць і ўмее працаваць на зямлі-карміцельцы, і справы важныя, грамадскія атрымліваецца вырашаць у Сцяпана Іванавіча хутка, спраўна.

У 1996 годзе Халап’ю месцам, найбольш прыдатным для вядзення ўласнай фермерскай гаспадаркі, выбраў Сцяпан Скробат. А чаму б і не? Ад горада недалёка, ёсць уся неабходная інфраструктура, дый куточак прыгожы, маляўнічы.

Работу на зямлі сумяшчаў ён на той час з працай асноўнай, на Івацэвіцкай газавай кампрэсарнай станцыі. Аднак усяго шэсць год праіснавала фермерская гаспадарка Скробата. Кропка на яе дзейнасці была пастаўлена не таму, што нейкія там цяжкасці ўзніклі ці гаспадар вырашыў жыць жыццём іншым, лягчэйшым. Проста так абставіны склаліся, што прыйшлося аддаць перавагу працы дзяржаўнай.

Аднак Халап’ю, нягледзячы на тое, што ў райцэнтры Сцяпан Скробат меў уласны дом, ён не пакінуў. І зараз на сваім падворку трымае чатыры каровы, пяць свіней, ладную чародку рознакаляровых курак, мае ў арэндзе крыху больш за гектар зямлі пад травы ды бульбачку.

– І ў часы маладосці, і сёння, ужо будучы даўно на заслужаным адпачынку, не магу я без работы на зямлі, – прызнаецца Сцяпан Іванавіч. – Нібыта магнітам мяне, вясковага, прыцягвае яна да сябе і робіць, няхай сабе і па-свойму, шчаслівым чалавекам.

За час, што Сцяпан Скробат жыве ў Халап’і, перамены адбыліся значныя. Па-асабліваму яны адчуваюцца на вуліцы Палявой, дзе стаіць дом, у якім, за выключэннем кароткіх візітаў у горад, каб пераведаць сваю палавінку, жыве Сцяпан Іванавіч.

Не без удзелу камунікабельнага, мудрага і даволі адказнага Скробата адрамантавалі дарогу. Потым у дамы яе жыхароў прыйшло цяпло ад самай звычайнай электрычнай разеткі. Дабіўся, дастукаўся Сцяпан Іванавіч, каб узвялі ў Халап’і новую электрычную падстанцыю. Далей – больш. Пасля паходаў у райвыканкам, збору з жыхароў вуліцы іх подпісаў і грошай «прыйшлі» на Палявую газ і вада.

Дзеля праўды трэба сказаць, што ў адным кірунку са Сцяпанам Іванавічам глядзяць яго аднавяскоўцы Вераніка Лісун, Таццяна Скробат, галоўны спецыяліст Падстарынскага сельвыканкама Алег Велясніцкі, стараста вёскі Ніна Сідорак.

– Цукеркі і тыя добра есці разам, а добрыя справы талакою куды прасцей і лягчэй рабіць, – працягвае субяседнік.

Некалькі год таму да рэалізацыі пытанняў па паляпшэнні жыцця на вуліцы Палявой і нават вёскі ў цэлым пачала больш актыўна ўключацца моладзь. Адна з апошніх сумесных ініцыятыў Сцяпана Скробата і маладзёжнага прадстаўніцтва – будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі і добраўпарадкаванне яе тэрыторыі, прычым, з улікам усіх правілаў дарожнай бяспекі.

– Сёлетні год, аб’яўлены ў нашай краіне Годам добраўпарадкавання, не дазваляе нам сядзець і цешыцца толькі тым, што для сельскіх жыхароў робіць дзяржава, – прызнаецца Сцяпан Іванавіч. – Хочацца ўласнымі сіламі і ў тым ліку за свае ўласныя сродкі нешта зрабіць для нашых дзяцей і ўнукаў. А іх у Халап’і амаль што пяцьдзясят набярэцца.

Вось толькі праблема – цяжкавырашальным аказалася пытанне з зямлёй, якую аблюбавалі жыхары Халап’і пад будучую дзіцячую пляцоўку. І невядома, колькі б яшчэ доўжылася эпапея, каб у справу гэтую не ўмяшаўся старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Уладзімір Бялоў.

– На мінулым тыдні пад вечар кіраўнік раёна, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Краўчук завіталі да нас у Халап’ю, каб сустрэцца з яе жыхарамі, выслухаць і дапамагчы ў рэалізацыі ініцыятывы, – працягвае Сцяпан Іванавіч. – Якімі ж былі нашы здзіўленне і радасць, калі даведаліся, што ўжо на наступны дзень пасля візіту раённага кіраўніцтва на зямельным пытанні, якое было невырашальным на працягу пяці год, была пастаўлена кропка.

А гэта значыць, дзіцячай пляцоўцы быць!

Нягледзячы на тое, што Сцяпан Скробат нарадзіўся і вырас у суседнім Бярозаўскім раёне, для Івацэвіцкай зямлі ён не стаў прыёмным сынам.

– Баліць сэрца, калі бачу разбураныя ці пакінутыя нядбайнымі спадчыннікамі гнёзды, не магу спакойна ўспрымаць спажывецкую «палітыку» людзей, – прызнаецца Сцяпан Іванавіч. А потым успамінае свайго бацьку-франтавіка.

– Выхоўваў ён нас, дзяцей, працай. А яшчэ трапнымі, мудрымі павучаннямі: «У школе трэба добра вучыцца, каб чалавекам быць», «Дабро дабром пажынаецца», «Жыццё – гэта радасць», – казаў некалі тата. А яшчэ бацька не пераставаў паўтараць: «Маё пакаленне ваявала, каб быў мір на зямлі, а як будзеце жыць далей, добра ці не вельмі, залежыць ад вас, дзеці, а таксама людзей, што жывуць побач».

Але ж вернемся на вуліцу Палявую, жыхары якой рэалізуюць яшчэ адну цікавую справу: агульнымі намаганнямі каля пакінутых сядзіб яны здымаюць паваленыя платы, выкошваюць траву, выдаляюць кустарнікі. І работы гэтыя робяць без лішніх слоў, нейкага прымусу.

– Вуліца Палявая – гэта ўсяго невялікі кавалачак нашай роднай Беларусі, – шчыра, без пафасу кажа Сцяпан Іванавіч. – Якая была, ёсць і павінна быць самай чыстай, самай прыгожай і квітнеючай.
Некалькі тыдняў таму ў госці да Сцяпана Іванавіча і Валянціны Іванаўны Скробатаў прыязджала з Масквы іх дачка з зяцем.

– Яны былі ў Халап’і, хадзілі вуліцамі нашых Івацэвіч, выязджалі на рэчку, у лес і не пераставалі здзіўляцца чысціні і парадку на івацэвіцкай зямлі, нашым добраўпарадкаваным вуліцам, роўненькім, «апранутым» пераважна ў асфальтабетоннае пакрыццё дарогам, – працягвае Сцяпан Іванавіч. – Я ж слухаў іх і ўспамінаў часы, здаецца, усё было нядаўна, калі па некаторых вуліцах без гумовых ботаў хадзіць нельга было.

Гэта значыць, жыццё працягваецца. І кіруецца яно, дзякуючы такім, як Сцяпан Скробат, да лепшага.

Галіна МІКАЛАЕВА, фота аўтара.