Сваім шляхам да поспехаў і прызнання

Гучным званком, які паклікаў не толькі дзетвару, але і педагогаў на кароткі перапынак, сустрэла школа карэспандэнта «ІВ». У адно імгненне прасторны школьны калідор на першым паверсе напоўніўся гоманам і смехам… Цікавы і даволі прыемны момант: праходзячы міма, хлопчыкі і дзяўчынкі, нягледзячы на тое, што перад імі быў чалавек незнаёмы, віталіся і хораша, нават па-свойску, усміхаліся.
Да кабінета беларускай мовы і літаратуры, а ён таксама на першым паверсе, правёў, вядома ж, з дазволу строгага і нешматслоўнага ахоўніка, хлапчук невялікага расточку.
– Вы да Зінаіды Іванаўны? – пацікавіўся праваднік. – Яна яшчэ ў класе, не пайшла ў настаўніцкую.
З Зінаідай Велікаселец, а ў яе пасля перапынку якраз было дзве «фортачкі», мы гаманілі доўга, шчыра, так, нібыта ведалі адна адну ўсё жыццё. Гаварылі пра школу і вучняў, пра сям’ю і выхаванне дзяцей, а таксама аб прафесіі настаўніка, якая з першай сустрэчы і па сённяшні дзень для мудрай, разважлівай і прыгожай жанчыны не проста шчаслівы выпадак, а лёс, прызнанне і самая што ні на ёсць сапраўдная любоў.
«Чакаю, як ластаўка чакае вясну»
Менавіта так прызнавалася матуля Зінаіды Іванаўны ў лісце, які пісала сваёй дачушцы ў горад над Бугам, калі тая вучылася на настаўніка.
– Мама мая была самай звычайнай вясковай жанчынай. Мела адукацыю ўсяго чатыры класы савецкай школы, замуж пайшла рана, нарадзіла трох дочак і сына. А працавала ўсё жыццё ў калгасе паляводам, – успамінае Зінаіда Велікаселец.
Вось толькі за малаграматнасцю і сціплым абліччам хавалася душа, чуллівая, чыстая, тонкая.
– Гаварыла мама, нібыта песню спявала. Яе маналогі, расповеды, лісты былі асаблівымі, заўсёды «перасыпанымі» метафарай, сакавітымі эпітэтамі, – працягвае суразмоўца. – Прайшлі гады, а маміны словы помняцца і з болем адгукаюцца ў сэрцы: «Дзетачкі мае, як жа хочацца мне вас усіх хутчэй убачыць. Як халоднай вадзіцы ў спёку напіцца…»
Некалькі слоў і пра бацьку. Ён таксама быў, як кажуць, пацалаваны Богам. Асіліўшы толькі чатыры класы, не з-за гультайства, а з-за таго, што трэба было касіць і сеяць, араць і жывёлу даглядаць, ён вельмі любіў чытаць кнігі, меў выдатныя матэматычныя здольнасці, якія таксама перадаў у спадчыну другой па ліку са сваіх дзяўчынак-гарэз – Любові.
– І тата, а найбольш мама, некалі не пераставалі нам паўтараць: «Трэба, дзеці, вучыцца. І не толькі дзеля таго, каб некага здзівіць ці лягчэй жыць. Найперш, каб сябе знайсці», – успамінае Зінаіда Іванаўна. – На вучобу нашу апошнія грошы аддавалі, старэйшыя сёстры мае таксама настаўнікі, адна – беларускай мовы і літаратуры, другая – матэматыкі.
«Мая школа»
У сярэдняй школе № 4 г. Івацэвічы імя М. М. Мультана Зінаіда Велікаселец працуе больш за трыццаць год.
– Кажу не дзеля чырвонага слоўца – гэта мая школа. Тут мне добра, камфортна і, што немалаважна, цікава. Люблю дзяцей. Шумных, няўрымслівых, дапытлівых, у якіх ёсць душа і памкненне не проста добра вучыцца, але і ведаць больш за тое, што надрукавана ў школьным падручніку, – шчыра і вельмі эмацыянальна прызнаецца Зінаіда Іванаўна.
А потым дадае:
– Дзеці – гэта асаблівы свет, і нам, дарослым, ёсць чаму ў іх павучыцца.
Далей настаўніца ўспамінае імёны многіх рабят з яе пяці выпускаў у гэтай школе і іх дасягненні, расказвае пра тых, хто выбраў і верай, праўдай служыць прафесіі настаўніка, хто з’яўляецца гонарам і прадаўжальнікам яе спраў. Сур’ёзны і ўдумлівы твар жанчыны становіцца іншым, можа, нават па-дзіцячы светлым, выразным, калі яна пачынае гаварыць пра сваіх вучняў, якія даўным-даўно скончылі школу, дасягнулі пэўных вышынь у жыцці і не забылі сваю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры.
– Тэлефонны званок, прывітанне на вуліцах горада і, здавалася б, такія простыя, нават банальныя словы: «Як пажываеце, Зінаіда Іванаўна?» – для душы што бальзам, найвышэйшая ацэнка якасці за шматгадовую працу.
Светлыя імёны сваіх настаўнікаў Зінаіда Іванаўна і сама беражэ ў сэрцы.
– Не забываюцца ўрокі, у тым ліку і жыццёвыя Лідзіі Міхайлаўны Лемяшэўскай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, Зоі Мікалаеўны Якімовіч, настаўніцы рускай мовы, з якімі ў мяне і зараз самыя прыязныя, дружалюбныя адносіны, – працягвае суразмоўца. – Пракладваць дарогу да ведаў дапамагалі Анастасія Якаўлеўна Рэдзька, настаўніца матэматыкі, Галіна Васільеўна Вашчыла, настаўніца гісторыі, і, вядома, першая мая настаўніца Марыя Уладзіміраўна Карнач. На жаль, апошніх ужо няма на гэтым свеце, але я ўсіх помню і шчыра ўдзячна за прыклад у прафесіі і жыцці.
Падчас размовы пра школу, настаўнікаў, вучняў доўга гаворым з Зінаідай Іванаўнай і пра іх бацькоў. Найбольш пра канфлікт пакаленняў і тое, як быць, калі бацькі і дзеці не разумеюць адзін аднаго.
– Псіхолагі сцвярджаюць, а калі шчыра, дык я таксама прытрымліваюся такога меркавання, што адна з галоўных прычын існавання праблемы хаваецца не ў разрыве поглядаў на жыццё, а ў адчужэнні бацькоў і дзяцей. Таму заўсёды на бацькоўскіх сходах, калі здараюцца выпадковыя сустрэчы з татам ці з мамай вучня, не перастаю паўтараць: «Не адштурхоўвайце сваіх дзяцей занятасцю, строгасцю, неразуменнем. Як мага больш размаўляйце з імі. Вядома ж, выхоўваць і, гэта праўда, гэта ісціна, добра ўласнымі прыкладамі, але ж і размовы, шчырыя, пранікнёныя, лішнімі ніколі не будуць».
«У атмасферы поспеху»
Зінаіда Іванаўна шчыра прызналася, што за гады свайго настаўніцтва ніколі ні на хвілінку не пашкадавала аб сваім выбары.
– Нават думак не было пакінуць школу і заняцца нечым іншым, – кажа жанчына. – Беларуская мова і літаратура – гэта такія шматгранныя прадметы, такая невычэрпная крыніца гісторыі, культуры, самабытнасці нашага народа. А яшчэ гэта ўнікальная магчымасць разам з дзецьмі праз творчасць дакрануцца да мінулага сваёй Бацькаўшчыны, яе сучаснасці.
Далей Зінаіда Іванаўна агучвае некалькі лічбаў, якія здзіўляюць і ўражваюць.
– Штогод разам з рабятамі мы ўдзельнічаем у творчых конкурсах раённага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў. І як вынік, у пазамінулым годзе – трыццаць тры граматы і дыпломы пераможцаў, у мінулым – сорак пяць, – працягвае Зінаіда Іванаўна. – У сваіх творчых работах, а гэта сачыненні, замалёўкі, эсэ, нарысы, мы пішам пра сваю малую радзіму і людзей, якія тут жывуць, расказваем і пра населеныя пункты нашага раёна, у тым ліку, якія перажылі страшэнныя жахі вайны, якія напаткаў лёс Хатыні. З цікавасцю працуем над работамі літаратурнай накіраванасці і разглядаем пытанні, якія можна смела назваць пытаннямі «павышанай складанасці».
У ліку тых, каго захапляе беларуская мова і літаратура, каму цікава выходзіць разам са сваім настаўнікам за межы школьнага падручніка – адзінаццацікласніца Анастасія Мурашка.
– Вынік нашай сумеснай работы, а працаваць з Насцяй мы пачыналі яшчэ тады, калі яна была ў пятым класе, – дзясяткі грамат і дыпломаў за перамогу ў самых розных творчых спаборніцтвах. Гэта ўдзел ужо другі год запар у шыкоўным, яркім і вельмі эмацыянальным раённым балі адоранай моладзі, што праходзіць у знакамітым Косаўскім палацы.
Індывідуальны падыход у рабоце, жаданне зрабіць усё, каб вучні адчулі атмасферу поспеху, якую на працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці атрымліваецца ствараць у Зінаіды Велікаселец, даюць магчымасць яе вучням мець дасягненні на раённых, абласных прадметных алімпіядах.
– Дзяцей трэба бачыць шырэй, – заўважае Зінаіда Іванаўна. – Глядзець і ў кожным бачыць асобу, актыўнага ўдзельніка жыцця са сваімі ўласнымі думкамі, пачуццямі, ну і, вядома ж, патэнцыялам.
«З мужам мы вялікія аматары беларускай мовы і літаратуры»
Не толькі ў школе, але і ў доме Зінаіды Іванаўны і Аляксандра Фёдаравіча Велікасельцаў беларуская мова зусім не госця.
– З мужам мы вялікія аматары роднага слова і сваёй нацыянальнай літаратуры, – прызнаецца суразмоўца. – Чытаем кнігі на беларускай мове і беларускіх аўтараў, абмяркоўваем іх, нават бываюць такія моманты, калі спрачаемся, абмяркоўваючы прачытанае. Праўда, чытацкі густ у нас некалькі розны. Я з вялікім задавальненнем чытаю і не з меншым перачытваю Шамякіна і Мележа, Караткевіча і Навуменку, творы свайго любімага Васіля Быкава. Мужа больш цікавяць кнігі, публікацыі, навуковыя артыкулы гістарычнай, геаграфічнай тэматыкі.
Пасля кароткай паўзы Зінаіда Іванаўна заўважае.
– Мой Аляксандр Фёдаравіч – чалавек шырокага кругагляду. З ім добра пагаварыць, яго цікава паслухаць. Прычым, не толькі мне.
Дарэчы, дзве дочкі Велікасельцаў з беларускай мовай таксама на «ты». Падчас паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы цэнтралізаванае тэсціраванне здавалі па беларускай мове і набралі крыху больш за восемдзесят і дзевяноста балаў.
– У магазіне, грамадскім транспарце размаўляеце па-беларуску? – цікаўлюся ў суразмоўцы.
– Па-ўсякаму. Размаўляю і на беларускай мове, і на рускай, і нават на трасянцы. Але ж гэта абсалютна нічога не значыць. Беларуская мова была, ёсць і застанецца нашай мовай.
Прыемныя клопаты
Як і ў большасці настаўнікаў, свабоднага ад работы часу ў Зінаіды Велікаселец вельмі і вельмі мала. Шмат гадзін праводзіць жанчына за праверкай вучнёўскіх сшыткаў, не менш адымае працэс падрыхтоўкі да ўрокаў.
– Аднак ніколі не скарджуся на тое, што ў мяне не хапае на нешта часу. Яго хапае на ўсё: паглядзець цікавую кінастужку па тэлевізары, пачытаць кнігу, пабыць «узорнай гаспадыняй»… Хапае часу і жадання, каб разам з мужам сесці на ровар і ад’ехацца ад горада за дзясяткі кіламетраў, пабыць на ўлонні прыроды, палюбавацца яе хараством, падумаць, а іншы раз і проста памаўчаць.
Ужо не першае лета Зінаіда Іванаўна праводзіць з любімай унучкай.
– Гэта вельмі каштоўны час, калі можна так сказаць, салодкія клопаты, – прызнаецца жанчына. – Вялікае шчасце любіць сваіх дзяцей.
«Мы па вас сумавалі!.. »
Бясконцую чараду нашых расповедаў, успамінаў, разважанняў і прызнанняў на дзіва хутка спыняе чарговы школьны званок. Зінаіда Іванаўна праводзіць да выхаду са школы, і тут абсалютна нечакана з’яўляецца мой праважаты і пытаецца:
– Зінаіда Іванаўна, можаце сказаць, якую адзнаку паставілі за сачыненне?
– Скажу, Максім, на ўроку. Усяму свой час!
Развярнуўшыся на адной назе, хлапчук кіруецца ў бок класа. А потым прыпыняе хаду, паварочваецца і кажа:
– Вы былі на курсах, а мы па Вас сумавалі…
Пагадзіцеся, лепшай адзнакі за працу нават і быць не можа.
Галіна МІКАЛАЕВА. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
P.S. На ўрачыстасці з нагоды Дня настаўніка Зінаіда Велікаселец узнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Акрамя, дзе справа, там і слава, больш нічога не скажаш.

