Пляж побач з Палацам Пуслоўскіх

У гэтым годзе да спісу месцаў, дазволеных для купання ў нашым раёне, далучаецца і вадаём «Косава», ці новы пляж, што непадалёк ад Палаца Пуслоўскіх. Канчатковае абсталяванне пляжа яшчэ ў працэсе, аднак папулярнасць ён атрымаў ужо на ўсю краіну: і ў рэспубліканскіх СМІ прагучаў, і сярод рэкамендацый блогераў займеў трывалае месца. Лета пачалося, наведаліся на новае месца адпачынку і мы.
Ідэя зрабіць на Косаўшчыне пляжную зону ўзнікла даўно. Басейн, які месціцца ў самім горадзе Косава, – гэта гідратэхнічнае збудаванне. Таму выбралі вадаём побач са славутасцю – Палацам Пуслоўскіх, які з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць сярод турыстаў. Толькі ў мінулым годзе палаца-паркавы комплекс наведалі больш за 100 тыс. чалавек.
Работы па добраўпарадкаванні месца адпачынку падыходзяць да завяршэння. Пляжны сезон пачаўся 1 мая, аднак надвор’е не песціла, таму адкрыццё пляжа зараз будзе акурат у тэму.
– Мінулай восенню вадалазы абследавалі акваторыю вадаёма, глыбіня 2,5 м, узбярэжжа расчысцілі ад лішняй расліннасці, – расказвае Андрэй Рэгес, намеснік старшыні райвыканкама. – Пляж ужо практычна адсыпаны: спатрэбілася больш за 600 куб. м пяску. Плануецца і газон зрабіць для тых, хто захоча загараць на траве.
На пляжы занялі сваё месца малыя архітэктурныя формы: раздзявальні, ценявыя навесы, шэзлонгі з дрэва, а таксама смеццевыя кантэйнеры, зона барбекю. Працягласць пляжа складае каля 100 м. Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне аб адкрыцці там паста выратавальнікаў – ТВВАД. На сённяшні дзень пост ужо ёсць, матросы тут – мясцовыя жыхары, якія, безумоўна, рады, што ў іх мясцовасці з’явілася яшчэ адно сучаснае і ўтульнае месца для адпачынку.
У бліжэйшы час тут падрыхтуюць парковачныя месцы, разраўнуюць пясок на валейбольнай пляцоўцы, будзе месца для адпачынку і маленькім наведвальнікам пляжа, з’явіцца агароджа для бяспекі адпачываючых.
Да размовы далучыўся старшыня Косаўскага гарвыканкама Станіслаў Маціеўскі, які разам з жыхарамі прымаў актыўны ўдзел у навядзенні парадку на пляжы каля Палаца. «Гэта зона адпачынку будзе запатрабавана як у жыхароў Косава, так і бліжэйшых населеных пунктаў, а яшчэ ў турыстаў», – упэўнены ён.
Як мы ўжо расказвалі, у бліжэйшыя два гады плануецца добраўпарадкаванне і ў самім Косаве, адным з самых маленькіх гарадоў Беларусі. Гэты населены пункт, які славіцца сваёй багатай гісторыяй, людзьмі і архітэктурнымі збудаваннямі, будзе мець дагледжаны стан, каб вабіць вока і сваім гараджанам, і гасцям. Спадзяёмся, што праз гэты перыяд і пляж, і горад будуць таксама цэнтрамі прыцягнення для турыстаў і гэта дасць Косаўшчыне новы віток развіцця.
Юлія Кавалёва. Фота Валерыя Міскевіча.






